Топ-10 фільмаў Мэрылін Манро – легенды сусветнага кінематографа

4 жніўня — вось ужо 61 год, як шыкоўнай бландзінкі няма на гэтым свеце. А ці была Манро шыкоўнай акцёркай? Яе асоба што тады, што зараз прыцягвае захапляльныя погляды. Тры няўдалыя шлюбы, дэпрэсіі, неразборлівасць у медыцынскіх прэпаратах... Цела Мэрылін было знойдзенае нежывым у 1962 годзе. Мы падрыхтавалі спіс з 10 найлепшых стужак з яе ўдзелам. Прыемнага прагляду!

mar_1.jpg

Нумар 10. Як выйсьці замуж за мільянэра (How to Marry a Millionaire). 1953

how_to_marry_a_millionaire_1.jpg

У стужцы гераіня Мэрылін Манро не валодае капіталамі, але толькі імкнецца іх атрымаць. Стары як сьвет спосаб: выйсьці замуж за мільянэра. Рэжысэр Жан Негулеску знаёміць нас з трыма сяброўкамі, чый стартап палягае на тым, каб зьняць максімальна шыкоўную кватэру ў Нью-Ёрку, заляцацца да мясцовай эліты і ўрэшце прадаць сябе як мага даражэй.

Падчас няўдалых спробаў сяброўкам прыходзіцца прадаваць начыньне здымнай кватэры, каб замовіць ежы. Поўная камэдыйных сітуацый стужка, дзе гераіні апранаюць, як бы зараз сказалі, рэтрастроі. Паглядзіце, цалкам верагодна, вы б жадалі мець нешта падобнае ў сваім гардэробе (альбо гардэробе сваёй музы). 

Нумар 9. Зоймемся каханьнем (Let's Make Love). 1960

let_s_make_love.jpg

Гэтая рамантычная музычная камедыя рэжысэра Джорджа К'юкара, у значнай ступені зьяўляецца прыемнай стужкай, якая, аднак, не можа прэтэндаваць на шмат. У галоўнай ролі Мэрылін Манро разам з запрошанай французскай зоркай Івам Мантанам.

Прысутнасьць Манро на экране магнетычным чынам не дазваляе адрывацца ад сюжэту. Хараство яе выкананьня толькі паляпшаецца падчас музычных нумароў, асабліва падчас знакамітай песьні "My Heart Belongs to Daddy".

Француз Іў Мантан наадварот – на жаль, выпадае з фільму. Ён выглядае яе недарэчны элемент у стужцы, і паверыць у рамантычную сувязь з Манро дастаткова складана.

Нумар 8. Малпавыя справы (Monkey Business). 1952

monkey_business.jpg

Чарговая камедыя, гэтым разам рэжысэра Ховарда Хоўкса. У галоўнай ролі тут сапраўдная малпа, а таксама легенда Галівуда Кэры Грант. Мэрылін Манро выконвае ролю сакратаркі Гранта, што надае фільму непаўторнай энэргіі.

Нягледзячы на абмежаваны экранны час, Манро пераканаўча выглядае сярод сапраўдных зорак экрану і цалкам заслужана перацягвае коўдру на сябе.

Кэры Грант грае хіміка-дасьледніка немаладых гадоў у стужцы, якую можна ахарактарызаваць як сумесь камедыі і навуковай фантастыкі. Галоўны герой спрабуе вынайсьці сродак для вечнай маладосьці і робіць дасьледаваньні на малпах.

Як можна здагадацца, адна з малпачак стала прычынай нечаканага выпадку – па яе віне героі самі выпіваюць невядомую вадкасьць, і зь імі пачынае адбывацца розныя метамарфозы. Вы шукалі лёгкую камедыю на вечар? Гэта яна.

Нумар 7. Усё пра Эву (All About Eve). 1950

all_about_eve.jpg

У іншым сьпісе гэтая стужка стаяла б вельмі высока, а сёньняшняе сёмае месца абумоўлена толькі тым, што роля Мэрылін Манро ў ім зьяўляецца другаснай. Хаця нельга не адзначыць і яе ўдалы ўдзел у стужцы, якая атрымала ўзнагароду Оскар за лепшы фільм у адпаведным годзе.

