Павел Церашковіч: Што адбылося з беларусамі ў 2020 годзе?

Трэба называць падзеі 2020 года нашай беларускай рэвалюцыяй, лічыць этнограф Павел Церашковіч.

img_6722_2_logo.jpg_logo.webp

Ці існуе беларуская нацыя? Адназначны, на першы погляд, адказ можа быць у некаторых выпадках зусім неадназначным. І што адбылося зь беларусамі ў 2020 годзе? Гэта быў сацыяльны ці нацыянальны пратэст? Пра гэта «Свабода» гаворыць з гісторыкам, заснавальнікам і першым загадчыкам катэдры этналёгіі гістарычнага факультэту БДУ, былым прафэсарам ЭГУ Паўлам Церашковічам.

— Як бы вы адказалі на пытаньне, ці існуе беларуская нацыя?

— Шчыра кажучы, я не люблю такія пытаньні, бо гэта ў Савецкім Саюзе нібыта існавала марксісцка-ленінскае вызначэньне нацыі, якое насамрэч сталінскае. І можна было лёгка адказваць. А ў сучаснай тэорыі ў нацыі няма адзінага вызначэньня, і яго цяжка знайсьці. Таму я б параіў карыстацца падыходам Міраслава Гроха, аднаго з айцоў-заснавальнікаў сучаснай тэорыі нацыі, які хутчэй прапаноўвае гаварыць не пра нацыю, але пра нацыянальны рух. Таму я б сёньня адказаў так: у нас ёсьць нацыянальны рух, які накіраваны на пабудову нацыі.

Як у кожнага нацыянальнага руху, у беларускага руху ёсьць некалькі мэтаў. Яны дастаткова тыповыя для нацыянальных рухаў. Гэта, па-першае, зьняцьце ўсіх перашкодаў для разьвіцьця нацыянальнай культуры, нацыянальнай мовы і адукацыі на ёй. Другая мэта — гэта патрабаваньне грамадзянскіх свабодаў і самакіраваньня. І трэцяя мэта — гэта пабудова завершанай сацыяльнай структуры нацыі так, каб там былі прадстаўленыя ўсе сацыяльныя пласты сучаснага грамадзтва.

І вось калі мы на гэта паглядзім, то ўбачым, што прынамсі дзьве першыя мэты не дасягнутыя.

Таму можна казаць, што ў нас ідзе працэс пабудовы нацыі. Каб ён завяршыўся, патрэбная пабудова нацыянальнай дзяржавы, а ў нас дзяржава сёньня не нацыянальная. Яна хутчэй антынацыянальная. І больш за тое, нават калі нацыянальная дзяржава будзе створаная, калі там будуць грамадзянскія свабоды і іншыя прыкметы такой дзяржавы, гэта ня будзе азначаць, што ў той жа момант узьнікне нацыя. Нават пасьля стварэньня нацыянальнай дзяржавы спатрэбіцца некалькі дзесяцігодзьдзяў ці нават стагодзьдзе, каб гэты працэс завяршыўся.

— Які тып нацыяналізму будзе вызнаваць будучая беларуская нацыя?

— Калі мы гаворым пра тыпы нацыяналізму, то мне здаецца, што гэта штучна — проціпастаўляць этнічны нацыяналізм грамадзянскаму. Бо кожны грамадзянскі нацыяналізм зьмяшчае ў сабе этнічную кампанэнту. І наадварот, пераважная большасьць этнічных нацыяналізмаў, калі яны ўзьнікалі, заўсёды ставілі сабе за мэту тое, пра што я ўжо казаў — гэта тыповыя мэты нацыянальнага руху: дасягненьне грамадзянскіх свабодаў і пабудова нацыянальнай дзяржавы.

Я думаю, ня трэба займацца гэтымі гульнямі, яны шмат злога нарабілі для разьвіцьця, у тым ліку, і беларускага нацыянальнага руху.

Сёньня нацыяналізм вельмі часта зьвязваюць з радыкальнымі рухамі, з крайне правымі. Але насамрэч нацыяналізм — гэта не ідэалёгія, гэта сукупнасьць сантымэнтаў, пачуцьцяў, эмоцыяў, зьвязаных з прыналежнасьцю да пэўнай нацыянальнай групы. І вось гэтыя пачуцьці могуць лякалізавацца на розных баках палітычнага спэктру — гэта можа быць і крайне правы бок, а можа быць і крайне левы. І калі мы ўспомнім гісторыю нацыянальных рухаў ва Ўсходняй Эўропе, і ня толькі беларускага, у пачатку ХХ стагодзьдзя, то ўбачым, што ўсе гэтыя рухі былі левыя.

Таму дыскусія пра тыпы нацыяў і тыпы нацыяналізмаў — абсалютна бессэнсоўная, і ня трэба трапляць у гэтую пастку, маўляў, які там рух — этнічны ці нацыянальны? Усе нацыянальныя рухі адначасова і тыя, і тыя, проста па-рознаму фармулююць свае прыярытэты.

img_6782_logo.jpg_logo.webp

— Што адбылося зь беларусамі ў 2020 годзе? Гэта быў сацыяльны пратэст ці нацыянальны?

— На мой погляд, цяпер, на адлегласьці трох гадоў, можна атрыбутаваць (вызначыць) тое, што адбылося, як беларускую рэвалюцыю 2020 году. Гэтая рэвалюцыя адпавядае ўсім парамэтрам, якія былі вылучаныя. А гэта зьмена дзяржаўнага ладу, бо галоўным патрабаваньнем былі новыя выбары. І было відавочна, што калі новыя выбары адбудуцца, то гэта будзе ўжо іншая краіна.

Таму гэта, на мой погляд, галоўнае — мы можам гаварыць, што гэта была рэвалюцыя.

Вядома, шмат якія гісторыкі кажуць: маўляў, каб мы дамагліся перамогі, тады б гэта была рэвалюцыя. Гэта не зусім так. Ёсьць шмат рэвалюцый, якія ня мелі посьпеху, напрыклад, рэвалюцыя 1848 году ў Нямеччыне, якая таксама не дамаглася перамогі, але, тым ня менш, гэта рэвалюцыя.

І яшчэ адзін момант. Чаму мы гаворым менавіта пра беларускую рэвалюцыю? Калі мы паглядзім на гісторыю масавых выступленьняў, масавых рухаў на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з паўстаньня Касьцюшкі і далей, калі былі паўстаньні ХІХ стагодзьдзя, рэвалюцыя 1905 году, рэвалюцыя 1917 году, то ўбачым, што ўсё, што адбывалася тады на тэрыторыі Беларусі, было рэхам на падзеі, якія адбываліся ў межах больш вялікіх палітычных утварэньняў, існых ці былых. А вось тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе, — гэта быў выключна беларускі палітычны пратэст. Гэта ніякае ня рэха, гэта самастойная праява. Менавіта таму я лічу, што трэба называць гэтыя падзеі нашай беларускай рэвалюцыяй.