Хронікі рэпрэсій за 9 жніўня

Жахлівая статыстыка: не менш за 46 700 затрыманых па адміністрацыйных артыкулах за тры гады паслявыбарчых пратэстаў.

Пікет Анастасіі Булыбенка ў Вільні 9 жніўня 2023-га

Пікет Анастасіі Булыбенка ў Вільні 9 жніўня 2023-га


  • У ліпені 37 палітвязняў выйшлі на волю, 26 з іх — па заканчэнні тэрміну

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1494 палітвязні паводле “Вясны”, але колькасць іх працягвае павялічвацца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі». Так, паводле праваабаронцаў, у ліпені на волю выйшлі мінімум 37 палітзняволеных, 26 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, 11 чалавек былі асуджаныя да «хатняй хіміі» або «хіміі» і вызваленыя з СІЗА.

  • Справу Арцёма Лябедзькі пачнуць разглядаць 21 жніўня

Працэс у Мінскім гарадскім судзе прызначаны весці суддзя Яўген Пісарэвіч. Арцёму Лябедзьку інкрымінаваны арт. 361-2 КК («фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»).

Нагадаем, сына палітыка Анатоля Лябедзькі затрымалі напрыканцы сакавіка, двойчы асудзілі на 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў.

  • Былая палітзняволеная фігурантка «справы студэнтаў» Анастасія Булыбенка правяла адзіночны пікет у Вільні
photo_2023_08_09_23_18_55.jpg

Анастасія — былая студэнтка БНТУ, якую адлічылі падчас восеньскіх акцый пратэсту ў Беларусі. Пазней дзяўчыну асудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Яна цалкам адбыла свой тэрмін і ў мінулым лістападзе выйшла на волю.

Пасля вызвалення Анастасія атрымала забарону на выезд, здымаючы якую, была затрыманая яшчэ на 30 сутак


  • У Кастрычніцкім судзе Мінска пачынаецца суд над былым выканаўчым дырэктарам «Беларусбанка» Анатолем Багавіком і ягонай жонкай Іваннай

Сужэнцаў затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу прызначаная разглядаць суддзя Алена Жывіца.

Восенню 2017 года Анатолю Багавіку прысудзілі восем гадоў калоніі нібыта за карупцыю, але праз некалькі год ён выйшаў на волю праз памілаванне. У Багавікоў на ўтрыманні двое дзяцей.


  • Cтаў вядомы прысуд гамельчуку, затрыманаму за каментары ў сацыяльных сетках  

Гэта 32-гадовы жыхара абласнога цэнтра Аляксей Мілеўскі. Яго затрымалі ў гэтым годзе, 3 траўня, і паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкай» прадукцыі) пакаралі 15-суткавым арыштам, пасля якога на волю ён не выйшаў, бо быў перазатрыманы.

Затым супраць Мілеўскага распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК за каментары, якія ён пакідаў у інтэрнэце яшчэ ў 2020 годзе.

Цяпер праваабаронцам стаў вядомы прысуд па гэтай справе: 2 жніўня суддзя суду Савецкага раёна Гомеля Андрэй Папраўкін пакараў Аляксея годам пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


  • Затрымалі сямейную пару Разведчыкавых — за пратэсты–2020

Затрыманых мінчукоў Вольгу і Дзмітрыя Разведчыкавых вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020-м. Яны жанатыя больш за 15 гадоў, і ў іх двое непаўналетніх дзяцей.

Сужэнцаў вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах. У відэа сілавікоў таксама дэманструюцца паведамленні Вольгі з сяброўскага чата пад назвай «Санта крыса!», у якім усе людзі падпісаныя ўласнымі імёнамі. Як паведамляе @nashnaiva, імаверна, спачатку затрымалі кагосьці з сяброў пары, а пасля вышлі на Разведчыкавых.

Канал ГУБАЗіК сцвярджае, што гэта ўжо трэцяя пара затрыманых з чата «Санта крыса!».

