«Нешта не так!» Ці будуць выдаваць пенсію падшыпнікамі і балтамі?

Улады Беларусі разбіраюцца з палякамі, былі ці не былі беларускія верталёты на польскай тэрыторыі. Але на фоне глабальных праблем нам трэба вырашаць і рэгіянальныя. І тут беларуская ўлада фантануе новымі ідэямі. Ніякія памежныя інцыдэнты не могуць быць перашкодай для палёту фантазіі.

Фота з krot.info

Фота з krot.info

Вызначылася тут, вядома, Наталля Качанава. На пасяджэнні Кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якое адбылося ў Гомелі, яна агучыла сваю мару. Не, гэта не «хатка ў вёсцы» і свабодны выезд у Еўропу. Качанава, як аказалася, марыць стварыць IT-кампанію для дзяцей з аўтызмам. «Гэта мая мара. IT-гэта сфера, дзе не трэба шмат кантактаваць з людзьмі, што з'яўляецца праблематычным для тых, хто мае такія разлады», — цытуе Качанаву БелТА.

Яна дадала, што дапамагаць людзям з такімі захворваннямі трэба і ў іншых сферах, выконваючы прынцып «роўны — роўнаму».

Мара, вядома, цікавая. Але ёсць багата сфер, у якіх «не трэба шмат кантактаваць з людзьмі», і чаму б Качанавай, выконваючы прынцып «роўны — роўнаму», не паспрабаваць людзей з аўтызмам і ў іншых сферах?

Напрыклад, урад. Вы ведаеце, чым ён займаецца? Для мяне гэта такі ж цёмны лес, як і ІТ-сфера. І ў адным, і ў другім выпадку людзі сядзяць у кабінетах перад камп’ютарамі, размаўляюць незразумелымі словамі і робяць незразумела што.

Або дзяржаўная служба. Ужо даўно чыноўнікі адгарадзіліся ад народа жалезнай заслонай, нікому нічога не тлумачаць і ні перад кім справаздачаў не даюць. Усяго і справы, раз у месяц правесці «асабісты прыём грамадзян», якія ўсё роўна не змогуць увайсці ў ведамасны будынак без пропуску, і раз у год з’ездзіць на «Дажынкі».

І, дарэчы, я амаль упэўнены, што карысці там ад аўтыстаў будзе значна больш, чым ад цяперашняга ўраду. Прынамсі, можна будзе заявіць Еўропе пра велізарны прарыў у сферы роўнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Возьмем, напрыклад, Санкт-Пецярбург. Там прыпынілі эксплуатацыю «добрых і недарагіх» аўтобусаў МАЗ — аказалася, яны загараюцца проста ў рэйсе з зайздроснай рэгулярнасцю. У сакавіку паведамлялася, што было пастаўлена 50 аўтобусаў. Згарэла ўжо чатыры.

Гэтая праблема нават абмяркоўвалася на сустрэчы Лукашэнкі і губернатарам Піцера Аляксандрам Бягловым. Паводле версіі Лукашэнкі, якую ён агучыў 27 ліпеня, Бяглоў мяркуе, што ва ўсім вінаватыя журналісты, якія «ўмеюць прыгожа падаць», а з аўтобусамі ўсё ў парадку.

Вядома, ва ўсім вінаватыя журналісты. Не, каб прайсці міма палаючага аўтобуса, і маўчаць у анучку, дык яны глядзяць, пішуць, лічаць, і яшчэ і фотачкі выкладаюць.

Праўда, гэта іх праца, і за гэта ім грошы плоцяць, але каго турбуюць такія дробязі? Галоўнае — вінаватага знайсці.

Але цымес у іншым: чаму праблема якасці аўтобусаў выносіцца на самы высокі ўзровень? Чаму яе не вырашаюць на ўзроўні завода, горада, урада? Вось міжволі ўзнікае пытанне: а ўрад што? Калі яны там не могуць вырашыць праблему аўтобусаў, то ці не лепш іх сапраўды замяніць хлопцамі-аўтыстамі? Можа, іх праца рэальна будзе больш эфектыўнай?

