Беларускі эканамічны цуд: у «самай пітушчай краіне» банкрутуюць спіртзаводы

Беларусь некаторы час называлі адной з самых пітушчых краін свету. Але здараюцца і цуды. Напрыклад, у «самай пітушчай краіне» банкрутуюць спіртавыя і гарэлачныя заводы. Нешта са статыстыкай не тое, ці як?

01_6_.jpg

У 2021 годзе Арганізацыя «World Population Review» назвала Беларусь самай пітушчай краінай свету. Інфармацыя нарабіла шмат вэрхалу: беларускае Міністэрства аховы здароўя абвергла гэтыя звесткі і растлумачыла, што для складання рэйтынгу былі выкарыстаны старыя лічбы СААЗ. «WPR» з гэтым пагадзілася, і ў рэйтынгу 2022 года па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва перамясціла Беларусь на 25-е месца.

У свеце продаж алкаголю лічыцца звышпрыбытковымі бізнесам. Між тым, у «самай пітушчай краіне» дзіўным чынам банкрутуюць спіртзаводы. Пасля Новага года на партале «ІПМ-Таргі» з'явіліся лоты ад ААТ «Мазырскі спіртагарэлачны завод». Завод, падобна, распрадае ўсё, пачынаючы ад адміністрацыйных будынкаў і заканчваючы станкамі.

Праўда, некаторыя аб'екты на продаж больш нагадваюць не будынкі, а груды цаглін. Затое і прадаюцца яны нават не за тысячы, а за сотні рублёў.


А на нядаўнім аўкцыёне маёмасці завода камусьці пашэнціла больш: аўтамабіль ГАЗ-66 быў прададзены за 1400 рублёў, а ГАЗ-2705 («Газель») прадалі і зусім за 453 рублі.

Атрымліваецца, што хай і не ў самай пітушчай у свеце, але ў краіне, дзе спажыванне спіртнога перавышае нават крытычную лічбу таго ж СААЗ, спіртзавод знаходзіцца ў стадыі банкруцтва.

Больш за тое, Мазырскі спіртзавод з’яўляецца адначасова рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Гомель — Ратон». То-бок у гэтай зоне для яго быў ільготны падатковы рэжым. І ўсё роўна спіртзавод (!) пры ільготным падатковым рэжыме (!) збанкрутаваў.

Зрэшты, Мазырскі спіртзавод — не адзіны з цяжкім лёсам. Быў час, калі настойкі і бальзамы Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода лічыліся самымі смачнымі і якаснымі нават у Мінску, дзе пад бокам велізарны віна-гарэлачны «Крышталь», не кажучы ўжо пра завод пеністых вінаў. Цяпер Клімавіцкі ЛВЗ таксама банкрут у стадыі санацыі (фінансавага аздараўлення).

Пры гэтым абодва заводы ў працэсе санацыі знаходзяцца даволі доўгі тэрмін: Мазырскі — ад 2016 года, а Клімавіцкі — ад 2017-га. Падавалася б, за 6-7 гадоў завод у такой прыбытковай галіне ўжо даўно павінен быў «аздаравіцца». І тым не менш…

Чаму ў Беларусі банкрутуюцца прадпрыемствы такой сферы, у якой яны банкрутамі быць наогул не павінны? Усё з-за дрэннага кіравання, кажа эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра «BEROC» Леў Львоўскі. І таму, што такія правілы гульні ўстанаўлівае дзяржава.

Леў Львоўскі падкрэслівае, што збанкрутаваць алкагольнае прадпрыемства сапраўды складана, але наша сумесь дзяржкіравання з дзяржрэгуляваннем здольная нават на такія цуды.

— Пры гэтым нельга сказаць, што гэта тычыцца ўсёй галіны, завод «Крышталь» цалкам сабе прыбытковы, і некаторыя лікёра-гарэлачныя заводы паказваюць цалкам добрыя вынікі. Тут праблема менеджменту, які быў прызначаны ў канкрэтнае месца.

Чаму такія вялікія тэрміны санацыі? Дык гэта звычайная справа пры дзяржуласнасці і дзяржкіраванні. З завода прыбіраюць менеджара, які дрэнна спраўляецца са сваімі абавязкамі, і на яго месца ставяць другога такога ж менеджара, які таксама спраўляецца не вельмі добра.

А навошта яму добра спраўляцца? Даўгі дзяржпрадпрыемства спіша сама ж дзяржава — гэта звычайны для Беларусі кейс. І любы менеджар, назначаны дзяржавай, разумее, што даўгі спішуць так ці інакш. А калі ён зробіць завод прыбытковым, то сам ён з гэтага нічога не атрымае: ніякіх асаблівых дывідэндаў і мільённых прэмій, калі ён павялічыць прыбытак завода на дзясяткі мільёнаў. Таму лепш сядзець ціха, нічога асабліва не рабіць, не чапаць і плыць па цячэнні — гэта тыповая сітуацыя для дзяржуласнасці.