Талачынскі суд аштрафаваў за «распаўсюд экстрэмізму» шматдзетную маці

Вольгу Кубарскую, маці чацьвярых дзяцей, прызналі вінаватай паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. На яе старонцы ў сацыяльнай сетцы міліцыянты знайшлі «экстрэмісцкія» рэпосты. Суддзя Алеся Саян пакарала жанчыну штрафам у памеры 1110 рублёў. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон Кубарскай.

Вядома, што Вольга працуе ў бьюці-сферы, выхоўвае трох сыноў і дачку.

  • ГУБАЗіК затрымаў беларуса за тое, што ён у World of Tanks размясціў «Пагоню» на танку

Пра затрыманне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. На «палонным відэа» Ігар Багрыцэвіч кажа, што пакідаў абразлівыя каментары ў telegram-каналах і наведаў адну з паслявыбарчых акцый пратэсту.

  • Жыхара Гомеля абвінавачваюць ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай арганізацыі»

Следчыя прад'явілі абвінавачванне жыхару Гомеля ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі і распальванні нацыянальнай варожасці і варажнечы.

Паводле следства, 59-гадовы жыхар Гомеля нібыта падтрымліваў ідэі радыкальных ячэек і вырашыў далучыцца да рэалізацыі планаў “дэструктыўных элементаў і экстрэмістаў”:  нібьыта зарэгістраваўся ў "Плане Перамога" і пакідаў абразлівыя каментары “на адрас расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у спецаперацыі ва Украіне. Акрамя таго, затрыманы пакінуў абразлівыя каментары на адрас Лукашэнкі».

Мужчыну выставілі абвінавачванне паводле арт.130 КК (распальванне нацыянальнай варожасці і варожасці), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

  • Аляксандру Бірэту асудзілі да двух гадоў калоніі: за “аклёпы” ды “абразы” 

7 жніўня ў судзе Гродзенскага раёну вынесены прысуд 55-гадоваму жыхару Верцялішак Аляксандру Бірэту. Суддзя Віталь Сініла прысудзіў яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пракурор запытваў тры гады калоніі.

У працэсе фігуравалі шэсць эпізодаў, Бірэту звінавацілі паводле чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 (Паклёп).

Акрамя таго Бірэта мусіць выплаціць тысячу рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Пацярпелая супрацоўніца АМАП Марыя Мазуркевіч хацела ўдвая большую суму.


  • «Неаспрэчным доказам вінаватасці з’яўляюцца фотаздымкі»: адбыўся чарговы суд за Маршы—2020

Паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу суддзя Партызанскага раёну Мінску Наталля Дзядкова асудзіла Сяргея Молаша і сужэнцаў Андрэя і Наталлю Фокіных да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — да «хатняй хіміі». Вядома, што ў сям’і гадуецца непаўнагадовае дзіця. Акрамя гэтага, Мокаш меў ранейшае пакаранне, таму яго канчатковы тэрмін склаў тры гады «хатняй хіміі» шляхам частковага складання пакаранняў. 

Абвінавачаныя прызналі віну.

Мужчыны да прысуду знаходзіліся пад вартай, іх вызвалілі ў зале суда.

З тэкста прысуду вядома, што з маёмасці абвінавачаных быў зняты арышт — з акуляраў і цішоткі.

  • За каментары ў сацсетках затрыманы жыхара Кобрына, які вярнуўся з ЕС

Затрыманы Канстанцін Біч на «палонным» відэа кажа, што раней прыцягваўся па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП, а таксама атрымаў штраф за тое, што вывешваў БЧБ-сцяг. Паводле яго, затрыманы ён за абразу супрацоўніка міліцыі ў сацсетках.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што нядаўна мужчына вярнуўся ў Беларусь з краін ЕС.

  • Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў: цяпер там TikTok «novychas».

У спіс трапілі:

Telegram-каналы «Орша Восточка», «Вольны Захал TUT», «Volny Belarus», «Apeikin. Спорт, палітыка ды рок-н-рол», «Вот так дела»;

Інтэрнет-ресурс «Кошт урада»;

Сацсеткі і лагатып праекту «Альянс расследователей Беларуси»;

Сацсеткі і лагатып праекту «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў»;

TikTok-старонкі «rаbochi_rux», «merchfreеdom», «nastassia.rouda», «hajtaktv», «novychas».