Акцыі беларусаў у свеце: Шлях да свабоды, распачаты 9 жніўня 2020-га, абавязкова завершыцца перамогай (фота)

Міжнародная акцыя беларускай дыяспары «Дзень салідарнасці» 9 жніўня праходзіла ў розных краінах, куды лёс занёс беларусаў. У трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, — часу народнага ўздыму і нечуваных раней рэпрэсій улады супраць сваіх грамадзян — беларусы свету правялі акцыі ў розных гарадах.

Вільня 9 жніўня 2023. Фота Яўгена Ерчака

Вільня 9 жніўня 2023. Фота Яўгена Ерчака

Дзень салідарнасці ў Вільні

У Вільні адзначылі трэцюю гадавіну беларускіх выбараў–2020 маршам. Некалькі соцень чалавек сабраліся на Кафедральнай плошчы, адкуль пасля гадзіннага мітынгу прайшлі шэсцем да беларускай амбасады.


Грузія

У Батумі Дзень салідарнасці зладзілі перформанс. На плошчы Еўропы намалявалі карту Беларусі, якая была запоўнена камянямі з імёнамі палітвязняў.                 

«Жыве Беларусь». У цэнтры Тбілісі прайшоў мітынг з нагоды гадавіны пачатку масавых пратэстаў з-за выбараў, піша грузінскае выданне Paper Kartuli. 

Увечары 9 жніўня ля парламента Грузіі сабраліся дзясяткі беларусаў, якія ўспамінаюць пачатак масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе праз «скрадзеныя выбары», дзе прэзідэнтам абвясцілі Аляксандра Лукашэнку.  «Тры гады таму беларусы выбралі свой шлях, які вядзе ў будучыню, вядучы з балота, у якім доўгія гады існавала наша краіна, дзякуючы прыхільнікам рускага свету».

Удзельнікі акцыі прайшлі шэсцем ад пасольства Беларусі да парламента Грузіі. «Хай гэты марш сімвалізуе наш шлях да свабоды і сапраўднай незалежнасці, які мы пачалі 9 жніўня 2020 года і які абавязкова завершыцца нашай перамогай», — напісалі арганізатары акцыі.

Швейцарыя

У гадавіну народнага паўстання беларусы Швейцарыі выйшлі на акцыю салідарнасці ў Берне

У мерапрыемстве, зладжаным сябрамі беларуска-швейцарскага аб'яднаньня Razam, узялі ўдзел і былыя палітвязні Ганна Баран і Іван Андрушойць.

Фота Вольгі Класкоўскай

Фота Вольгі Класкоўскай

"Гэта быў дзень, калі народ зрабіў свой выбар, які даўно для нас сфармуляваў беларускі класік: не быць скотам ды людзьмі звацца. Тут, у Швейцарыі, прадстаўнікі злачыннага рэжыму не наважыліся скрасці галасы людзей і засведчылі перамогу Святланы Ціханоўскай (гэты пратакол цалкам супадае з вынікамі экзітполу, які зладзілі людзі ля дзвярэй участка для галасавання). Але вынікі выбараў вырашаліся не тут. Махляры Ярмошынай зрабілі сваю брудную справу, падарыўшы "перамогу" апастылеламу дыктатару".

Фота Вольгі Класкоўскай

Фота Вольгі Класкоўскай

Дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз жорны бясчалавечнай рэпрэсіўнай машыны, якая і не думае спыняцца! Улада дзеля ўласнае бяспекі распрадае аскепкі дзяржаўнай незалежнасці, уцягнула нас у злачынную вайну і зрабілі краіну мішэнню для ўсяго цывілізаванага свету! "Але Праўда і Святло абавязкова перамогуць, бо ход гісторыі немагчыма спыніць! Мы нарадзіліся як нацыя, мы адбудуем усё страчанае і зробім усё, каб Беларусь і наш народ былі годна прадстаўленыя ў сям'і цывілізаваных еўрапейскіх нацый! Жыве Беларусь!", — звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі кіраўнік Razam Алесь Вашкевіч.

Фота Вольгі Класкоўскай

Фота Вольгі Класкоўскай

Украіна

Беларусы Кіева таксама адзначылі «Дзень салідарнасці» з беларускімі і ўкраінскімі сцягамі.

photo_2023_08_09_21_16_02.jpg

.