«За тры гады змянілася ўсё»: Беларусы пра новае жыццё, у якое ў жніўні 2020-га было немагчыма паверыць

Летам 2020-га шмат хто нават не думаў, што ў будучыні давядзецца сядзець у турме, што будуць судзіць, што давядзецца бегчы з краіны... А цяпер не мець магчымасці прыехаць у Беларусь, дзе засталіся сваякі і сябры. 

2018_03_27_07.03.55_1_logo_1_logo_1_1.jpg

Ці маглі вы ўявіць сабе раніцай 9 жніўня 2020-га, што ўсе мы праз тры гады акажамся ў сітуацыі, калі ў краіне паўтары тысячы палітвязняў, дзясяткі, калі не сотні тысяч чалавек былі вымушаныя з’ехаць, каток рэпрэсій і не думае спыняцца, а Беларусь стала саўдзельніцай ваеннай агрэсіі супраць Украіны? «Люстэрка» спытала ў беларусаў, што асабіста з імі адбылося за гэты час, у што летам 2020-га было немагчыма паверыць. Вось што з гэтага выйшла: боль, страх і надзея.

Імёны некаторых суразмоўцаў у тэксце змененыя.

Аляксандра, 35 гадоў, Лагойск

Ніколі не падумала б, што я, жыццярадасны і вельмі таварыскі чалавек, які раней не ўяўляў сваё жыццё без людзей і тусовак, стану самотніцай. Цяпер жыву на лініі праца — дом.

Да 2020 года я праводзіла святы, у мяне было аформленае ІП. Два разы на год я ездзіла на мора, шмат займалася дабрачыннасцю. Пасля — перажыла крымінальны пераслед, бясконцыя камісіі сацапекі, закрыццё бізнесу. Святы весці перастала: унутры адна вялікая рана, шчыра даваць людзям добрыя эмоцыі больш не магу.

Уладкавалася ў камерцыйную арганізацыю. Працаваць вельмі складана, але гэта адзіная магчымасць не прасіць працы ў дзяржустановах. Практычна ні з кім не маю зносінаў, выключыла са свайго кола ўсіх, хто хоць неяк дагэтуль не вызначыўся з пазіцыяй. Вяду замкнёнае жыццё.

Засталася вялікая крыўда на ўсіх: хто не выйшаў тады і хто не выходзіць цяпер, хто з’ехаў і хто маўчыць. І на сябе таксама. Працую з псіхолагам і разумею, што жыццё ніколі не будзе ранейшым. Вучуся жыць у новых умовах, але пакуль атрымліваецца кепска.

Валянціна, 60 гадоў, Мінск

Ніколі б не падумала, што маё жыццё так зменіцца пасля 2020 года. Да гэтага я была абсалютна апалітычная, у адрозненне ад мужа. Але ўсё пачалося пасля выбараў, калі мы прыйшлі да закрыцця ўчастка для галасавання, каб даведацца пра вынікі, але не пачулі нічога. Толькі прыехалі хлопцы з дубінкамі і «папрасілі» нас разысціся.

З таго дня няма спакою. З часам пачуццё нянавісці не згасае, а толькі ўзмацняецца. Чытаю навіны, плачу, перажываю, адчуваю ўласную бяссільнасць і спадзяюся, што кожнаму будзе па заслугах. Вельмі хачу дапамагчы палітвязням ці іх сем’ям, але не ведаю, як гэта зрабіць, не прыцягваючы ўвагі. Бо пачуцця бяспекі няма зусім: не ведаеш, што цябе можа чакаць і ці не па цябе бусік у двары.

Мікіта, 37 гадоў, Малага (Мінск)

Да таго жніўня я катэгарычна адмаўляўся кудысьці пераязджаць. Будаваў хату з дзіцячым пакоем. Марылі з жонкай пражыць там усё жыццё: летам клікаць сяброў на шашлык, а ўзімку ляпіць снегавікоў і ўпрыгожваць елку. Ведаў родную мову, але рэдка карыстаўся ёю. І нават не думаў, што ўсё так зменіцца.

Цяпер жывём у Іспаніі: ні снегу, ні елак. Сяброў раскідала па ўсім свеце, ад Аўстраліі да ЗША, на шашлыкі разам не прыедуць. Дома няма, толькі невялікая і вельмі сціплая кватэрка, не тое што ў Мінску.

