У вернікаў забіраюць Чырвоны касцёл (дапоўнена)

Беларуская ўлада забірае ў вернікаў парафіі касцёл святых Сымона і Алены. КУП «Мінская спадчына» вырашыла скасаваць дагавор карыстання.

Жаночы ланцуг у жніўні 2020 года

Жаночы ланцуг у жніўні 2020 года

Улады вырашылі скасаваць дамову карыстання Чырвоным касцёлам з суполкай «Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і святой Алены». Адпаведнае апавяшчэнне ўжо атрымалі касцельныя ўлады. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» і адзначыў, што здолеў спраўдзіць гэту інфармацыю адразу ў некалькіх крыніцах.

Ад вернікаў патрабуюць забраць маёмасць з храма на працягу некалькіх дзён.



Касцёл Святых Сымона і Алены ў Мінску больш вядомы як Чырвоны касцёл. Храм знаходзіцца на плошчы Незалежнасці побач з Домам урада і з'яўляецца адным з сімвалаў сталіцы Беларусі. Будынак касцёла, узведзены ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча, пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці не быў перададзены суполцы вернікаў, але знаходзіўся ў яе бязвыплатным карыстанні.

У 2013 годзе храм быў замацаваны на праве гаспадарчага вядзення за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэта арганізацыя паведаміла днямі вернікам, што скасоўвае дагавор карыстання.