Кіраўнік страйкаму МТЗ Дылеўскі заклікаў рабочых не выходзіць на працу з 25 сакавіка
Сяргей Дылеўскі перакананы, што страйк канчаткова зруйнуе рэжым Лукашэнкі, піша «Свабода».
Кіраўнік страйкаму Мінскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі, які вымушаны быў з'ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед, звярнуўся да рабочых і прадстаўнікоў іншых прафесій з заклікам не выходзіць на працу з 25 сакавіка.
«Сябры, дарагія мае! У нас у краіне ўжо сотні і сотні палітвязняў. Гэтыя людзі сам-насам у карцарах, турмах змагаюцца з гэтым рэжымам! Гэтыя людзі сядзяць проста ні за што. Яны сядзяць за нас з вамі, за тое, што хацелі нам свабоды, змагаюцца з рэжымам унутры гэтага самага рэжыму, не здаюцца, змагаюцца да апошняга свайго ўздыху».
Дылеўскі спадзяецца, што масавы страйк на гэты раз будзе больш удалым, чым спроба 26 кастрычніка, якая правалілася. Пасля той няўдачы некалькі рабочых атрымалі тэрміны зняволення, а сябры страйкамаў на розных заводах сістэматычна зазнаюць ціск, іх затрымліваюць, б'юць і пагражаюць, праводзяць у іх кватэрах ператрусы.