ААТ «Сукно»: настальгія, што прыводзіць да страты прадпрыемстваў
ААТ «Сукно» прадае свае вытворчыя памяшканні. У гэтым няма нічога дзіўнага — само прадпрыемства даўно знаходзіцца ў стадыі актыўнага банкруцтва, а яго вытворчасці перамешчаны на пляцоўкі ААТ «Камволь». І ўсё б нічога, калі б не адно «але». Першапачаткова прапаноўвалася зрабіць роўна наадварот.
За мінулыя 10 гадоў нашу лёгкую прамысловасць не штурхнуў толькі лянотны. У ёй найпоўны застой, разброд і хістанне. Не ратуюць ні шалёныя грошы, ні прыцягненне замежных інвестараў і тэхналогій, ні аб'яднанні і рэарганізацыі, ні «жэстачайшыя» ўказанні Лукашэнкі. Дарэчы, «Сукно» — яшчэ адно збанкрутаваўшае прадпрыемства, якое было пад пільнай увагай Лукашэнкі.
Гэтым аўкцыёнам па продажы вытворчых пляцовак «Сукно», верагодна, заканчвае эпапею, што пачалася 10 гадоў таму. Менавіта ў 2013 годзе Лукашэнка звярнуў увагу на беларускую лёгкую прамысловасць і наведаў «Сукно».
Пільная ўвага дзяржавы
Праўда, пачало ся ўсё крыху раней. У снежні 2012 года Лукашэнка прызначыў экс-дырэктара «Сукна» Сучкова на пасаду старшыні «Беллегпрама». «Мы не можам больш трываць тое, што дзеецца на прадпрыемствах гэтага канцэрна. Бо іх прадукцыя сёння як ніколі запатрабаваная. Трэба падняць гэтыя прадпрыемствы, пакуль вольны рынак. Працуючы на сваім прадпрыемстве, вы адчулі гэтыя рынкі. У вас праблемнае прадпрыемства было. Не сказаць, каб ужо вялікім стала, але вы навучыліся працаваць у сучасных умовах. Я абяцаў, што мы да канца будучага года (2013-га), да 7 лістапада, пакажам людзям, як трэба мадэрнізаваць тыя прадпрыемствы, у якія многія ўжо не верылі», — казаў тады Лукашэнка
Сапраўды, у 2013-м ААТ «Сукно» было даволі добрым прадпрыемствам. Аж да таго, што Уладзімір Сямашка, на той момант першы намеснік прэм'ер-міністра, 5 сакавіка 2013-га ў час рабочай паездкі ў ААТ «Дзяржынская швейная фабрыка «Эліза» паведаміў: урад прапанаваў Лукашэнку разгледзець магчымасць развіцця камвольнай вытворчасці на базе ААТ «Сукно» і ААТ «Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка».
Згодна з Сямашкам, планавалася, што частка абсталявання з мінскага «Камволя» будзе пераведзена ў ААТ «Сукно», а другая частка будзе адпраўлена на прадпрыемства ў Слоніме. Свабодныя плошчы ААТ «Камволь» прапаноўвалі перадаць у распараджэнне сталічных улад для арганізацыі размяшчэння там выставачнага комплексу альбо для іншых мэт. Як адзначыў тады Сямашка, ліквідацыя ААТ «Камволь» абыдзецца нашмат танней, чым яго мадэрнізацыя, і гэты праект можа быць рэалізаваны ў больш сціснутыя тэрміны.
Але ў Лукашэнкі было сваё бачанне пытання. Гэта бачанне, напэўна, было прадыктавана вялікай яго настальгіяй, ад якой ён увесь час вырашае «захаваць заводы». У красавіку таго ж 2013-га, наведаваючы «Сукно», Лукашэнка паставіў кіраўніцтву прадпрыемства задачу «пралічыць без уліку іншых прадпрыемстваў, паглынанняў, зліццяў і захопу іх рынкаў, што тут неабходна. Усё, што вырабіце тут, вы павінны прадаць і выйсці да 2015-2016 гадоў на $1100 заработнай платы. Гэта ваша задача. І не трэба глядзець ні на ўрад, ні на каго, калі вы ў стане самастойна яе рэалізаваць».
