«Прылёты» ў сне і наяве, альбо «моцык» з пекінскага «Мотавела»

Сыходзіць чарговы летні тыдзень, і «НЧ» прапануе яго галоўныя вынікі. Спойлер: эканоміка лукашэнкаўскай Беларусі працягвае падаць разам з пацешным імпартазамяшчэннем, вайна ў суседняй Украіне дае выбуховае рэха ў богам ратаванай нашай стабільнасці, а рэпрэсіі па-ранейшаму трываюць — людажэрны Левіяфан аніяк не хоча спыняцца.

zyabrovka.jpg


Хто замаўляў таксі на «Зябраўку»

Ва ўкраінскі ваенны «наваяз» шчыльна ўвайшло слова «прылёты». Так называюць снарад альбо ракету, якая прылятае ў гарады ды паселішчы, знішчаючы ўсё жывое.
Аднак выявілася, што «прылёты» — з'ява двухбаковавострая. І расійцы, якія яшчэ нядаўна ўлюлюкалі з нагоды бамбавання ўкраінскіх тэрыторый, пачынаюць гэта паціху разумець. Асабліва ў Крыме, куды ўжо спраўна «прылятае» па розных вайсковых аб'ектах і адкуль, кажуць, ужо памалу даюць лататы мясцовыя, прызначаныя Крамлём, чыноўнікі.
Па Беларусі (пакуль?) сістэмна не «прылятае». Але колькі дзён таму на аэрадроме ў «Зябраўцы», што ў Гомельскай вобласці, яскрава чулі ўначы выбухі і сполахі. Паводле адной з версій, у выніку кропкавага ўдару там быў падарваны расійскі шматмэтавы радар кіравання агнём. Лукашэнкаўскае Мінабароны недарэчна патлумачыла гэта «ўзгараннем рухавіка ў адной з адзінак тэхнікі», але калі хто верыў Мінабароны?
І цяпер тая «Зябраўка» ёсць аб'ектам, за якім варта сачыць з падвоенай увагай. Справы на фронтах зараз ідуць так, што з дапамогай заходняй зброі ўкраінцы ўсё часцей дэманструюць гатоўнасць «шмальнуць» туды, адкуль «шмаляюць» па іх. І што адметна: грамадская думка ў ваюючай краіне нібыта падтрымлівае такія ідэі.
Лукашэнка пра «Зябраўку» маўчыць як рыба. Украінскі Генштаб пры гэтым кажа, што ў Беларусі ідзе вярбоўка добраахвотнікаў, якія гатовыя ваяваць на баку Расіі. Навербавалі ўжо нібыта 13 тысяч чалавек. І вучэнні працягваюцца, і ракеты зрэдку ляцяць з беларускай тэрыторыі ў бок то Кіева, то Жытоміра. А Кіеў дамаўляецца ўсё пра новыя партыі заходніх узбраенняў.
Напружанне ўзрастае, хай гэта і не вельмі бачна. Павялічваецца адчуванне, што адседзецца ў баку беларускаму рэжыму не надта свеціць. І адкараскацца адным толькі прадастаўленнем тэрыторыі пуцінскай арміі (з паралельнай рыторыкай: а мы што? мы ў гэтым не ўдзельнічаем) таксама не атрымаецца.
Карацей, назірайце за «Зябраўкай». Відавочна, што УСУ ўжо ўзялі гэты вайсковы аэрадром у прыцэл. І калі надыдзе пэўны момант, то туды «прыляціць» у першую чаргу. І гэта будзе тое, да чаго прывяла палітыка лукашэнкаўскага рэжыму, які пагадзіўся быць пуцінскім паслугачом у гэтай страшэннай вайне.

