Роза Турарбекава: Рэвалюцыя 2020 года — гэта не тое, што можа сысці ў нябыт
Ці дакладна, што шлях беларусаў да свабоды і незалежнасці пракладваецца ва ўнікальных умовах, а ў рэжыму пры ўсіх стараннях не атрымаецца «перавярнуць старонку»? Чаму мы навучыліся за гэты час, акрамя салідарнасці, і на якім этапе знаходзімся прама цяпер?
З 9 жніўня 2020-га прайшло тры гады. Ужо ці яшчэ толькі? Ці затрымалася беларускае грамадства ў тым жніўні ці рухаецца далей, нягледзячы на расчараванні, канфлікты і новыя ўзрушэнні?
Пра гэта Філін пагаварыў з гісторыкам і палітолагам, экс-выкладчыцай факультэта міжнародных адносін БДУ Розай Турарбекавай.
— Я згодна з меркаваннем гісторыка Паўла Церашковіча, — ён ацэньвае гэта як першую беларускую рэвалюцыю. Не частку рускай, як у 1917-м і ўжо тым больш 1905-м, а выключна нашу, ініцыяваную беларусамі і выключна ў межах Беларусі, — падкрэслівае экспертка.
Невыпадковы пратэст
— Гэта частка відавочнай, яснай заявы сабе і свету — пра тое, што мы ёсць, што беларусы — гэта нацыя, у першую чаргу, грамадзянская (мяркуючы па мове пратэсту, аснова якой была не столькі беларускай, колькі рускамоўнай), — працягвае суразмоўца. — І пасля гэта было ўспрынята як імкненне да стварэння нацыі на аснове грамадзянскай супольнасці, што ў прынцыпе супярэчыла палітычнаму праекту, які да гэтага часу існуе.
Маю на ўвазе, Рэспубліка Беларусь на чале з Лукашэнкам як аўтарытарная, а цяпер фактычна таталітарная дзяржава, дзе грамадзянскай супольнасці адводзіцца імітацыйная роля. Цяпер маскі скінутыя, і зразумела, хто ёсць хто.
Яшчэ адной асаблівасцю экспертка называе маштаб пратэстаў: упершыню ў гісторыі Беларусі яны сталі агульнанацыянальнымі, ахапіўшы ўсе абласныя, раённыя цэнтры, і нават населеныя пункты аж да асобных вёсак:
— Не ўсе рэвалюцыі заканчваюцца паспяхова, хоць чамусьці ў нас лічыцца, што яны павінны завяршыцца перамогай. Нагадаю гістарычныя прыклады: «Вясна народаў» 1848 года, рэвалюцыі, якія разгарнуліся ў асноўным у Цэнтральнай Еўропе, былі задушаныя, рушыла рэакцыя і падаўленне, часам нават крывавае — у прыватнасці, Расійская імперыя грала ролю «паліцэйскага Еўропы» і Мікалай I адпраўляў войскі для іх падаўлення.
Але, як паказвае гісторыя, нічога выпадковага няма: гэта была такая магутная заява, што па сканчэнні часу пастаўленыя рэвалюцыянерамі мэты і задачы былі рэалізаваныя.
Тое ж магу сказаць пра рэвалюцыю 1905 года, якая ў канчатковым выніку завяршылася рэакцыяй і роспускам Дзярждумы.
Наша беларуская рэвалюцыя была задушаная хутчэй (цяпер тэхналогіі проста дазваляюць усім падзеям развівацца хутчэй), і цяпер мы назіраем контррэвалюцыю і рэакцыю. З усімі наступствамі, вынікаючымі з савецкага мінулага таталітарных практык, масавых рэпрэсій.
Тысячы палітвязняў, дзясяткі тысяч прайшлі праз затрыманні і нават катаванні, сотні тысяч беглі, стаўшы вымушана перамешчанымі асобамі і палітычнымі эмігрантамі.
Урокі найноўшай гісторыі
— Калі казаць пра паліталагічную ацэнку, то самым слабым месцам пратэсту 2020 года было тое, што ён не абапіраўся на інстытуты і палітычныя структуры. Штабы ствараліся даволі хутка, пад кампанію, — і, калі разгарнуўся рэвалюцыйны рух, у іх не было ні плана, ні праграмы. Я думаю, яны не былі гатовыя прапанаваць далейшыя дзеянні пасля 9 жніўня.
Жорсткасць рэжыму перавысіла ўсе чаканні — хоць, адзначае Роза Турарбекава, варта было цвяроза ацэньваць, на што здольны рэжым Лукашэнкі, калі гаворка ідзе пра ягонае выжыванне. Не дзіўна, што былі задзейнічаны ўсе сілавыя магчымасці.
Катаванні на Акрэсціна, адзначае палітолаг, таксама былі прадэманстраваныя і растыражаваныя спецыяльна, як частка акцыі застрашвання — але тут рэжым пралічыўся, таму 16 жніўня людзі выйшлі на велізарны мітынг.
Тагачасны тэрор даказаў сваю тактычную перамогу. Але менавіта што тактычную: стратэгічна Лукашэнка нічога не можа прапанаваць, у яго асабліва негатыўны парадак дня. Усё, што было пасля жніўня 2020-га, «дзякуючы» Лукашэнку загнала Беларусь у тупік.