Манро выконвае невялікую, але запамінальную ролю ў гэтай грандыёзнай пастаноўцы Джозэфа Манкевіча. Нават на гэтым раньнім этапе сваёй кар'еры Мэрылін вельмі ўпэўнена адчувала сябе на экране.

Рэжысэр паказвае гледачам сьвет амбіцый, здрады і цяжкіх рэаліяў шоў-бізнесу. Галоўная зорка тут выдатная Бэт Дэвіс, якая выконвае ролю састарэлай ва ўсіх сэнсах акторкі тэатру. Яна мяркуе, што здольная даць яшчэ бясконца шмат, але навакольны сьвет мяркуе інакш.

Ці, быць можа, іншыя не дараслі яшчэ да ўзроўню галоўнай гераіні? Адкажыце самі.

Нумар 6. Зуд сёмага года (The Seven Year Itch). 1955

the_seven_year_itch.jpg

Менавіта гэты фільм асацыюецца ў большасьці людзей з Мэрылін Манро. Бясспрэчным зьяўляецца той факт, што глядзеў яго мала хто. Але легендарныя кадры Манро ў знакамітай сцэне зь яе белай сукенкай, якая ўздымаецца па-над кратамі мэтро, бачылі ўсе.

Мэрылін эфектыўна ўвасабляе архэтыпічную "вельмі недалёкую бляндынку". Сюжэт будуецца вакол тэзы, што на сёмы год шлюбу мужчына пачынае адчуваць нейкі “зуд”. Галоўны герой у выкананьні Тома Юэла акурат падпадае пад гэтую катэгорыю.

Яго жонка з дзецьмі на лета выправілася на курорт, а сам ён застаўся працаваць у вялікім горадзе. І тут – як па замове, у кватэру зьверху засяляецца прыгожая бляндынка. Галоўны герой пачынае змаганьне з гэтым зудам, адначасова з тым, ён гатовы разгромна прайграць.

Нумар 5. Непрытуленыя (The Misfits). 1961

the_misfits.jpg

Гэтая стужка ахутаная містыкай. Менавіта гэты фільм стаў апошнім для Мэрылін Манро. Пасьля яна яшчэ пасьпела зьняцца ў некалькіх сцэнах іншай карціны, але яна так і не была скончаная ў сувязі са сьмерцю Мэрылін. Больш за тое, выканаўца галоўнай ролі ў Непрытуленых Кларк Гэйбл (той самы са «Зьнесеных Ветрам») у апошні дзень здымкаў заявіў:

«Божа Езусе! Я шчасьлівы, што гэты фільм нарэшце зьняты. Яна (Манро) давяла мяне да сардэчнага прыступу». На наступны дзень у Кларка Гэйбла быў інфаркт, і праз некалькі дзён ён памёр.

Іншы зорны ўдзельнік стужкі – Мантгомеры Кліфт — не на шмат перажыў сваіх калегаў, ён памёр праз некалькі гадоў у самым росквіце сілаў і кар’еры ад алкаголю і наркотыкаў.

Што да ўласна фільма – гэта добры прадстаўнік жанру вэстэрн, які зьняў Джон Х’юстан. Па сюжэце гераіня Манро падчас працэсу развода сустракае ў каўбойскім гарадку новую сяброўку і рознага кшталту мужчынаў з кольтамі і вялікімі капелюшамі.

Адразу пасьля здымкаў фільма быў скончаны працэс разводу Манро са сваім трэцім мужам, сцэнарыстам «Непрытуленых» Артурам Мілерам.

Нумар 4. Асфальтавыя джунглі (The Asphalt Jungle). 1950

the_asphalt_jungle.jpg

Яшчэ адна стужка рэжысэра Джона Х'юстана. Гэта культавы фільм нуар, які прапануе даволі жорсткі погляд на спробу рабаваньня. Ніякіх рамантызаваных элементаў. Крыміналітэт паказаны такім, якім ён ёсьць.

