Пасля пачатку вайны два вядучыя прапагандысты АНТ сышлі з канала і ўцяклі за мяжу

Як стала вядома «Н*шай Ніве», дзяржаўны канал АНТ з пачатку года страціў двух вядучых супрацоўнікаў, якія ўцяклі за мяжу. Гэта былы кіраўнік інфармацыйнага вяшчання і еўрапейскага бюро АНТ Руслан Паддубскі, а таксама супрацоўніца пула Лукашэнкі Наталля Стэльмах.

c500_3pfvd.jpg

Руслан Паддубскі некалі ўзначальваў усё інфармацыйнае вяшчанне АНТ, пасля чаго стаў шэфам еўрапейскага офіса канала.

Апошні час ён і не жыў у Беларусі, а працаваў з адной з еўрапейскіх краін, дзе вучацца яго дзеці.

Апошні сюжэт з ягоным удзелам на АНТ — 25 лютага. Ён расказваў пра рэакцыю еўрапейскіх палітыкаў на вайну, а таксама цытаваў маргінальных заходніх дзеячаў, якія праводзілі лінію «нам трэба зразумець і прыняць патрабаванні Расіі».

Пасля гэтага ніводнага сюжэта за ягоным прозвішчам на канале не выйшла. Як нам вядома, Паддубскі звольніўся з канала, не стаў вяртацца ў Беларусь і застаўся жыць у адной з краін ЕС.

3333_aynz6.jpg

Наталля Стэльмах — адна з зорак лукашэнкаўскага пулу. На канале яна працавала больш за 10 гадоў, ёй было прыемна здымаць прапагандысцкія ролікі і круціцца ў колах лукашэнкаўскай наменклатуры.

Яна спрабавала рамантызаваць гэтых людзей у сваёй праграме «Двое із Дворца», казала Лукашэнку, што «грамадства чакае, калі вы ўжо прызнаеце Крым?».

Яна рыхтавала рэпартажы з выбараў-2020 і нядаўняга рэферэндуму. Але пасля 9 сакавіка на АНТ не выходзіла яе сюжэтаў.

Разам са сваім партнёрам яна пакінула Беларусь і перабралася ў Мексіку.

У сваім інстаграме Стэльмах апісвае жыццё ў Лацінскай Амерыцы. У Беларусь яна вяртацца не збіраецца, а прычынай сыходу таксама лічыць далейшую немагчымасць апраўдання дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму і Расіі.