З'явілася петыцыя з просьбай аднавіць набажэнствы ў Чырвоным касцёле

Рыма-каталіцкая парафія св. Сымона і Алены звярнулася да вернікаў і неабыякавых людзей з просьбай падтрымаць петыцыю да ўладаў аб аднаўленні набажэнстваў у Чырвоным касцёле. 

Архіўнае фота. Яна Трусіла

Архіўнае фота. Яна Трусіла

Касцёл Святых Сымона і Алены ў Мінску больш вядомы як Чырвоны касцёл. Храм знаходзіцца на плошчы Незалежнасці побач з Домам урада і з'яўляецца адным з сімвалаў сталіцы Беларусі. Будынак касцёла, узведзены ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча, пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці не быў перададзены суполцы вернікаў, але знаходзіўся ў яе бязвыплатным карыстанні.
У 2013 годзе храм быў замацаваны на праве гаспадарчага вядзення за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэта арганізацыя паведаміла днямі вернікам, што скасоўвае дагавор карыстання. 5 кастрычніка прыход атрымаў ліст ад КУП «Мінская спадчына» N11/5256, у якім паведамляецца, што да 12 кастрычніка неабходна вызваліць памяшканне касцёла ад маёмасці.


З 25 на 26 верасня 2022 года ў касцёле Св.Сымона і Св. Алены адбылося ўзгаранне ў памяшканні сакрыстыі (канцылярыі), якое размяшчаецца ў прыбудове касцёла. Пашкоджана не больш за 20 кв. м. плошчы. Нягледзячы на невялікую плошчу пашкоджання, увесь касцёл апламбаваны і не даступны для правядзення набажэнстваў.
«Усхваляваныя сітуацыяй, якая склалася на сённяшні дзень, а таксама пазбаўленыя месца для правядзення набажэнстваў, мы звяртаемся з просьбай паспрыяць як мага хутчэйшаму вяртанню вялікай залы касцёла, у якой не было ўзгарання, для аднаўлення малітвы і набажэнстваў, здзяйснення Божых сакрамантаў Хросту, шлюбу і іншых», — гаворыцца ў петыцыі.
Вернікі просяць дазволу ўладаў на перыяд аднаўленчых работ у памяшканні касцёла праводзіць богаслужэнні ў светлы час сутак у памяшканні галерэі касцёла, дзе ёсць аўтаномныя выхады на вуліцу, або на вуліцы — ва ўнутраным дворыку комплекса будынкаў касцёла.