Латушка: Беларусь сёння нагадвае «Паўночную Карэю. 2.0» у цэнтры Еўропы

Прадстаўнік НАУ і АПК — з пытаннем да еўрапейскіх дэмакратый.

Фота "Белсата"

Фота "Белсата"

— Як дыпламат я гатовы зразумець дыпламатаў, але як палітык і як беларус я не гатовы пагадзіцца з тым, што толькі заклікамі можна вырашыць праблему Беларусі, — цытуе Латушку «Салідарнасць» са спасылкай на канал FREEOM. — Тры гады беларускі народ праходзіць тэст, таму што толькі ад нас залежаць змены ў нашай краіне, і перакладаць адказнасць на кагосьці было б няправільна. Але мы сутыкнуліся з жудаснай сітуацыяй, калі ўзровень рэпрэсій таталітарнай сістэмы, якую выбудаваў Лукашэнка, сёння нагадвае «Паўночную Карэю 2.0» у цэнтры Еўропы.

Таму гэты тэст і экзамен здае і ЕС. 9 жніўня 2020 года сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, таму што хацелі жыць у дэмакратыі і свабодзе. Аднак хто-небудзь з тых, хто пачаў рэпрэсіі, забіваў беларусаў, прымусіў сотні тысяч пакінуць іх краіну, калі пакуты і катаванні з'яўляюцца штодзённай гісторыяй у Беларусі, пакараны, камусьці з іх выстаўленыя абвінавачанні, у дачыненні да іх распачатыя крымінальныя справы?

Гэта пытанне да еўрапейскіх дэмакратый, тых краін, якія з'яўляюцца нашымі саюзнікамі.

Прадстаўнік дэмсіл падкрэсліў, што да гэтага часу ні ў адной краіне, нягледзячы на ўніверсальную юрысдыкцыю, не ўзбуджана крымінальных спраў «ні за забойствы беларусаў у 2020 годзе, ні за катаванні да сённяшняга дня, ні за захоп самалёта ў 2021 годзе, ні за тое, што ў 2022 годзе Лукашэнка прадаставіў тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць Украіны, ні за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, ні за тое, што ў Беларусі размясцілі ядзерную зброю».

— Кожны раз Захад выказвае шкадаванне толькі постфактум, не рэалізуючы, як правіла, канкрэтных дзеянняў. Таму мы настойваем на тым, што ордэр на Лукашэнку ў МУС, пераслед усіх, хто здзяйсняе злачынствы ў Беларусі, узбуджэнне крымінальных спраў, нават пагроза пакарання будзе ўплываць на гэтую сістэму, якую выбудаваў Лукашэнка.

Санкцыі ў дачыненні да яго рэжыму ніколі не былі маштабнымі, магутнымі. Яны заўсёды былі расцягнутымі ў часе, вельмі доўгімі. Так, паднеслі «падарункі» Лукашэнку да 9 жніўня — тры санкцыйныя пакеты прынятыя за апошнія шэсць дзён.

Але гэтага ўсё ж такі недастаткова для таго, каб санкцыі былі шокавымі для эканомікі дыктатара Лукашэнкі, каб у яго не было грошай дапамагаць Пуціну прадаўжаць вайну і будаваць турмы для рэпрэсій супраць беларусаў, — мяркуе Латушка.


Глядзіце таксама

Палітык таксама распавёў пра вынікі сумеснай з міжнароднай праваабарончай арганізацыяй справаздачы:

— Сумесна з JusticeHub («Цэнтр права і дэмакратыі») мы выпусцілі справаздачу, у якой зафіксавалі 136 фактаў рэпрэсій, ажыццёўленых рэжымам Лукашэнкі за перыяд у траўня 2020 года і па цяперашні час. Гэта сем відаў злачынстваў супраць чалавечнасці, якія павінны пераследавацца ў любой краіне свету, таму што яны імплементуюцца ў нацыянальныя заканадаўства кожнай дзяржавы.

Калі мы пачнем гэтую маштабную кампанію, гэта будзе азначаць, што не важна, у якой краіне апынецца злачынец, ён усё роўна будзе падлягаць затрыманню і выдачы ці пераследу нават у гэтай краіне.

Для нас галоўным у гэтай справаздачы з'яўлялася паказаць інструменты, якім чынам можна дасягнуць адказнасці. Першы інструмент — гэта МУС у Гаазе, таксама гэта механізм па стварэнні спецыяльнага міжнароднага трыбунала, і мы ад гэтага не адступім, мы будзем гэтага дамагацца.

І трэці інструмент — гэта ўніверсальная юрысдыкцыя, калі паводле нацыянальнага заканадаўства любой краіны, а гэта фактычна 190 краін свету, можна звяртацца ў пракуратуры і ўзбуджаць крымінальныя справы ў дачыненні да пракурораў, міліцыянтаў, якія рэпрэсавалі беларусаў. І такіх заяў пададзеныя ўжо дзясяткі, але спраў не распачата, — адзначыў Латушка.