Два гады пасля выбараў. Пяць прыкмет, што анічога не скончылася
Сёння спаўняецца два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Больш-менш усім адэкватным беларусам зразумела, што перамагла тады Святлана Ціханоўская, але Лукашэнка чарговы раз сфальсіфікаваў вынікі і звыкла намаляваў сабе касмічныя 80 працэнтаў.
Потым былі пратэсты і здушэнне пратэстаў. Бесчалавечныя рэпрэсіі, расправа над грамадзянскай супольнасцю, магутныя хвалі палітычнай эміграцыі.
Цяпер знешне ўсё спакойна. Самыя актыўныя апаненты ў турмах ці за мяжой, Лукашэнка ездзіць па калгасах і кантралюе палёгліцу, людзі адпачываюць на Нарачы і рыхтуюць дзяцей у школу. Свеціць сонца, шамаціць лісце. Усё скончылася і гэтую кружэлку пара перавярнуць?
Насамрэч — не. «НЧ» прапануе прынамсі пяць прыкмет з сённяшняга грамадска-палітычнага жыцця Беларусі, якія паказваюць: кола гісторыі працягвае круціцца, незадаволенасць беларусаў не знікла, а рэжым гэтым вельмі пераймаецца.
Будзем рады, калі наступныя колькі абзацаў вас крыху падбадзёраць у гэтыя бесчалавечныя часы.
У Мінску на Зыбіцкая прагучала ўкраінскае «Обійми»
Адна з самых гучных навін апошніх дзён — песня спявачкі Мэрыем Герасіменка на тусовачнай мінскай вуліцы Зыбіцкай. Лічыцца, што там звычайна боўтаюцца апалітычныя тынэйджары, якім абы выпіць махіта ды абмеркаваць апошні кліп рэпера Drake. Магчыма, яно і так, але нават тут часам прарываецца «палітыка».
Мэрыем праспявала песню гурта «Акіян Эльзы» «Обійми» — раней знакамітую і бяскрыўдную, а цяпер забароненую няведама якім законам. Народ натхніўся, падхапіў. «Давай за Украіну!» — выгукнула артыстка, і аніводзін з прысутных не палічыў гэта тым украінскім «нацызмам», які старанна ўлівае ў беларускія вушы лукашэнкаўская прапаганда.
Канешне, у наступныя дні «губазікі» зладзілі свае карныя рэйды па патрэбных адрасах і ўсіх пасадзілі. Але ж кейс красамоўны: нешта антырэжымнае ў сённяшняй зачышчанай-запалоханай Беларусі можна вытыркнуць у самы нечаканы час і ў самым дзіўным месце.
Прынамсі, аб прыхаваных настроях грамадства такі выпадак сведчыць.
У прапаганды няма іншай тэмы, акрамя «беглых»
Як пахарашэў пры Ціханоўскай Рыгор Азаронак! Сапраўды, 24 месяцы мінула пасля галасавання 9 жніўня, а самы беснаваты з прапагандыстаў працягвае выходзіць у эфір з адной тэмай — як бы паболей выліць лайна на прыхільнікаў перамен.
У Рыгора, калі заўважылі, усё часцей журналістыка атрымліваецца без дзеясловаў. Адны назоўнікі, прычым амаль скрозь з самых цёмных старонак арфаграфічнага слоўніка. І скрозь праз клічнікі — іуды! здраднікі! яхідны! І далей па няхітрай метадычцы з арсенала прапагандыста-самавука.
Ужо месцамі з іх агітпрапаўскага лагеру даносіцца: цішай, колькі можна? Але не толькі можна, а і патрэбна. Наверсе добра ведаюць, што адбываецца, таму генеральная лінія нязменная: пляжыць «беглых» і «апазіцыянераў». Няма над імі перамогі, пільнасць варта захоўваць. А калі хтосьці думае інакш, то ці не спачувае ён ворагам? Ці не чытае пад коўдрай дэструктыўныя тэлеграм-каналы?
Карацей. Пакуль Азаронак і да яго падобныя пырскаюць слінай у прайм-тайм, пакуль тэлефануюць у Офіс Ціханоўскай і накідваюцца зграяй на незадаволеных у прамым і пераносным сэнсе… Датуль усё працягваецца і старонка не перагорнутая. Слушнай прыкмета, сачыце за праграмай тэлеперадач.
