Эстонія не плануе накіроўваць пасла ў Мінск, бо не прызнае вынікі выбараў 2020 года
Эстонія заявіла, што не мае намеру дасылаць свайго пасла ў Мінск.

Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу. Ён патлумачыў, што Эстонія, гэтак жа як і многія іншыя краіны, — не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі.
«Накіраванне пасла азначала б уручэнне даверчых грамат Лукашэнку, які не прызнаецца Эстонскай Рэспублікай легітымным прэзідэнтам, таму ўзровень нашых дыпламатычных зносін застаецца на ўзроўні павераных у справах», — сказаў Урмас Рэйнсалу.
Эстонія пакуль працягвае выдаваць беларусам візы. Так, прадстаўнік МЗС Эстоніі Міхкель Там адзначыў, што «хоць выдача віз істотна абмежаваная, праца з імі ўсё роўна ідзе, і праца амбасады ў Мінску па-ранейшаму важная».

Варта адзначыць, як пісаў НЧ, грамадзянам Расіі Эстонія прыпыніла выдачу турыстычных візаў яшчэ ў сакавіку. Пры гэтым яе могуць яшчэ паспрабаваць атрымаць тыя грамадзяне РФ, у каго ў Эстоніі ёсць сваякі, а таксама тыя, хто просіць візу па «гуманітарных меркаваннях» або ў медыцынскіх мэтах.
Урмас Рэйнсалу таксама выступае за тое, каб наогул забараніць усім расіянам уезд у Еўрасаюз. Міністр замежных спраў Эстоніі таксама заклікаў іншыя краіны рэгіёну спыніць выдачу турыстычных візаў расійцам, «гэта значыць спыніць шастанне праз мяжу».
