Сяргей Навумчык: Паражэнні могуць быць толькі эпізодам на шляху да вялікай перамогі

Палітычны аглядальнік і экс-дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык адзначае, што цяпер падзеі 2020 года выглядаюць паражэннем. Але, на яго думку, Гісторыя яшчэ не сказала свайго слова пра 2020-ты. І здараецца, што такая пераацэнка прыпадае на адносна кароткі перыяд.

img_3506_2_logo_3_1.jpg

Гібель палітвязьняў у турмах, няспынныя масавыя рэпрэсіі, тысячы за кратамі і сотні тысячаў у эмыграцыі, разгром усіх грамадзкіх арганізацыяў і незалежных СМІ, вынішчэньне ўсяго нацыянальнага, беларускага — тое, што адразу ўяўляецца, калі пытаюцца пра вынікі 2020-га году.

І на кароткім прамежку часу менавіта гэта бачыцца вынікам тых падзеяў, якія адбыліся ў 2020-м годзе.

Ад людзей з розных сфэраў (і палітыкі, і літаратуры, і мастацтва, і навукі), чыя адданасьць Беларусі пацьверджана іх справамі цягам дзесяцігодзьдзяў, чуў: «Лепш бы таго 2020-га не было ўвогуле»

Прызнаюся: часам гэтак думаю і я. 

Псыхалягічна такія словы цалкам апраўданыя, асабліва ад тых, каму, як аўтару гэтых радкоў, застаецца жыць істотна меней, чым ужо пражыта, і хто, як той жа аўтар, лічыць, што перамога над рэжымам адбудзецца, на вялікі жаль, няхутка.

Але тут пачынае казаць сваё слова Гісторыя.

Яна сьцьвярджае, што паразы могуць быць толькі эпізодам у шляху да вялікай перамогі. І яшчэ: дзейнасьць асобных людзей ці суполак можа быць пераацэненая кардынальна. Праўда, не заўсёды цягам жыцьця аднаго пакаленьня.

Хаця здараецца, што такая пераацэнка прыпадае на адносна кароткі пэрыяд.

У канцы 1990-х — пачатку 2000-х актывістаў БНФ называлі «лузэрамі», якія мелі адно толькі паразы (прайгралі Лукашэнку). Але потым усё больш рабілася відавочным, што БНФ зьдзейсьніў тое, што, паводле ўсіх правілаў палітыкі, зрабіць было нерэальна. Маючы меншасьць і ў грамадзтве, і ў парлямэнце, фронтаўцы дамагліся незалежнасьці, і менавіта гэтым увайшлі ў Гісторыю. Ну, а выйграць Фронту выбары, калі яшчэ ў 1995 годзе, паводле сацыёлягаў, 40% насельніцтва было ня проста за інтэграцыю з Расеяй, а за вяртаньне СССР, ды яшчэ траціна не ўспрымала Беларусь як незалежную ад Масквы краіну, было немагчыма нават тэарэтычна. Цуды не заўсёды паўтараюцца два разы запар.

Пасьля 2020-га прайшло толькі тры гады — яшчэ рана падводзіць канчатковыя вынікі.

Глядзіце таксама

Але дзьве высновы з падзеяў 2020-га мы можам зрабіць ужо цяпер, не чакаючы вэрдыкту Гісторыі.

Першая — той, хто бярэ на сябе сьмеласьць называцца лідэрамі і вырашаць лёс народу, павінен грунтоўна рыхтавацца да самых горшых варыянтаў. Словы пра «80% сфальсыфікаваць немагчыма» з вуснаў аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта — вяршыня палітычнага інфантылізму і безадказнасьці.

Паклаўшы руку на сэрца мусім прызнаць, што наўрад ці нават сотні тысячаў пратэстоўцаў маглі перамагчы тысячы ўзброеных сілавікоў, гатовых расстрэльваць людзей (што яны, як мы ведаем, і рабілі). Але перакананы: бестэрміновы страйк на дзесятку-двух бюджэтаўтворных прадпрыемствах («Беларуськалій», гарадзенскі «Азот», мазырскі і наваполацкі НПЗ, МАЗ, трактарны, завод колавых цягачоў ды інш.) сытуацыю зьмяніў бы кардынальна. Да кожнага страйкоўца АМАПаўца ці байца «Росгвардии» не прыставіш.

Але калі я запытаўся ў колішняга дэпутата апазыцыі БНФ і лідара рабочага руху Сяргея Антончыка (таго самага, што вывеў сотню тысяч страйкоўцаў на плошчу ў красавіку 91-га), ці зьвярталіся да яго па кансультацыі, ён засьмяяўся; але не было весялосьці ў тым сьмеху.

І другая выснова: Расія беларусам — ня сябар. Пакуль што яна была беларусам толькі ворагам. Пра гэта кажуць стагодзьдзі нашай гісторыі, гэта пацьвярджаюць і падзеі жніўня 2020-га.

Дастаткова сьведчаньняў, што менавіта падтрымка Лукашэнкі Пуціным і ягоная заява пра фармаваньне корпусу «Росгвардии» для ўратаваньня рэжыму вызначылі пазыцыю тых сілавікоў, якія вагаліся і пры пэўных абставінах маглі павярнуць зброю супраць узурпатара.

Сёньняшнія рэпрэсіі — ня проста тэрор супраць народа, а — тэрор Расіі супраць беларускага народа. Менавіта гэтак і будуць калі-небудзь зафіксаваныя ў падручніках па гісторыі.

Тое, што значная частка насельніцтва пакуль не асэнсавала згубную ролю Расіі для нацыі — нядзіўна. Беларусь была пад акупацыяй Расейскай імпэрыі (спачатку царскай, потым камуністычнай) больш як два стагодзьдзі, яна незалежная толькі тры дзесяткі гадоў. Нават пры нацыянальнай уладзе гэтага часу недастаткова для зьмены, скажам гэтак, геапалітычнай мэнтальнасьці і трывалага ўсьведамленьня нацыянальных каштоўнасьцяў. Для гэтага патрэбныя пакаленьні, і мы толькі ў пачатку шляху.

А зь іншага боку — за стагодзьдзі ворагам так і не ўдалося зьнішчыць беларусаў як нацыю.

І таму — Жыве Беларусь!