У лістападзе Лукашэнка падпісаў указы, якія тычыліся развіцця камвольнай вытворчасці. Указ №511 прадугледжваў рэалізацыю ў 2013-2017 гадах інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці 6475 тысяч метраў пагонных ваўняных тканін у год у ААТ «Сукно». Для мадэрнізацыі вытворчасці ўлады Беларусі выдаткавалі 65,5 млн еўра бюджэтных рэсурсаў.
У сярэдзіне 2015 года Лукашэнка заявіў, што не падтрымаў прапанову аб стварэнні адзінай камвольна-суконнай вытворчасці. Ён запатрабаваў не толькі захаваць і «Сукно», і «Камволь», але і працоўныя месцы на іх, эфектыўна правесці мадэрнізацыю, каб павысіць канкурэнтаздольнасць.
Мадэрнізацыя «як заўсёды»
Варта зазначыць, што кіраўнік «Беллегпрама» Сучкоў, які, па ранейшых словах Лукашэнкі, добра працаваў на «Сукне», у 2014-м выправіўся ў турму па звыклых «карупцыйных» артыкулах. А ў «Сукне» тым часам пачалася кадравая карусель. На працягу трох гадоў змянілася некалькі дырэктараў, і ў кожнага з іх было сваё бачанне развіцця прадпрыемства. У выніку доўг паспяховага ў 2013-м прадпрыемства перад банкамі за праведзеную» мадэрнізацыю ў 2016-м дасягнуў 850 млн еўра. Паступленні ад продажаў у 2016-м склалі 200 млн недэнамінаваных рублёў у месяц, або 20 тысяч «новымі». У той час як аплата за электраэнергію складала 1,5 млрд недэнамінаваных, або 150 тысяч «новымі» штомесяц.
«Замест укладанняў у абнаўленне вытворчасці крэдытныя грошы сыходзілі на ўстаноўку новага плота і сістэмы відэаназірання, на асфальтаванне некарыстанай часткі тэрыторыі. Нават імпартныя станкі набылі не ў поўнай камплектацыі», — скардзіўся «Мінскаму кур'еру» на папярэднікаў чарговы дырэктар Дзмітрый Куніцкі.
Але чаму грошы ўкладалі ў назіранне і асфальтаванне? Хутчэй за ўсё таму, што дырэктары ведалі прагу Лукашэнкі да «ўсяго прыгожага». І вонкавы выгляд — гэта першае, на што той звяртае ўвагу падчас наведвання любога прадпрыемства. Гэты вонкавы выгляд мог «спісаць» любыя эканамічныя пралікі.
У выніку ў канцы 2016-га прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў канстатаваў: рэалізацыя інвестыцыйнага праекта на «Сукне» з-за кан'юнктуры рынку нават не была пачата (!!!), сітуацыя на прадпрыемстве цяжкая, лёс 360 работнікаў незразумелы, рашэнне пра лёс фабрыкі «не трывае адкладання».
З дакладнасцю да наадварот
У выніку ўсіх «мадэрнізацый» у 2017 годзе на прадпрыемства прыйшоў ужо не дырэктар, а антыкрызісны кіраўнік Максім Малашчыцкі. Некалі адносна паспяховае прадпрыемства, знаходзячыся «на кантролі» ў Лукашэнкі, было загружана на 25% магутнасці. З 44 тысяч квадратных метраў вытворчых плошчаў загружана было 20 тысяч.
І ўсё той жа віцэ-прэм'ер Сямашка зноў агучыў сваю ідэю. Але цяпер ужо не пра далучэнне «Камволя» да «Сукна», а наадварот — аб далучэнні «Сукна» да «Камволя», які, на той момант, тую ж мадэрнізацыю скончыў (на што было выдзелена 110 млн еўра дзяржаўных сродкаў) і прыцягнуў замежных інвестараў.
«Лічу, што гэта павінна быць адзінае прадпрыемства. У мінулым годзе мы скончылі мадэрнізацыю «Камволя», за кошт новага абсталявання ў разы павялічылася прадукцыйнасць прадпрыемства. Пры гэтым вызваліліся плошчы, таму на іх і трэба сумяшчаць камвольную і суконную вытворчасць... Аб'яднанне непазбежнае, гэта маё меркаванне», — заявіў Сямашка. І падкрэсліў: «Не трэба ў ААТ «Сукно» цяпер укладваць велізарныя грошы. Патрэба ў сукне рэзка ўпала».