Яшчэ адна новая ідэя і новае прызначэнне. Міністр культуры Анатоль Маркевіч прадставіў калектыву «Беларусьфільм» новага кіраўніка, Юрыя Аляксея, і запатрабаваў укараніць стратэгію культурнага імпартазамяшчэння і здымаць фільмы для патрыятычнага выхавання насельніцтва.

«Высокі ўзровень прафесіяналізму, існуючы вопыт, веды і настойлівасць дазволяць Аляксею на высокім узроўні арганізаваць працу прадпрыемства, умела накіраваць калектыў кінастудыі “Беларусьфільм” на выкананне пастаўленых задач», — заявіў міністр культуры.

Імпартазамяшчэнне — гэта, вядома, наша святая карова, якую можна ўпіхнуць да месца і не да месца. Роўна як і патрыятычнае выхаванне. І нельга сказаць, што «Беларусьфільм» не можа здымаць кіно, якое, як мінімум, прыцягне да сябе ўвагу. Вядома, з краіны разбегліся акцёры, з'ехалі «купалаўцы», і наогул шмат таленавітых людзей, і ўзровень нават «Анастасіі Слуцкай» цяпер падаецца недасягальным. Тым больш, што цэнзура цяпер не прапусціць фільмы на такую тэму. Але ж гэта не значыць, што мы не можам здымаць кіно.

Памятаеце, колькі мемаў і жартаў паўстала з нагоды іншага нашага блокбастара — калі ў кіно паказалі дэманстрантаў з лозунгамі «Нешта не так»?

Смешна ж было, праўда? І патрыятычна.

З культурным імпартазамяшчэннем праблем наогул не будзе. Таму што іншага кіно ў нас проста няма. Няма ні «Опенгеймера», ні «Барбі» пасля таго, як у Казахстане прыкрылі лавачку па «рээкспарце» фільмаў на беларускія экраны. А таму паказваць у кінатэатрах будуць тое, што ёсць — «патрыятычнае» і «імпартазамяшчальнае».

Адзінае пытанне ў тым, што міністр культуры просіць яшчэ і «запатрабаваныя гледачом» фільмы. Вось гэта, канешне, праблема. Гэта ўжо «місія невыканальная».

А пакуль чыноўнікі турбуюцца пра «патрыятызм» і «імпартазамяшчэнне», краіна паволі скочваецца да натуральнай гаспадаркі. І гаворка ідзе ўжо не пра тое, што на прадпрыемствах прапануюць узяць частку заробку прадукцыяй — да гэтага мы звыклыя яшчэ з 1990-х. Усё значна горш.

У Гомельскай вобласці, якую з такім імпэтам наведала Качанава, для некалькіх соцень прадпрыемстваў мясцовыя ўлады дазволілі так званыя «тавараабменныя аперацыі». Пералік уключае ў сябе больш за 700 арганізацый самых розных сфер дзейнасці: ад сельскай гаспадаркі і прамысловасці да гандлю і ЖКГ. У гэтым спісе зусім няма прыватных прадпрыемстваў, затое ёсць «флагманы» нашай прамысловасці: БМЗ, «Гомсельмаш», Беларуснафта, а таксама тры банкі (Банк развіцця, Беларусбанк і Белаграпрамбанк). Гэтым банкам дазволена на бартарнай аснове прадастаўляць паслугі па фінансаваму пасярэдніцтву 272 прадпрыемствам са спісу.

Сутнасць «тавараабменных аперацый» у тым, што прадпрыемствы са спісу змогуць разлічвацца за паслугі банкаў сваёй прадукцыяй. І не толькі за паслугі банкаў — яны змогуць плаціць прадукцыяй падаткі ў бюджэт і «бартэрна» рабіць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны.

Добры тамада, і конкурсы ў яго цікавыя. Што будзе рабіць урад, калі ў якасці падаткаў яму падгоняць непрададзеныя камбайны «Гомсельмаша» або пару кіламетраў труб ад БМЗ? Ці будуць разбіраць гэтыя камбайны на запчасткі, каб выдаць пенсію падшыпнікамі ці балтамі? І самае галоўнае — ці не возьмуць на ўзбраенне досвед Гомеля астатнія вобласці?

Вам не падаецца, што лозунг «Беларусьфільма» «Нешта не так!» зайграў новымі фарбамі?