Парафія Чырвонага касцёла просіць Лукашэнку пусціць вернікаў у храм
У парафіяльнай абвестцы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк паведамляе, што вернікі да гэтага часу не мае доступу ў памяшканне касцёла, нягледзячы на тое, што пратакол камісіі па надзвычайных сітуацыях прадугледжвае ўдзел прадстаўнікоў абшчыны ў даследаванні канструкцый храма.
Таму ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк ад імя рэлігійнай суполкі «Рымска-каталіцкі прыход Святога Сымона і Святой Алены» звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай вырашыць канфліктную сітуацыю вакол касцёла.
Парафія накіравала адкрыты ліст на імя Лукашэнкі, копія якога размешчаная на сайце.
«Звяртаючыся да вас, Аляксандр Рыгоравіч, як да гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, просім надаць увагу дадзенай сітуацыі. Вашае спрыянне ў прававым і цывілізаваным падыходзе дазволіць нам сумесна з адмыслоўцамі КУП “Мінская спадчына» не толькі агледзець давераную нам маёмасць, але і кансалідавана прыняць рашэнне аб парадку працягу багаслужэнняў у Касцёле і найхутчэйшым аднаўленні дзейнасці рэлігійнай суполкі» — піша ксёндз Завальнюк.
«Агляд памяшканняў, вызначэнне магчымай шкоды маёмасці, мог і павінен праводзіцца з удзелам упаўнаважаных прадстаўнікоў абшчыны (кіраўніцтва і тэхнічных службаў, адказных за эксплуатацыю). Няўхільнае выкананне такой працэдуры, вызначанай правам, з'яўляецца абавязковым і забяспечвае як інтарэсы абшчыны, так і інтарэсы дзяржавы як уласніка маёмасці», — гаворыцца ў лісце.
Абшчына адзначае, што Рымска-каталіцкая царква мае шматвяковы досвед у рамонтных і рэстаўрацыйных працах без закрыцця касцёла. Вернікі спадзяюцца, што атрымаюць дазвол агледзець маёмасць у касцёле разам са спецыялістамі «Мінскай спадчыны» і працягнуць праводзіць набажэнствы.
Нагадаем, уначы 26 верасня ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску здарыўся пажар. Прычынай здарэння нібыта стала ўзгаранне электраправодкі, паведаміла МНС Беларусі. У той самы дзень адміністрацыя Маскоўскага раёну Мінску заявіла аб часовым прыпыненні працы касцёла «да ліквідацыі ўсіх недахопаў і вынясення заключэнняў кампетэнтнымі спецыялістамі».
6 кастрычніка стала вядома, што ўлады скасоўваюць дамову безаплатнага карыстання касцёлам з супольнасцю «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены». На імя ксяндза-пробашча Уладзіслава Завальнюка прыйшоў афіцыйны ліст з патрабаваннем вызваліць касцёл і плябанію (суседні са святыняй будынак, у якім жывуць святары) да 12 кастрычніка, з прычыны «немагчымасці яго эксплуатацыі».