Нішто не ўзнікае з нічога, альбо Тыдзень Ціханоўскай

У славутым фільме «Дагрукацца да нябёсаў» здавалася, што ўсе размовы на нябёсах вядуцца пра мора. А гэты тыдзень быў, безумоўна, тыднем размоў пра беларускія дэмакратычныя сілы. Канешне, пачалося ўсё крыху раней — на мінулым тыдні з марафону салідарнасці з палітвязнямі. Але і на гэтым тыдні было што абмяркоўваць. І шмат хто рабіў гэта з задавальненнем.

Фота: flickr.com

Фота: flickr.com

Канферэнцыя «Новая Беларусь», скліканая Ціханоўскай у Варшаве, дадала шматлікім аналітыкам і аглядальнікам імпэту для разваг. Збольшага, высновы з яе можна назваць «асцярожнымі». Так, шмат хто цяпер крытыкуе Каардынацыйную раду, Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс Ціханоўскай і саму Святлану Ціханоўскую. Найбольш жорсткая крытыка гучыць, канешне, з боку палітычнага маргінэзу — з боку прыхільнікаў Зянона Пазняка і Валерыя Цапкалы (дарэчы, куды знік Зянон Станіслававіч? Пасля сустрэчы з Палком Каліноўскага пра яго нешта нічога не чуваць). Але, насамрэч, вынікі працы КР, АПК і ОСЦ я б назваў хутчэй станоўчымі, чым правальнымі.

Што б там ні казалі, але, на маю думку, мы цяпер бачым АПК больш структураваным, чым год таму. Прынамсі, цяпер бачна, што там нехта нечым займаецца. Валерый Сахашчык, хоць ідэя «Паспалітага рушэння» збольшага застаецца ідэяй, усё ж здолеў арганізаваць яшчэ адно падраздзяленне беларусаў ва Украіне. Вольга Гарбунова паспяхова задумала і правяла той самы марафон салідарнасці з палітвязнямі. Не яна адна, канешне, але менавіта на яе спасылаліся журналісты, калі запытвалі, на што спадзяваліся арганізатары марафону (спадзяваліся, што збор на палітвязняў будзе разоў у шэсць меншы, дарэчы).

Павел Латушка працягвае ціск на рэжым праз магчымасці прыцягнення Лукашэнкі ў Гаагу, і нельга сказаць, што Лукашэнка гэтага не заўважае. Заўважае, і яшчэ як!

Сама Святлана Ціханоўская застаецца лідарам дэмакратычнай Беларусі і прадстаўніком дэмсіл на міжнароднай арэне — і гэта вымушаны быў прызнаць нават прадстаўнік Палка Каліноўскага.

І нават скандал з падзелам BYPOL на BYPOL і BELPOL быў неяк згладжаны і знівеліраваны без асаблівых рэпутацыйных страт.

А што вы хочаце? Такая ўжо беларуская традыцыя. Журналісты, асабліва тыя, якія даўно займаюцца асвятленнем палітычных падзей, ведаюць спрадвечны закон: «Калі аб’ядноўваюцца дзве беларускія сацыял-дэмакратычныя партыі, у выніку паўстае тры сацыял-дэмакратычныя партыі». У нас было два БНФы, безліч тых жа сацыял-дэмакратаў, дзве партыі камуністаў…

І, шчыра кажучы, я не думаю, што гэта выключна беларуская традыцыя. Памятаеце, як Марын Ле Пэн у Францыі «аджала» партыю «Нацыянальны фронт» у свайго ж бацькі, Жана-Мары Ле Пэна? Ну вось…

Аналізуючы менавіта крытыкаў ОСЦ, КР ды АПК, міжволі прыходзіш да высновы, што гэтыя людзі хочуць усяго і адразу. Каб «апазіцыя аб’ядналася» нягледзячы ні на што, хаця нават беларускія выбары сведчаць, што самыя ўдалыя палітычныя кампаніі былі якраз у час, калі не было «адзінага кандыдата». Каб Ціханоўская вокамгненна выбудавала дзейсныя і эфектыўныя структуры — праўда, дзе ўзяць кампетэнтных людзей у гэтыя структуры, ніхто не тлумачыць. Каб дэмсілы імгненна навучыліся дэмакратыі па еўрапейскіх стандартах, хаця большая частка з тых, хто цяпер складае гэтыя дэмсілы, «прачнуліся ў 2020-м» і не маюць досведу нават партыйнай дзейнасці.