Па звестках беларускага Мінздароўя, кожны беларус ва ўзросце ад 15 гадоў спажывае каля 10 літраў спірту на год. 10 літраў спірту — гэта прыкладна 25 бутэлек гарэлкі. Калі мы дапусцім, што ў нас «старэйшых за 15 гадоў» 5 мільёнаў насельніцтва, то атрымаецца, што яны выпіваюць 125 мільёнаў бутэлек гарэлкі за год.

Пры гэтым дзяржава сёлета вырашыла падвысіць акцыз на алкаголь і тытунь. Па падліках экспертаў праекта «Кошт урада», бутэлька гарэлкі ў гэтым годзе падаражэе прыкладна на 2 рублі. Гэта значыць, толькі за кошт гарэлкі дзяржава атрымае 250 мільёнаў рублёў, альбо 10 мільёнаў долараў па сённяшнім курсе.


Самае цікавае, што гэта адбудзецца за кошт павышэння акцызу, то-бок заводы з гэтага павышэння нічога не атрымаюць.

Леў Львоўскі вызнае, што такое павышэнне акцызаў заводам не выгаднае, аднак для іх і не крытычнае. Затое ў пэўным рэчышчы тут супалі інтарэсы і дзяржавы, і грамадства.

— Трэба ўлічваць, што попыт на алкаголь наогул, а асабліва на танны і моцны алкаголь, даволі неэластычны — гэта значыць, мала змяняецца ў залежнасці ад цаны. Людзі, якія вельмі моцна хочуць выпіць, хутчэй за ўсё, усё роўна пойдуць і вып'юць. Так што заводы ад падвышэння акцызаў злёгку будуць у мінусе, але — нічога крытычна сур'ёзнага.

А ў цэлым для Беларусі павышэнне акцызаў на алкаголь — гэта добра. У Беларусі ёсць праблема з алкаголем. У нас усё дрэнна з данымі, але галоўны паказчык гэтай праблемы ў тым, што мы — адны з сусветных лідараў па розніцы доўгажыхарства мужчын і жанчын: у нас мужчыны паміраюць у сярэднім на 10 гадоў раней, чым жанчыны.

Натуральна, да гэтага прыводзіць цэлы шэраг фактараў, але залішняе спажыванне алкаголю — адзін з істотных. Асабліва калі мы гаворым пра моцныя напоі і іх празмернае спажыванне.

Таму ў цэлым гэта добрая мера для Беларусі. Зразумела, што цяпер яна прымяняецца не з нейкіх добрых памкненняў, гэта выпадковае супадзенне інтарэсаў дзяржавы і інтарэсаў грамадства. Мэта дзяржавы — сабраць больш падаткаў і акцызаў. Мы бачым, што ў нас павышаюцца ўсе старыя падаткі і ўводзяцца новыя. Але ў гэтым выпадку імкненне дзяржавы па засеках наскрэбці яшчэ колькі грошай у бюджэт адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам грамадства, — кажа эксперт.

Пры гэтым адмыслоўцы «Кошту ўрада» адзначаюць, што акцызы на тытунь і алкаголь плануюць павысіць да 80% ад расійскіх. Меркавана, гэта робіцца для таго, каб наша алкагольная прадукцыя была больш канкурэнтнай у Расіі. Але Леў Львоўскі лічыць, што зайсці на расійскі рынак нам будзе звышскладана.

— Расія для нас цяпер — самы вялікі рынак наогул, у цэлым. Напэўна, і нашы вытворцы алкаголю на яго нацэлены. Але наконт перспектыў казаць складана, паколькі наш алкаголь там спаборнічае ў няпростай нішы. Гэта, з аднаго боку, непрэміяльны алкаголь, таму што прэміяльны алкаголь там усё роўна заходні і еўрапейскі. А з другога боку, ён і не самы танны, бо ў Расіі наогул вялікая праблема з кантрафактным алкаголем, наша прадукцыя не зойме самыя танныя нішы.

Наш алкаголь — у высокаканкурэнтным сегменце. Паглядзім, ці змогуць нашы вытворцы пазмагацца з расійскімі.

Дык што рабіць, каб нашы заводы не банкрутавалі? Рэцэпт Львоўскага просты:

— Першае, што трэба зрабіць, і не толькі ў сферы алкаголю, а наогул ва ўсёй эканоміцы — адасобіць дзяржаву-ўласніка ад дзяржавы-менеджара. У нас дзяржава і валодае заводам, і яна ж піша правілы гульні.