Лукашэнку паказалі беларуска-кітайска-французскі матацыкл

moto_velo.jpg


Аляксандр Лукашэнка паехаў на «Мотавела» паглядзець нутро айчыннай прадукцыі. Нутро яму вельмі не спадабалася. Дырэктар завода Мікалай Ладуцька выкаціў на ясныя вочы галоўнаму гаспадару свежанькі матацыкл, і гэта было апошняе, што ён зрабіў на сваёй пасадзе.
Праз нейкую гадзіну пасля паказу прыгожанькага «моцыка» яго звольнілі. Сказалі, стары конь зусім сапсаваў баразну. Добра было б звольніць самога Лукашэнку, пад чулым кіраўніцтва якога прадпрыемства дэградавала амаль да банкруцтва, але мы ведаем: гэтага не зробіш нават з дапамогай электаральнай большасці.
У Ладуцькі спыталі, што ёсць айчыннага ў айчынным матацыкле. Ладуцька шчыра схлусіў: дызайн. Але дызайн у выніку аказаўся французскім, а ўсе вузлы-дэталі — кітайскімі.
Асабліва Лукашэнку засмуціла тое, што з Кітаю завезлі покрыўкі — бо ёсць жа свая «Белшына». Кантэкст быў такі, быццам кіраўніцтва «Мотавела» такое дурное на ўсю галаву, што забылася прыдбаць шыны ў Бабруйску. Што ўжо казаць пра рухавік, фару і шчыткі, вытворчасцю якіх цікавіўся высокі госць.
Той няшчасны матацыкл стаў сімвалам беларускага імпартазамяшчэння, якім так любяць фарсіць чыноўнікі. Маўляў, што нам санкцыі — зробім сваё. Вось і робяць — канкрэтна на «Мотавела» гадоў ужо пятнаццаць запар. І Лукашэнка туды ездзіць рэгулярна, кантралюе працэс. Але ўсё марна. Імпартазамяшчэнне ў Беларусі так і застаецца найлепшых кітайскіх узораў. Купляйце, як кажуць, беларускае.

Беларускі ВУП «адмоўна расце»

Зараз будзе крыху сумна, бо лічбы. Валавы ўнутраны прадукт, дадзеныя пра які агучыў Белстат, знізіўся па выніках сямі месяцаў бягучага года на 5,2 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Па выніках студзеня — чэрвеня падзенне было на ўзроўні 4,2%, то бок палёт нармальны. Не разбіцца б толькі аб дно, якое ўсё бліжэй.
І вось, здаецца, з лічбамі (афіцыйнымі!) не паспрачаешся, бо яны — рэч упартая. Аднак беларускім дзяржслужбоўцам удаецца і гэта. Увогуле, складваецца ўражанне, што няма такога лайна, якое беларускі чыноўнік не назаве мёдам. І не дакажа на пальцах, што ён мае рацыю.
Так і ў Мінэканомікі, дзе ва ўсіх антырэкордах бачаць скрозь пазітыў. На гэтым тыдні ў ружовых акулярах на дзяржТБ прыходзіў намеснік міністра Дзмітрый Ярашэвіч. І казаў ён там пра рост заробкаў, пра паспяховае змаганне з санкцыямі і пра інфляцыю, якая выкліканая выключна замежнымі фактарамі. На сённяшняй мове такія эўфемізмы называюцца «адмоўным ростам».
Між тым ВУП падае нават хутчэй, чым прагназавалі лукашэнкаўскія ўлады. І наперадзе яшчэ пяць месяцаў 2022-га, а паваенныя санкцыі толькі пачынаюць працаваць.

«Жыве Беларусь!» ад Дзяніса Івашына

ivashyn_sud_800x533.webp


«Палітычныя» затрыманні і суды ідуць у Беларусі такім шчыльным канвеерам, што медыя распавядаюць пра іх штодзень — у рэжыме прагнозу надвор'я. Але зараз асобны выпадак, міма якога «НЧ» прайсці не можа. У Гродне пачалі судзіць нашага калегу Дзяніса Івашына.
Працэс праходзіць у закрытым рэжыме — той самы выпадак, калі абвінавачанню не проста няма чаго прапанаваць, а і сам абвінавачаны трымаецца годна і гатовы разбіць усе шытыя белымі ніткамі «прад'явы».
У першы дзень да будынку суда прыйшлі людзі і прапагандысты. Людзі, у тым ліку маці журналіста, спрабавалі падтрымаць Дзяніса, пабачыць яго хоць некалькі секунд і даведацца штосьці пра надзьмутую рэжымам справу. Прапагандысты, як звычайна, правакавалі прысутных і накідваліся з дурнымі пытаннямі на замежных дыпламатаў.
Вядома, што перад пасяджэннем палітвязень выгукнуў «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!» Уласна, за гэта (а не за міфічную «здраду дзяржаве») яго і хочуць пасадзіць на доўгі тэрмін. Ён пісаў у беларускі «НЧ» (і не толькі) пра ўкраінскіх беркутаўцаў, якія пасля Майдану збеглі ў Мінск. Тут яны атрымалі ад Лукашэнкі ўсе неабходныя прывілеі, уладкаваліся на службу і ў 2020-м здушалі беларускія пратэсты.


У сваіх расследаваннях Дзяніс Івашын карыстаўся звесткамі з адкрытых крыніц, часта з сацсетак цяперашніх беларускіх амапаўцаў украінскага паходжання. Відаць, гэта і ёсць дзяржаўная таямніца, якую ён разгаласіў і тым самым здрадзіў дзяржаве.