Але спадарства, так не бывае! Нішто не ўзнікае з нічога!

Узяць хаця б спрэчкі пра новы беларускі пашпарт. Нам прадставілі яго праект — цікавы і прыгожанькі. І адразу пачалося: «А хто яго прызнае, а такога ніколі не будзе, а хто яго будзе выдаваць, а хто яго надрукуе, а тое, а сёе…» Ну, спадарства, давайце вырашаць праблемы паступова. Для таго, каб пашпарт прызнаваць, трэба, каб ён спачатку быў. І нават калі яго прызнаюць толькі Польшча і Літва, гэта ўжо дасць велізарны штуршок інтэграцыі беларускай супольнасці паміж сабою хаця б у гэтых дзвюх краінах.

Да таго ж, пасля зрынання Лукашэнкі нам жа спатрэбіцца новы дакумент? І мы не будзем ламаць галаву над тым, якім будзе новы беларускі пашпарт, зэканоміўшы шмат часу.

Дарэчы, я ўжо бачу ў чаціках беларусаў пытанні: «А хто падаваўся на гэты новы пашпарт?» Людзі нават не разумеюць, што гэта яшчэ ўзор! Яны хочуць яго займець цяпер і адразу! І апытанку ў «Голасе» наконт высвятлення таго, якая патрэба ў гэтым дакуменце для беларусаў, яны ўспрымаюць як «падачу на пашпарт»!

Яшчэ раз паўтаруся — не бывае ўсяго і імгненна.

Ну а потым было, канешне, 9 жніўня, трэцяя гадавіна прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пачатку пратэстаў.

Дата, канешне, для каго сумная, а для каго — натхняльная. Так, шмат хто цяпер знаходзіцца ў роспачы і, як напісаў Сяргей Навумчык, кажуць, што «лепш бы таго 2020-га і не было ўвогуле». А з іншага боку, ёсць багата тых, хто лічыць, што ўсё не толькі не было дарма — нічога яшчэ не скончана.

Прыкметная ў гэтым апытанка, вынікі якой прадставіў Генадзь Коршунаў. Прыкметная, на маю думку, яна не тым, што адказвалі рэспандэнты, а сваёй выбаркай. З 1561 чалавека «пратэставай скіраванасці» 995 апытаных знаходзяцца ў Беларусі.

Дзве траціны «пратэстоўцаў» таго часу — у краіне. І яны не змянілі сваіх перакананняў, яны па-ранейшаму б выйшлі на пратэст, «як тады», а 40% нават дзейнічалі б больш радыкальна.

Акцыі салідарнасці ў гэты дзень прайшлі ў 33 гарадах па ўсім свеце: ад Вільні, Варшавы і Нью-Ёрка да Лімасола (Кіпр), Падгорыцы (Чарнагорыя) і Тэль-Авіва. Але значна важнейшае тое, што фотачкі з бел-чырвона-белымі сцягамі паступалі і з Беларусі (нават гарады ўказваць не будзем з прычын бяспекі). Гэта ў той час, калі за адно фота з бчб-сцягам можна прысесці надоўга па «народным» артыкуле.

І менавіта гэта паказвае, што ніякая «старонка не перагорнута». І, калі яна не перагарнулася за тры гады, яе ўжо не перагорнеш нічым.

Але самая галоўная выснова тыдня ў тым, што ў гэтым аглядзе размова вядзецца выключна пра дэмакратычныя сілы. Прагартаўшы навінавыя стужкі, я не знайшоў нічога больш цікавага за працэсы, што адбываюцца ўнутры дэмакратычных сіл. Можна было, канешне, напісаць пра санкцыі ЗША і ЕС, але санкцыі — гэта зноў-такі ў тым ліку праца Латушкі. Можна было б напісаць пра імавернае закрыццё меж ЕС з Беларуссю, але гэта зноў-такі — справа ЕС.

Сутнасць у тым, што дэмакратычныя сілы ці не на тыдзень прымусілі гаварыць выключна пра сябе і перакрэслілі інфармацыйную павестку ўлады. Збольшага, менавіта яны былі галоўнымі ньюсмэйкерамі на гэтым тыдні. У добрым ключы ці ў дрэнным — але ўсе размаўлялі менавіта пра іх.

Памятаецца мне, што напрыканцы 2020 года журналістаў заклікалі «не пісаць пра Лукашэнку, бо ён не прэзідэнт, а пісаць пра прэзідэнтку Ціханоўскую». На гэтым тыдні тое атрымалася натуральным чынам.