Мэрылін Манро грае ролю маладой каханкі карумпаванага адваката. Сюжэт фільма да дробязяў выдатна прапісаны, а дыялёгі не цягнуць за сабою мех пустых фразаў. Нуарным калярытам прасякнуты кожны кадр.

І сярод гэтай атмасфэры час ад часу зьяўляецца і літаральна блішчыць шыкоўная бляндынка.

Нумар 3. Джэнтльмэны аддаюць перавагу бляндынкам (Gentlemen Prefer Blondes). 1953

gentlemen_prefer_blondes.jpg

Ховард Хоўкс паставіў адзін з самых вядомых фільмаў з той самай бляндынкай. Гераіня Манро - кабета, якая ведае, чаго жадае і як гэта атрымаць, пры гэтым не губляючы свайго шарму. Гэта чароўная музычная камедыя, якая пакіне па сабе цудоўныя ўражаньні ад прагляду.

Легендарнае выкананьне песьні “Diamonds Are a Girl's Best Friend” стала ў нечым своеасаблівым гімнам некаторага кшталту паненак.

У стужцы гледачы ўбачаць знутры жыцьцё кабарэ. Менавіта такім словам можна апісаць і ўсё жыцьцё Манро.

Нумар 2. Ніягара (Niagara). 1952

niagara.jpg

Стужка рэжысэра Генры Хэтэўэя — захапляльны трылер-нуар, які істотна адрозьніваецца ад лёгкіх камедый і драмаў, якімі перадусім была вядомая Мэрылін Манро. Дзеяньне фільма разгортваецца на драматычным фоне Ніягарскага вадаспаду. Стваральнікі падрыхтавалі сумесь напружаньня, здрады і жарсьці, якія на працягу ўсяго часу трымаюць інтрыгу.

Паехаць у “мядовы месяц” на Ніягару – адно з самых папулярных заняткаў для амэрыканцаў. У фільме маладая сям’я з герояў Манро і Джозэфа Котэна сутыкаецца з нечаканымі паваротамі. Бурлівымі, як і сам вадаспад, зьяўляюцца ўсё новыя і новыя падзеі на курорце.

У таемную справу з верагодным забойствам замяшаная яшчэ адна пара.

Нумар 1. Некаторыя любяць пагарачэй (Some Like It Hot). 1959

some_like_it_hot.jpeg

Выдатная камедыя Білі Ўайлдэра праз дзесяцігоддзі пасьля выхаду на экраны не губляе свайго фантастычнага эфекту на новыя і новыя пакаленьні гледачоў. Бэнэфіс Мэрылін Манро, які падмацоўваецца моцным выкананьнем яе партнэраў – Тоні Кёрціса і Джэка Лемана.

Бясконцая гульня ў пераапрананьні. Мафія, шоу-кабарэ і шмат музыкі. Перамяшайце гэтыя інгрэдыенты, і атрымаецца вельмі гарачы кактэйль. Мэрылін Манро выглядае звышарганічна ў шыкоўным ансамблі.

Разам з тым па-за межамі здымачнай пляцоўкі ў акторкі віравала сапраўдная драма. Падчас здымкаў яна была цяжарнаю, але розныя фактары прывялі да таго, што Манро згубіла дзіця. Камедыя скончылася трагедыяй.

Мэрылін не была прыемным чалавекам. Засталося зусім мала сьведчаньняў яе калегаў ці знаёмых, дзе яе ўзгадвалі па-сапраўднаму цёплым словам. Вось і рэжысэр гэтага фільма, як і акторы ў галоўных ролях, былі надзвычай незадаволеныя яе падыходам да працы.

Зрэшты, фільмы з Мэрылін Манро глядзелі, глядзяць і будуць глядзець, не зважаючы на любую крытыку. І гэта правільна.

Прыемнага прагляду!

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў можна знайсьці тут