Жнівень 2020. Позірк назад: не ўсё яшчэ згублена

Два гады таму, 9 жніўня 2020 года, у Беларусі адбылася падзея, якая цалкам змяніла палітычную сітуацыю ў краіне. Апошнія на сённяшні дзень прэзідэнцкія выбары запусцілі працэсы, якія, цяпер гэта ўжо абсалютна зразумела, прывялі да карэнных зменаў у самой структуры беларускага сацыяльна-палітычнага ладу, што склаўся цягам апошніх гадоў і шмат для каго здаваўся непарушным.

Марш Свабоды. Мінск 16 жніўня 2020 года.

Марш Свабоды. Мінск 16 жніўня 2020 года.

Апошнім часам выявіўся цікавы трэнд: модным стала спрачацца наконт таго, як мусілі развівацца падзеі двухгадовай даўніны. Адныя кажуць, што ўсё было зроблена правільна і стаўка на мірны пратэст таксама была правільнай і адзінай вернай. Іншыя пераконваюць, што пратэст павінен быў быць больш радыкальным і мусіў перарасці ў адкрыты бунт кшталту Майдану 2013-2014 гадоў у Кіеве.

Як і заўжды, праўда знаходзіцца недзе пасярод. Казаць, што шлях мірнага пратэсту быў адзіны пераможны, і пратэстоўцам, каб даціснуць сістэму, проста не хапіла часу, значыць знаходзіцца крыху ў іншай рэальнасці. Аўтакратыі такога кшталту, як беларуская, не здаюцца проста так. Іх немагчыма ўгаварыць сысці самастойна. Ніякія шматтысячныя мітынгі на іх ніяк не ўплываюць. Народ для іх быдла і мяркаванне народу ім не цікава. Таму вынікі на сёння выглядаюць даволі сумнымі. Лідары пратэсту ці то сядзяць у турме, ці то ў эміграцыі. Тысячы людзей трапілі пад каток рэпрэсій і таксама аказаліся ў турме. Колькасць беларусаў, вымушаных з’ехаць з краіны па прычыне палітычнага пераследу дагэтуль не падлічана дакладна. Называюцца лічбы нават у некалькі сотняў тысячаў чалавек. Так што з аднаго боку ўсё відавочна, ідэя беларускай Сацьяграхі не спрацавала.

Але тут узнікае іншае пытанне: ці магчымы ўвогуле быў іншы варыянт у грамадска-палітычнай сітуацыі Рэспублікі Беларусь праз 27 гадоў дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі? Той жа Кіеўскі Майдан не ўзнік з ніадкуль. Ва Украіне шмат гадоў існавала сапраўднае палітычнае жыццё. Апазіцыйныя партыі спакойна засядалі ў Вярхоўнай Радзе. Частка дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку даволі высокага рангу, адкрыта падтрымлівалі пратэст. Даходзіла да таго, што вышэйшыя ўкраінскія пасадоўцы вымушаны былі публічна выбачацца за жорсткія дзеянні «Беркуту» і тады яшчэ міліцыі перад украінскім народам. У Беларусі, згадзіцеся, такое немагчыма нават уявіць.

Кіеў. Майдан Незалежнасці 1 снежня 2013 года, праз два дні пасля зверскага разгону "Еўрамайдана".

Кіеў. Майдан Незалежнасці 1 снежня 2013 года, праз два дні пасля зверскага разгону "Еўрамайдана".

І да таго ж нічога аналагічнага сілавому блоку ўкраінскай рэвалюцыі, які гучна заявіў аб сабе падзеямі на вуліцы Грушэўскага каля кіеўскага стадыёну «Дынама», у Беларусі на момант жніўня-верасня 2020 году фактычна ўжо не было. Людзей, падобных Андрэю Парубію ці Дмітру Ярашу, у нашай краіне не аказалася. Ніякай сцэны Майдану, «Самаабароны» ды іншых прыкмет арганізацыі ў беларускіх рэаліях і не магло ўзнікнуць. Проста адкуль ім было ўзяцца? Уся актыўная грамадскасць была даўно ўжо зачышчана, найбольш вядомыя лідары апынуліся за кратамі. Ну а пары сотняў футбольных фанатаў і некалькі дзясяткаў анархістаў наўрад ці магло хапіць, каб нешта рэальна супрацьпаставіць тысячам узброенных сілавікоў Лукашэнкі.