Зазірніце ў пачатак артыкула: усяго чатыры гады таму Сямашка казаў тое ж самае, але ў дачыненні да «Камволя». Сітуацыя павярнулася люстэркава. За чатыры гады больш-менш паспяховае прадпрыемства прыйшло ў заняпад «пад шчыльным кантролем» кіраўніка дзяржавы.
Але Лукашэнка зноў вырашыў ратаваць «Сукно». У снежні пры наведванні «Камволя» (адзначым, што не «Сукна») кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем кіраўніцтва турэцкай кампаніі «Zen Led» аб магчымасцях беларускага суконнага прадпрыемства пасля мадэрнізацыі. Старшыня Савета праўлення кампаніі Сабра Доган адзначыў, што на працягу двух гадоў магчыма выйсці на вытворчасць і продаж каля 4 млн пагонных метраў суконнай тканіны. Лукашэнка звярнуўся да чыноўнікаў: «Чаму чалавек можа прадаць 4 млн пагонных метраў суконнай тканіны за год, а вы мне прапануеце вырабляць у 10 разоў менш?»
І чарговы раз даручыў прапрацаваць варыянты захавання паўнавартаснай суконнай вытворчасці ў краіне.
Вось, у прынцыпе, і ўсё
Вынік чарговага «новага выратавання ад Лукашэнкі» чакаць сябе не прымусіў. У пачатку 2018 года суд прызнаў ААТ «Сукно» эканамічна неплацежаздольным і пастанавіў увесці санацыю. У канцы года, 3 снежня, пасля нарады ў Лукашэнкі ўжо новы віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка паведаміў: «Сукно» пераедзе на пляцоўку «Камволя», а тэрыторыю прадпрыемства прададуць на аўкцыёне, каб разлічыцца з даўгамі. Адно з тлумачэнняў: загрузка састарэлых магутнасцей не перавышае 10%».
Каб правесці такое рашэнне ў жыццё, Ляшэнка пайшоў на хітрыкі: пры фактычным аб’яднанні «Камволя» і «Сукна» ААТ «Сукно» захоўвалася як юрыдычная асоба. І таксама захоўвалася гандлёвая марка.
Ну а «продаж тэрыторыі прадпрыемства», як мы бачым, трывае па гэты дзень.
Казка пра «Сукно» поўная маралі. Па-першае, настальгія не тое пачуццё, якім трэба кіравацца пры прыняцці рашэнняў. Калі б сёй-той не адчуваў настальгіі па «прамысловасці СССР», ААТ «Сукно» цяпер існавала б у ранейшым выглядзе (але не факт, што існавала б ААТ «Камволь», вядома ж). У любым выпадку, у спробе прадухіліць непазбежнае было змарнавана шмат часу і сродкаў.
Па-другое, гэта прыклад таго, што кожнаму трэба займацца сваёй справай. Маючы велізарныя прэферэнцыі і багаты ўнутраны рынак (чаго толькі вартая школьная форма, не кажучы ўжо пра форму для войска і міліцыі), нашы прадпрыемствы Легпрама ўсё ніяк не могуць выйсці з крызісу — менавіта таму, што кіраўніцтва «Беллегпрама» займаецца не сваёй справай. Ім трэба звярнуць увагу на паляпшэнне сваіх прадпрыемстваў — але замест гэтага яны займаюцца барацьбой з канкурэнтамі і ўжо пяцігодку спрабуюць пасунуць з рынку «сэканд-хэнды». А лепш бы накіравалі гэты час і намаганні на тое, каб выпускаць якасную, сучасную і недарагую прадукцыю.
Па-трэцяе, містычнае: чым больш увагі надае Лукашэнка нейкаму прадпрыемству, тым яму, прадпрыемству, горш. ААТ «Сукно» — магутны прыклад. Як і «Мотавела». Як і «Строммаш». І сотні іншых прадпрыемстваў, у якіх «прэзідэнцкі кантроль» і ўмяшанне дзяржавы не толькі не далі нічога пазітыўнага, а наадварот — ператварылі больш-менш паспяховыя вытворчасці ў поўных банкрутаў.