Але калі ўлады за тры гады змаглі толькі ўзмацніць атмасферу тэрору і татальнага страху, беларускае грамадства навучылася многаму, кажа экспертка:
— Акрамя салідарнасці, мы навучыліся фармуляваць і структураваць свае інтарэсы, з'явіліся палітычныя структуры — АПК, офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада дзейнічаюць як палітычныя актары. Мы бачым цэлы спектр актараў з рознымі палітычнымі капіталамі, — цяпер пытанне ў іх кансалідацыі.
Спадзяюся, менавіта яе мы і ўбачым. Навучыліся не толькі лаяцца, але і мірыцца, не толькі падзяляцца, але і праводзіць цывілізаваную медыяцыю (сітуацыя з BYPOL хоць і негатыўная, паказала, як можна пазбегнуць поўнага краху і расчаравання). Гэта нармальны палітычны працэс.
Сёння беларусам вельмі складана гэта ўспрымаць, таму што яны знаходзяцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане, хочацца як мага хутчэй аб'яднацца і вызваліцца. Але — так не бывае. Тым больш, у нас раней не было нармальнага палітычнага жыцця, наогул, беларусы не ведалі, што такое палітычны працэс, таму што жылі пры Лукашэнку вельмі доўга.
Цяпер мы праходзім гэты непазбежны працэс, праўда, умовы незвычайныя — ён адбываецца ў эміграцыі, а ўсё астатняе беларускае грамадства на «вялікай зямлі» фактычна выключана з яго. Плюс у якасці магутнага дзеючага фактару на ўсе нашы працэсы выступае вайна.
Таксама няпростая сітуацыя і ў міжнароднай палітыцы, канстатуе Роза Турарбекава:
— Забыццё 2020 года, успрыманне Беларусі як рэгіянальнай пагрозы, дылема аддзялення Беларусі ад Расіі і беларусаў ад рэжыму — гэтыя выклікі толькі ўзмацняюцца, і ўсё складаней адвакатаваць беларусаў.
Але дзякуючы дэмакратычным сілам у беларусаў усё ж ёсць пэўныя перавагі, у параўнанні з расійцамі, удзельнікамі пратэстаў у Казахстане ці Каракалпакстане.
Разумею, што беларусаў гэта наўрад ці супакоіць, але там адчайнае становішча: людзям няма куды падзецца, а лідараў (напрыклад, у Каракалпакстане), якім удавалася бегчы, выдавалі ўладам... У нас жа ёсць шанец не проста выжыць, але сабрацца з сіламі і рыхтавацца да будучыні. Што і робіцца цяпер.
Выбар ёсць?
— З паліталагічнага пункту гледжання цяпер сітуацыя выглядае вельмі сумна і, я б сказала, песімістычна, а з гістарычнага — нічога не змянілася, — адзначае Роза Турарбекава. — Рэвалюцыя 2020 года — гэта не тое, што можна праігнараваць, што можа сысці ў нябыт. Як бы ні хацелася таго Лукашэнку і ягонаму асяродку.
Гісторыю яны не ведаюць наогул, яны абсалютна невуцкія ў гэтым сэнсе, інакш паспрабавалі б змякчыць рэакцыю і прапанаваць пазітыўную павестку. Але яны не прапануюць нічога, акрамя ўзмацнення рэпрэсій, ПВК «Вагнер» і ядзернай зброі.
Грамадства жыве ў жаху і страху, а так доўга працягвацца не можа. Адбываецца дэградацыя: сістэмы адукацыі, навукі, вытворчасці, таму як зверху яшчэ маем санкцыі і нізкія навуковыя, тэхнічныя і палітычныя стандарты.
Беларусь варварызуецца. Таму лагічна, што наступным палітычным этапам павінна быць альбо пазітыўная павестка, альбо Беларусь знікне з карты — літаральна.
Усведамляць тое, што адбываецца непрыемна, але неабходна, адзначае эксперт. І кожнаму беларусу трэба пераадолець назапашаны негатыў у сабе — не перакрэсліць 2020 год, не зрабіць выгляд, што яго не было, але ўзяць яго як кропку адліку сучаснай беларускай гісторыі, ужо як грамадзянскай нацыі.
— Дзякуючы падзеям 2020-га вельмі многія рэчы сталі відавочныя. Што свабода, правы чалавека, незалежнасць — гэта не абстракцыя, гэтыя каштоўнасці маюць абсалютна канкрэтныя формы. І мне здаецца, што беларусы, асабліва ў 2022 годзе, пасля рэферэндуму і пачатку вайны, усвядомілі гэта.
Кажучы пра будучыню, многія мяркуюць, што абвешчаны дэмакратычнымі сіламі еўрапейскі выбар адпудзіць прарасійска настроеную частку беларусаў, але я б тут не арыентавалася на сацыялогію. Цяпер грамадства ў Беларусі пазбаўленае выбару. Сваю ролю адыгрывае стакгольмскі сіндром, самападман, уплыў прапаганды Расіі, пэўная спадчына.
Але ў свабодных умовах, я ў гэтым перакананая, сітуацыя можа хутка змяніцца.