У адказ на дэмакратычныя ініцыятывы рэжым ладзіць свае мерапрыемствы
Памятаеце, як у 2020-м лукашэнкаўцы спрабавалі дубляваць крэатыў прыхільнікаў перамен. Услед за імі спрабавалі арганізаваць свае нейкія мітынгі, збіраючы туды бюджэтнікаў дабраахвотна-прымусовым метадам. Ладзілі чырвона-зялёныя аўтапрабегі насуперак бел-чырвона-белым сцягам з вокнаў машын. Шчыравалі ў сеціве, з чаго нарадзіўся тэрмін-мем «ябацька».
Дык вось праз два гады паўтараецца тое ж самае. У той час, калі дэмакратычныя сілы праводзяць канферэнцыю ў Вільні, адэпты рэжыму маюць намер зрабіць цэлы «Форум патрыятычных сіл» пад патранажам аб’яднання «Белая Русь».
Няважна, што там будуць казаць з трыбуны «патрыёты». Мусіць, будуць далей «любімую не аддаваць». Важна разумець асноўны матыў — перабіць парадак дня апанентам. Усё як тады, нібыта не было гэтых гадоў рэпрэсій, беззаконня і спаўзання краіны ў сярэднявечча.
Не здзіўляйцеся, дарэчы, калі на гэты праўладны форум завітае раптам Лукашэнка. Два гады на адным са «з'ездаў» так і было.
Захад адмаўляецца мець справу з рэжымам
Можна як заўгодна ставіцца да еўрапейскіх палітыкаў з іх хранічнай «заклапочанасцю», але факт як ён ёсць: Захад як не прызнаў Лукашэнку кіраўніком краіны, так паслядоўна і трымае гэтую пазіцыю.
Так, уплывае вайна ва Украіне, пасля пачатку якой рэжым страціў апошнія шляхі ў еўрапейскія сталіцы. Але і датуль тыя сталіцы наколькі ахвотна прымалі Ціханоўскую, настолькі грэбавалі любымі палітычнымі стасункамі з афіцыйным Мінскам.
Раней бы ўжо неяк прымірыліся-прызвычаіліся — хаця б дзеля вызвалення палітвязняў. Цяпер дыялогу няма зусім. Палітвязням, зразумела, ад гэтага не лягчэй, і трэба зычыць ім толькі найлепшага. Справа ў іншым: Лукашэнка ў 2020-м і пасля 2020-га перайшоў усе мажлівыя чырвоныя рысы, таму ні пра якое збліжэнне зараз гаворкі ісці не можа.
Лукашэнкаўская Беларусь апынулася ў канчатковай міжнароднай ізаляцыі, і бясконца гэты статус-кво працягвацца не можа.
Лукашэнка дагэтуль не адчувае спакою і правільна робіць
За нелегітымным правадыром Беларусі можна прызнаць прынамсі дзве якасці: жывёльную боязь страціць уладу і звярыны нюх на такую небяспеку. Адпаведныя пагрозы пазбаўляюць яго спакою і ўводзяць у шаленства.Праз два гады пасля скрадзеных выбараў Лукашэнка па-ранейшаму ўвесь на нервах. Чыхвосціць сваіх чыноўнікаў з нагоды і без. Пастаянна шальмуе «беглых», якіх даўно «перамог». Крые апошнімі словамі той самы калектыўны Захад.
Вось з апошняга пра палякаў: «Селі на амерыканскую кабылу і скачуць па Еўропе», «хочуць цалкам праглынуць Беларусь». Гэтым мантрам зноў жа роўна два гады, і галоўны беларускі спікер цудоўна разумее, што анічога Варшава праглынуць не хоча.
Проста кепска Лукашэнку. Куды ні кінь — усё дрэнна. Эканоміка падае, рынкі губляюцца, вытворчасць гібее. Знешняя блакада сціскаецца, а імперыялісту Пуціну даверу няма. Украіна трымаецца пад націскам ворагаў, месцамі пераходзіць у контрнаступ і ўжо дакладна вайну не прайграе. За Кіеў вунь ужо і Казахстан, а за цябе няма амаль нікога.
Відавочна, што для вольнай Беларусі часы зараз самыя змрочныя і трагічныя. Але і для Лукашэнкі яны зусім не лепшыя. Яго песня яшчэ гучыць, але памалу ўжо сціхае, і сам ён гэта не можа не разумець.