Усё жыццё шкадаваў, што не магу жыць на поўдні на моры. Відаць, трэба быць асцярожным з марамі. Бо яны здзяйсняюцца, але ёсць нюансы.

Алена, 43 гады, Познань (Мінск)

2020 год паказаў мне, хто ёсць хто. Паказаў салідарнасць. Аказалася, што нават мае дзеці, якіх я лічыла маленькімі, усё разумелі і гэтак жа перажывалі за кожнага арыштаванага. Хто б мог падумаць тады, што нас саміх чакае арышт, велізарныя штрафы, «суткі» і ўцёкі з краіны.

Але пасля ўсяго гэтага нашая сям’я наноў адчула, што такое салідарнасць. Мы навучыліся жыць у чужой краіне і не страчваць пры гэтым нашую беларускасць, навучыліся любіць, навучыліся ненавідзець. Мы вывучаем культуру і мову роднага нам народа. Вучымся прымаць дапамогу і даваць яе тым, каму яна неабходная. І самае галоўнае — мы развучыліся замоўчваць праблемы і навучыліся гаварыць за тых, хто цяпер змушаны маўчаць.

img_3052_logo_2.jpg

Віктар, 45 гадоў, Мінск

З 2020 года змянілася шмат: неўзабаве пасля затрымання мяне звольнілі з дзяржпрадпрыемства, дзе я адпрацаваў 20 гадоў, з надуманай прычыны. Засталіся заробкі ў Расіі, але пасля пачатку вайны не змог пераступаць праз сябе, працуючы ў краіне-агрэсары.

Але галоўнае — гэта перамены ў галаве і стасунках з людзьмі. Напрыклад, я б ніколі не падумаў, што мая стрыечная сястра перастане са мной размаўляць праз тое, што я паважаю Зяленскага. Таксама не мог сабе ўявіць, што не буду вітацца з некаторымі колішнімі калегамі пры сустрэчы.

Увогуле за апошнія тры гады я стаў яшчэ больш дэмакратычным і ліберальным у сваіх поглядах, стаў больш цаніць чалавечыя ўзаемаадносіны і салідарнасць. Але само па сабе стаўленне да адмоўнага (у сабе і ў людзях) стала больш катэгарычным.

Аляксей, 28 гадоў, Познань (Мінск)

За тры гады змянілася ўсё.

Я тады і не думаў, што не змагу бачыць сваю сям’ю некалькі гадоў. Ад гэтага накрывае глыбокая туга. Бо не ва ўсіх маіх родных ёсць столькі часу, каб чакаць. Яшчэ не мог падумаць, што давядзецца ўладкоўвацца на завод у іншай краіне, маючы прыстойную адукацыю. І, на жаль, тры гады таму я не думаў, што так расчаруюся ў беларусах.

Гэта вельмі спрэчны тэзіс, улічваючы пратэсты 2020 года, калі мяне натхняў дух свабоды і аптымізм. Але праз нейкі час прыйшло ўсведамленне, што мы самі дапусцілі ўсё тое, што ёсць цяпер. Вядома, гэта не адносіцца да людзей, якія прынцыпова выходзілі супраць Лукашэнкі ў 2020-м, ваююць на баку Украіны ці спрабуюць дапамагаць у эміграцыі нават пасля трох гадоў. Але многіх не змаглі абудзіць ні бясконцы 37-мы год у краіне, ні вайна. Людзі жывуць сваім жыццём, наўмысна адгарадзіўшыся ад жаху, які нясе іх дзяржава сваім і чужым.

Спадзяюся, што яшчэ праз тры гады я буду перачытваць гэты тэкст і здзіўляцца, якім жа быў дурнем і наколькі не меў рацыі.

Уладзімір, 40 гадоў, Кракаў (Мінск)

Тым летам не думаў, што ў будучыні буду два разы сядзець у турме, спачатку на сутках, потым у СІЗА. Што мне прызначаць два гады «хіміі», і потым давядзецца бегчы з краіны. Што не змагу прыехаць у Беларусь, дзе засталася мая сям’я.

