Валерый Карбалевіч: У вачах рэжыма Чырвоны касцёл — «расаднік беларускасці»

Беларускія ўлады забралі ў каталікоў Чырвоны касцёл і патрабуюць, каб рымска-каталіцкая парафія на працягу некалькіх дзён вызваліла памяшканне ад сваіх рэчаў. «Салідарнасць» паразмаўляла с палітолагам Валерыем Карбалевічам аб тым, навошта рэжым пайшоў на гэты адчайны крок.

ppc_01_redchurch_popup_04.jpg

— Касцёл стаў праблемай для ўладаў яшчэ з моманту пратэстаў у 2020 годзе, тады адбылася вельмі паказальная гісторыя з Тадэвушам Кандрусевічам, — нагадаў палітолаг. — Праблема абвастрылася пад уплывам таго, што Польшча была абвешчаная галоўным ворагам.

А ўплыў польскага касцёла на беларускі, як вядома, дастаткова вялікі. Таму касцёл увесь гэты час быў пад падазрэннем, і гэтую праблему спрабавалі нейкім чынам вырашаць.

Вядома, цалкам аб'яўляць усю суполку ворагамі і пачынаць супраць каталікоў масавыя рэпрэсіі пакуль улады не гатовыя, але вось такія частковыя дзеянні пачынаюць ажыццяўляць.

Суразмоўца тлумачыць, што ўлады нездарма лічаць Чырвоны касцёл «небяспечным аб'ектам».

— У іх вачах гэта «расаднік беларускасці». А беларускасць у спалучэнні з каталіцтвам — гэта кактэйль, які ўлады лічаць небяспечным.

Магчыма, там праходзілі нейкія пропаведзі, можна меркаваць, што запісалі, далажылі, уладам не спадабалася. Не ведаю, гэта стала падставай ці нейкі іншы трыгер быў, але зачышчаюць.

— Да якіх наступстваў гэта можа прывесці?

— Гэта можа выліцца ў напружанне з Ватыканам. Напэўна, папскі нунцый, які выконвае ролю пасла Ватыкана ў Беларусі, будзе прымаць нейкія меры, задаваць нейкія пытанні.

Напэўна, паўстане пэўнае напружанне паміж Мінскам і Ватыканам. А Мінск усё ж, думаю, цалкам не хацеў бы рваць адносіны.

Бо ў свой час беларускія ўлады нават ускладалі надзеі на тое, што Ватыкан можа быць пасярэднікам альбо лабістам іх інтарэсаў у пытанні размарожвання стасункаў з Еўропай. Невыпадкова Лукашэнка ездзіў у Ватыкан, сустракаўся з Папам Рымскім.

Зноў жа сітуацыя з Кандрусевічам была ўрэгуляваная дыпламатычным шляхам, у выніку перамоваў з прадстаўніком Ватыкана. Таму на касцёл як бы ўскладаюцца пэўныя надзеі.

Мяркую, што гэта апошні палітычны цэнтр на Захадзе, з кім афіцыйны Мінск хацеў бы рваць стасункі. Ватыкан — гэта структура, якая аказвае сур'ёзны ўплыў на масавую свядомасць заходняга свету.

Акрамя таго, у Беларусі вялікая частка насельніцтва вызнае каталіцкую рэлігію, што немалаважна для ўладаў. Ватыкан — нейкі маральны аўтарытэт для значнай часткі свету. Таму наўрад ці Мінск ставіць сваёй мэтай парваць адносіны.

— Але пры гэтым вы абмовіліся, што пакуль улады баяцца масава зачышчаць каталікоў, чапаць святароў. Могуць дайсці і да гэтага?

— Цяжка меркаваць, у які бок пойдуць рэпрэсіі далей. Тут усё залежыць ад адчування пагрозы. Рэжым прыбірае тыя сацыяльныя групы, пласты або інстытуты, ад якіх гэтую пагрозу адчувае. Вось адчулі з боку прыватнай адукацыі — і разграмілі яе.

Што далей будзе, складана казаць, але, па маіх уяўленнях, ніякіх чырвоных ліній, ніякага дна ў рэжыму няма.

— То бок цяпер яны адчулі пагрозу ад каталікоў?

— Не тое, каб яны іх спалохаліся. Улады лічаць каталікоў, каталіцкі касцёл структурай, якая дэманструе сумнеўную лаяльнасць, адпаведна, да іх такое стаўленне.