У Эстоніі паліцыя затрымала расійскіх прапагандыстаў. Пазней іх выслалі ў РФ
Расійскае выданне «Известия» паведаміла, што іх супрацоўнікаў знялі з цягніка Нарва — Талін і затрымалі ў Эстоніі. Як паведамляе Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы (PPA), затрыманыя парушылі візавы рэжым.
«Нашы карэспандэнт Ксенія Салдатава і аператар Дзмітрый Цімафееў ехалі ў цягніку з Нарвы ў Талін. У вагоне да іх падышлі паліцыянты, знялі іх з цягніка і даставілі ў аддзяленне паліцыі», — паведамляе выданне.
«Цяпер журналісты чакаюць прадстаўніка міграцыйнай службы. У чым
менавіта іх абвінавачваюць, невядома», — гаварылася ў паведамленні.
«Известия» сцвярджалі, што затрыманыя супрацоўнікі
наведвалі краіну як турысты, але не змаглі праігнараваць апошнія падзеі, якія
адбываліся ў Эстоніі. Яны збіраліся падрыхтаваць матэрыялы аб абмежаванні
выдачы віз грамадзянам Расіі і пазбаўленні танка Т-34 статусу помніка.
Пазней выданне паведаміла, што ў журналістаў адабралі
мабільныя тэлефоны, таму звязацца з імі немагчыма. У суботу, 13 жніўня, «Известия» паведамілі, што іх супрацоўнікі вярнуліся ў Расію.
Па словах кіраўніка памежбюро Ідаскай прэфектуры Урмаса
Элмі, двое грамадзян Расіі, 30-гадовая жанчына і 40-гадовы мужчына, заехалі ў
Эстонію праз нарваўскі пагранпункт у пятніцу каля поўдня. Яны прад'явілі на мяжы
шэнгенскія візы, выдадзеныя Італіяй і Фінляндыяй, і заявілі, што знаходзяцца ў
турыстычнай паездцы.
«Пасля гэтага мужчына і жанчына адправіліся да
нарваўскага танка і пачалі весці там прапагандысцкую працу. Калі яны затым селі ў
цягнік Нарва — Талін і паехалі ў бок Таліна, у Йыхві ў цягнік зайшоў паліцэйскі
патруль і адвёз мужчыну і жанчыну ў аддзяленне паліцыі для праверкі», — сказаў Элмі.
Кіраўнік памежбюро падкрэсліў, што нельга працаваць падчас
паездак з турыстычнымі мэтамі, гэта парушэнне візавага рэжыму, таму «іх візы будуць ануляваныя, ім выдадзена забарона на ўезд у Эстонію, і яны былі высланы ў Расію».
Паводле rus.postimees.ee.