Разыходзімся, грамадзяне! Беларускага ровара ў нас не будзе

Бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч узгадвае эпапею «беларускага ровара» і заўважае, што беларускім уладам някепска было б прыдбаць прыладу для сцірання памяці, паказаную ў фільме «Людзі ў чорным».

Фота з drikus.club

Фота з drikus.club

Усё. Прыехалі. Не будзе ў нас беларускага ровара, разыходзімся грамадзяне!

Тут бы падышла нейкая нітка такая штуковіна (беларускай, натуральна, вытворчасці) якая была ў Уіла Сміта і Томі Лі Джонса ў «Людзях у чорным».

Спецыяльная такая мігцелка, што б так раз, і высечы памяць усім беларусам.

Справа ў наступным. У беларускіх дзяржСМІ выдалі фінальны эпізод сітуацыйнай камедыі «Качанава і ровар».

Памятаеце, як год таму, амаль у гэтыя ж дні, галоўны наш (вела)гоншчык разгневаўся на дырэктара «Мотавела» Мікалая Ладуцьку? Разгневаўся за прамое ашуканства, за спробу выдаць цалкам кітайскі матацыкл за беларускі, і выгнаў яго «на мароз».

Глядзіце таксама

Ну, як выгнаў... Мікалай Ладуцька хуценька прызямліўся ў цёплае крэсла намесніка дырэктара «Мінскай спадчыны», і прыкмет недаядання не выяўляе.

А на заводзе тым часам узяліся, закасаўшы рукавы, за імпартазамяшчэнне. Падключылі 14 прадпрыемстваў розных галін беларускай прамысловасці. Гэта яны так ровар збіралі.

І, да Новага года... Не атрымалася. Разгневаная Качанава абяцала ўсіх закласці за сабатаж. І так яна, значыць, данесла гэтую інфармацыю наверх, што адтуль на «Мотавела» адразу праліўся... Залаты дождж, у аб'ёме 6,5 млн. рублёў на развіццё вытворчасці.

І вось, прайшло паўгода, наступствы дажджу высахлі, але ровара не з'явілася.

На чарговай нарадзе, прысвечанай развіццю «Мотавела», наша выбітная дзяржаўная Наталля, заявіла, што даручэнне велааматара абавязкова будзе выканана!

І завод даможацца... Лакалізацыі ў 50%... Напрацягу 5-ці гадоў.

І ў вас таксама нешта ў вачах бліснула? І ў мяне.

Перачытаў разоў пяць, усё дакладна — больш ніхто не збіраецца вырабляць беларускі ровар. І ўжо тым больш, да мінулага Новага года. Няма больш такой задачы, і ніколі і не было, падалося нам...  Такое вось дзіўнае скажэнне прасторава-часавага кантынууму ў рамках асобнага прадпрыемства.

Сам жа «Мотавела» даў справаздачу аб продажы 30 тысяч ровараў за паўгода на беларускім рынку.

Расійскі? Сціпла змаўчаў, выхваляцца няма чым.

Нагадаю, калі 8 гадоў таму саджалі Мураўёва за тое, што ён нешта там не выканаў, аб'ём вытворчасці быў у разы большы.