Кіраўнік МЗС Літвы: Заявы Лукашэнкі нагадваюць крык аб дапамозе
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс не надае занадта вялікага значэння заявам Лукашэнкі аб тым, што Літва, Польшча і Украіна нібыта рыхтуюць беларускіх «радыкалаў» да ўяўных «тэрарыстычных актаў» у Беларусі.
![voda_ruka_more_gorizont_118181_2048x1152.jpg voda_ruka_more_gorizont_118181_2048x1152.jpg](/img/v1/images/voda_ruka_more_gorizont_118181_2048x1152.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па словах міністра, пакуль няма падстаў казаць пра дзеянні Беларусі, якія ўяўляюць пагрозу для Літвы.
«Факты, якія мы маем як з адкрытых крыніц, так і ад нашых службаў, пакуль не дазваляюць нам убачыць якія-небудзь дзеянні, што былі б накіраваны супраць Літвы або якім-небудзь чынам змянілі б нашу сітуацыю з бяспекай. Па праўдзе кажучы, хутчэй наадварот. Тэхніку з Беларусі вывозяць, падобна, што яна будзе выкарыстоўвацца супраць Украіны. Хутчэй за ўсё — на фронце. Расіі не хапае ўласнага ўзбраення, і яна мабілізуе ўсё, што можа», — паведаміў журналістам у Сейме Ландсбергіс.
«Усе гэтыя размовы мне больш нагадваюць крык аб дапамозе. Згодна з наяўнай у нас інфармацыяй, эканоміка Беларусі ў заняпадзе, яна абрынулася з-за санкцый і ізаляцыі», — дадаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Па яго словах, вайна ва Украіне, якая разгортваецца няўдала для Расіі, цягне ў яму і Беларусь. «Палітычна ў Лукашэнкі няма нават падобнай легітымнасці, як у Расіі. Пуцін рады падтрымцы вайны, а ў Беларусі гэтага няма. Вайна Расіі, падобна, цягне Беларусь у яму», — сказаў Ландсбергіс.
Аднак, паводле яго слоў, такімі заявамі Лукашэнка спрабуе прыцягнуць увагу і стварыць для ўкраінцаў дадатковыя праблемы. «Мабыць, адзінае, на што ён спадзяецца — стварыць такім чынам дадатковыя праблемы для ўкраінцаў, прымусіўшы іх захоўваць сілы ў паўночнай частцы Украіны», — мяркуе Ландсбергіс.
Нагадаем, Лукашэнка ў панядзелак заявіў, што Літва, Польшча і Украіна нібыта рыхтуюць беларускіх «радыкалаў» да ўяўных «тэрактаў» у Беларусі. «Падрыхтоўка ў Польшчы, Літве і Украіне баевікоў з ліку беларускіх радыкалаў для правядзення дыверсій, тэрактаў і арганізацыі ваеннага бунту ў краіне набывае ўзровень непасрэднай пагрозы», — на сустрэчы з прадстаўнікамі арміі краіны сказаў Лукашэнка і дадаў, што Вашынгтон і Брусель «імкнуцца абвастрыць сітуацыю».
Варта адзначыць, што старшыня камітэта па абароне Дзяржаўнай Думы Расіі Андрэй Картаполаў патлумачыў рашэнне Лукашэнкі і Пуціна пачаць разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў дзвюх краін неабходнасцю супакоіць афіцыйны Мінск.
«Што тычыцца ўдзелу ў спецыяльнай вайсковай аперацыі, думаю, што ў гэтым няма неабходнасці. Тая групоўка, якая выконвае задачы, цалкам здольная гэтыя задачы выканаць. Разгортванне нацэлена на тое, каб зняць занепакоенасць Аляксандра Рыгоравіча і нашых беларускіх братоў», — цытуе РІА «Навіны» Картаполава.
Па яго словах, разгортванне групоўкі з'яўляецца адказам на дзеянні Польшчы, якая нібыта размяшчае ваенныя злучэнні на мяжы з Беларуссю. Пры гэтым Картаполаў сказаў, што павялічыць прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі прасіў Лукашэнка.
«На сёння проста прынята рашэнне па просьбе Лукашэнкі гэтую групоўку разгарнуць. У якім аб'ёме — пакуль рана гаварыць. Рашэнне будзе прынята генеральнымі штабамі нашых краін», — сказаў расійскі дэпутат.