Ірына, 52 гады, Брэст

Я не чакала ад сябе тым летам, што ўсё, што адбываецца, так адгукнецца ў маім сэрцы. Да гэтага наогул не цікавілася палітыкай. А ў 2020-м проста прыйшло прасвятленне. Уся нашая сям’я галасавала супраць Лукашэнкі. А пляменніка затрымалі за гадзіну да заканчэння галасавання, потым збілі так, што па ўсім целе былі кровападцёкі і велізарныя сінякі.

Не думала, што калі-небудзь буду насіць перадачы ў СІЗА, што дашлю сотні лістоў і паштовак палітвязням. Гэтую перапіску захоўваю як самае дарагое. А яшчэ перастала хадзіць на гарадскія мерапрыемствы — не магу весяліцца, пакуль іншыя сядзяць.

Арцём, 33 гады, Уроцлаў (Мінск)

За гэтыя тры гады я пераехаў у іншую краіну, набыў у ёй нерухомасць. Ніколі не думаў, што змагу жыць побач з гарамі і хадзіць на прагулкі па іх кожны тыдзень.

Жывучы тут, наведаў больш краін, чым за ўсе папярэднія гады. Яшчэ не думаў, што жыццё так палепшыцца, што змагу даць дзіцяці больш для яго будучыні.


img_2196_1_logo.jpg

Іна, 30 гадоў, Варшава (Мінск)

Пасля пачатку вайны мы з мужам пераехалі ў Варшаву, хоць раней наогул не разглядалі такую магчымасць. Я змяніла прафесію (была інжынерам на чыгунцы, а стала праграмістам), мы ўзялі вялікага сабаку з прытулку (ніколі не думала, што змагу ўгаварыць мужа на такое).

Але самым балючым застаецца тое, што я не магу паехаць дадому. Не магла раней уявіць, што такое здарыцца. Першыя некалькі месяцаў вельмі перажывала, потым змірылася і цяпер стараюся жыць далей. Пасля пачатку вайны гарызонт планавання вельмі звузіўся, гэта ўсяго пара тыдняў, максімум некалькі месяцаў.

Андрэй, 40 гадоў, Осцін (Мінск)

Асноўнае, пра што не маглі падумаць тым летам, — што з’едзем з Беларусі. Ніколі раней не было думкі пра эміграцыю.

За гэты час стаў адкрыта хадзіць з БЧБ-сцягам, больш даведаўся пра гісторыю нашай краіны, а ўся сям’я перайшла на беларускую мову. Нават бацькі, якім больш за 70 гадоў. Цяпер на сваёй мове я размаўляю нават на працы, чаго раней ніколі не было.

Алена, 55 гадоў, Мінск

Я з дрыжыкамі думаю, што прайшло столькі часу майго новага жыцця. Але магу з упэўненасцю сказаць, што гэта найлепшыя гады маёй асабістай гісторыі! Нягледзячы ні на што.

Я пабачыла і пазнала столькі, колькі не змагла пазнаць за ўсё жыццё раней. Мужнасць і дабрыню ў тварах нашых людзей, бязмежную падтрымку і салідарнасць, крэатыў, сілу духу і нават неймаверны гумар у шалёных абставінах. Тыя ўспаміны грэюць дагэтуль. Але ўбачыла і зло, вось тут, побач. Бачыла, з якімі вачамі людзі чыняць яго. Не магу прывыкнуць да думкі, што злачынцы, якія гатовыя на ўсё, выраслі на нашай зямлі. Я ніколі не думала, што будзе столькі істэрык, слёз і страху, што будуць страты сяброў і жаданне з’ехаць. І нават затрыманні, допыты, суды.

Але з іншага боку, я ніколі не мела сваёй асабістай мары да 2020-га. Жаданняў у мяне было шмат: нешта купіць, недзе пабываць. Хвалявалася нават, што пражыву жыццё без мары. А пасля 2020-га яна сама расцвіла ў маім сэрцы.

Вось мая мара: я хачу дажыць і ўбачыць, як Беларусь зменіцца і стане краінай чалавечай годнасці. Я хачу пакінуць дзецям не замшэлы «рай» і саюз з тым, хто называе нас няісным народам, а краіну, дзе можна годна і самастойна жыць. Бо я веру, што пакуты і гераізм беларусаў за гэтыя тры гады — падмурак нашай новай дзяржаўнасці, падмурак гонару нашай краіны.