Генадзь Коршунаў: Пратэсты — няскончаны праект, старонка не перагортваецца

У мінулым жніўні, да другой гадавіны пачатку пратэстаў супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў, або да пачатку першага этапу беларускай рэвалюцыі, Цэнтр новых ідэй і ініцыятыва «Народнае апытанне» выпусціў серыю матэрыялаў аб стане пратэснай часткі беларускага грамадства. Гэта ж яны вырашылі паўтарыць і сёлета.

pratest22222222_logo.jpg

Сацыёлагі зноў задалі беларусам некаторыя пытанні з таго даследавання і паглядзелі, наколькі і ў які бок змяніліся меркаванні ядра пратэснага руху 2020 года. Даследаванне праводзілася з 26 па 30 ліпеня 2023 года. У якасці метаду апытання выкарыстоўваўся CAWI (інтэрнэт-апытанне аўдыторыі з дапамогай месенджараў Viber і Тelegram). Усяго ў даследаванні прынялі ўдзел 1561 рэспандэнт(ка), з якіх значная частка (995) знаходзіцца ў Беларусі.

У сваім артыкуле на сайце Цэнтра новых ідэй сацыёлаг Генадзь Коршунаў падкрэслівае: асаблівасцю выбаркі даследавання з'яўляецца прэзентацыя меркаванняў не ўсяго беларускага грамадства, але толькі яго прадэмакратычнай часткі.

Спойлер: прапратэставае ядро беларускага грамадства «старонку не перагарнула». І, мяркуючы па даных даследавання, пакуль перагортваць не збіраецца.

Па-першае, як і год таму, большасць апытаных не згодныя з тым, што яны канчаткова прайгралі. І тады, і цяпер больш за палову апытаных адпрэчваюць ідэю, што «пратэсны рух 2020 года пацярпеў паражэнне». У 2022 годзе не былі згодныя з паражэннем пратэстаў 59%, у 2023 годзе – 55%. Розніца паміж лічбамі мінімальная, хоць і адзначаецца тэндэнцыя да зніжэння.

Сярод беларусаў, цяпер вымушаных быць не ў Беларусі, доля тых, хто адмаўляе паражэнне 2020 года, такая ж, як і ў краіне.

opera_snimok_2023_08_09_102817_newideas.center.png

Па-другое, узровень інфармацыйнай зацікаўленасці ў параўнанні з мінулым годам практычна не змяніўся. І тады, і цяпер як мінімум раз на дзень навіны пра Беларусь правяраюць каля 80% апытаных.

Тут беларусы замежжа адрозніваюцца. Сярод іх доля тых, хто штодня маніторыць беларускія навіны, меншая — 67%. Улічваючы тое, што адбываецца ўсыханне аўдыторыі незалежных СМІ, можна меркаваць, што пратэсная аўдыторыя сегментуецца. Гэта значыць людзі адмаўляюцца ад падпісак на мноства каналаў і пакідаюць сабе толькі абмежаванны набор крыніц інфармацыі (магчыма, нават адзіны).

Па-трэцяе, за мінулы год расчаравання падзеямі 2020 года не адбылося — абсалютная большасць апытаных як у Беларусі, так і за яе межамі не раскайваюцца ў тым, што прымалі ўдзел у пратэстах або падтрымлівалі іх.

На пытанне пра тое, як бы рэспандэнт(ка) паступіў(а), калі б была магчымасць вярнуцца ў 2020 год, размеркаванне адказаў не змянілася, лічбы супадаюць практычна адзін у адзін. Так, калі б сітуацыя 2020 года паўтарылася, то па ранейшаму 52% апытаных дзейнічалі б так, як і тады; крыху больш за 40 адсоткаў  былі б больш актыўнымі.

Калі казаць пра беларускіх мігрантаў, то яны настроены крыху больш радыкальна. Сярод іх за больш актыўныя дзеянні выказалася большая колькасць — 48%.

Па-чацвёртае, захоўваецца (нават з тэндэнцыяй да росту) выніковая ацэнка ўздзеяння падзей 2020 года на беларусаў як нацыю. У 2022 годзе так лічыла 66%, у 2023 годзе — 70%. Прычым у рэспандэнтаў, якія выехалі з Беларусі, ацэнка значнасці гэтых падзей яшчэ вышэйшая — 75%.

opera_snimok_2023_08_09_103016_newideas.center.png

Такія высокія ацэнкі звязаны не толькі з уплывам на нацыю ў цэлым, але і на індывідуальныя лёсы людзей. Больш за 80% апытаных і ў 2022, і ў 2023 годзе адзначылі, што падзеі 2020-21 гадоў цалкам або істотна змянілі іх жыццё. Прычым калі ў 2022 годзе так адказалі 82%, то ў 2023 годзе такія адказы выбралі 85% рэспандэнтаў(ак) у Беларусі і 90% — па-за краінай.

Па-пятае, сэнсы — тыя сэнсы, якія людзі прыпісваюць падзеям 2020-21 гадоў. У мінулым даследаванні пытанне аб сэнсах і значэнні пратэстаў задавалася ў адкрытай форме, гэта значыць, людзі пісалі адказ на пытанне сваімі словамі, без падказаных фармулёвак. У даследаванні гэтага года мы прапанавалі варыянты адказаў, сфармуляваныя па выніках апрацоўкі тых адказаў. І вось што атрымалася ў выніку.

opera_snimok_2023_08_09_103140_newideas.center.png

Па выніках даследавання можа ўзнікнуць адчуванне, што рэспандэнты схільныя некалькі ідэалізаваць падзеі трохгадовай даўнасці, разглядаючы пратэсты як няскончаны праект і надзяляючы яго ў абсалютнай большасці станоўчымі сэнсамі. З іншага боку, беларускі рэжым глядзіць на сітуацыю аналагічным, хоць і люстраным чынам. Прынамсі, менавіта такія высновы напрошваюцца з апошняга інтэрв'ю намесніка начальніка ГУБАЗіК.

Старонка не перагортваецца.


Глядзіце таксама