Кіеў. Майдан Незалежнасці 2. Крыніца: day.kyiv.ua

Кіеў. Майдан Незалежнасці 2. Крыніца: day.kyiv.ua

Дый, калі казаць сумленна, Віктар Януковіч па сваім характары і блізка не Аляксандр Лукашэнка. Улада для яго ніколі не была нейкай звышмэтай, за якую ён быў гатовы ахвяраваць жыццямі. Вор «Янык», як называлі яго ўкраінцы, прыйшоў да ўлады з адзінай мэтай – максімальна парабаваць краіну. Чалавек з менталітэтам мелкага крымінальніка, ён не быў гатовы да сапраўднай рызыкі. Я магу памыляцца, але за трагічнымі падзеямі лютага 2014 года і расстрэлам «Нябёснай сотні» мне бачыцца ўсё тая ж праславутая «рука Крамля». Вельмі ж знаёмы чэкісцкі почырк: знічшыць, забіць, расстраляць. Але не спрацавала. І Януковіч, які сутыкнуўся з нязломнасцю народнага супраціву і хутка зразумеў, што гэтую хвалю ўжо не спыніць, спакойна сеў сабе ў самалёт і адправіўся ў Растоў з усімі сваімі скрадзенымі ў звычайных украінцаў мільярдамі.

Для Аляксандра ж Лукашэнкі ўлада заўжды была абсалютам. Магчыма, нават больш значным за асабістае жыццё. А пра жыцці астатніх тут нават гаварыць не прыходзіцца. Памятаю, шмат хто смяяўся з таго, як Лукашэнка бегаў па Мінску з аўтаматам без ражка. Але на самой справе, смешнага ў гэтым нічога не было. Гэта быў адкрыты мэсэдж для сваіх: я гатовы страляць сам і заклікаю вас не баяцца і рабіць тое ж самае. Пасланне было ўспрынята правільна, і сілавыя структуры, за выключэннем адзінак, аказаліся цалкам вернымі сістэме. Ну і не трэба яшчэ забывацца аб тысячах узброеных расійскіх вайскоўцаў, што месціліся ўздоўж усходняй мяжы. Думаю, менавіта гэтая акрэсленая падтрымка з боку Расіі і стала галоўным чыннікам, які падштурхнуў хістаючуюся было наменклатуру падтрымаць дыктатара. Справа яшчэ і ў тым, што за гады свайго праўлення Лукашэнка здолеў стварыць асобную касту дзяржслужачых (у пагонах і без), якія выявіліся абсалютна адарванымі ад праблем большай часткі насельніцтва, якое яны быццам бы павінны былі прадстаўляць і ахоўваць. Узгадайце хаця б з якімі здзіўленымі тварамі прадстаўнікі мясцовых «вертыкаляў» слухалі ўсіх тых людзей, што прыйшлі да сваіх гарвыканкамаў у розных кутках Беларусі. Яны ўвогуле не разумелі, чаго ўсе гэтыя незразумелыя людзі ад іх хочуць.

Аляксандр Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку 16 жніўня 2020 года.

Аляксандр Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку 16 жніўня 2020 года.

У выніку сістэма змагла ўтрымацца і карціна праз два гады выглядае даволі змрочнай. Рэжым з аўтарытарнага імкліва крочыць да відавочнага таталітарызму. У краіне пануе непрыхаваны тэрор. Любыя формы нязгоды імгненна выклікаюць рэпрэсіі з боку карных органаў. Да таго ж дыктатар уцягнуў Беларусь у ганебную вайну супраць Украіны, аддаўшы краіну наўпрост пад акупацыю расійскім войскам і зрабіўшы з нашай радзімы суагрэсара ў дачыненні да суседняга народа.

Але не ўсё яшчэ згублена і зарана пасыпаць галаву попелам. Менавіта празмерныя апетыты двух дыктатараў могуць стаць для іх пачаткам канца. Не для каго не сакрэт, што лукашэнкаўская сістэма трымаецца толькі на штыках, страху і расійскіх грошах. І калі чэкісцкі рэжым Пуціна рухне, наступным абавязкова будзе яго малодшы хаўруснік. Таму не варта губляць надзеі. Хаду гісторыі спыніць немагчыма. Гераічны рух беларускага народа за свае права «людзьмі звацца» не спыніць ніякімі рэпрэсіямі. Спробаў было шмат, але беларусы да гэтага часу неяк існуюць. Імперыя абавязкова будзе знішчана, а Беларусь стане вольнай краінай.

Што ж да падзей 2020 года, то яны не могуць не выклікаць супярэчнасцей, з гістарычнымі падзеямі заўжды так. Год нашага гонару, калі нацыя абудзілася пасля доўгай спячкі і адначасова год расчаравання і смутку, ён усё роўна ў будучыні абавязкова ўвойдзе ў падручнікі па гісторыі свабоднай Рэспублікі Беларусь. Іншага проста не можа быць.