«Выглядаў акуратным, паголеным». Маці Дзяніса Івашына распавяла пра сына, якога судзяць
Маці Дзяніса Івашына Людміла Мікалаеўна здолела здалёк убачыць сына перад судом. Зь ейных словаў, сын выглядае досыць добра, піша БАЖ.
«Блізка я яго ня бачыла — здалёк. Выглядаў акуратным,
паголеным, нават мне не падалося, што ён схуднеў. На маё зьдзіўленьне,
заўважных зьменаў я ня ўбачыла. Трымаецца спакойна, упэўнена, годна», —
расказала Людміла Івашына.
Дзяніс быў у чорнай майцы з надпісам «Яська Гаспадар, 1863»,
а на сьпіне — «Kalinouski, 1863». У залю яго заводзілі двое міліцыянтаў у
масках, што амаль цалкам закрывалі твар.
Падтрымаць журналіста пад будынак суду прыйшла маці
абвінавачанага, а таксама дыпляматы краін Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Аўстрыі. Іх
на суд не пусьцілі. Аднак каля будынку суду да іх дачапіліся супрацоўнікі
пралукашэнкаўскіх выданьняў.
Прапагандыстка Людміла Гладкая навязьліва пыталіся ў іх, навошта яны
прыйшлі пад суд.
«Я б хацела адправіць вас усьлед за рускім караблём», —
адказала Людміла Івашына.
Дыпляматы ветліва адмаўляліся ад камэнтароў. Аднак здымачная
група пайшла за імі ажно ў кавярню на абед і спрабавала заняць месцы за сталом
разам з прадстаўнікамі дыпмісій, каб запісаць іхныя адказы на камэру.
Справу Дзяніса Івашына разглядае Валер Раманоўскі.
Сёньня паседжаньняў няма, бо Дзяніс хадайнічаў аб перапынку
ў працэсе праз кепскае самаадчуваньне. Наступнае паседжаньне заплянаванае на 17
жніўня.
Судовы працэс над Івашыным пачаўся 15 жніўня ў будынку
Горадзенскага абласнога суду. Блізкія загадзя ведалі, што працэс будзе закрытым
праз «разгляд дзяржаўных таямніцаў».
Івашына вінавацяць ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць міліцыянтаў» і
ў «здрадзе дзяржаве». Дэталі справаў невядомыя.
Дзяніс — журналіст-расьсьледавальнік. Яго затрымалі пасьля
публікацыі чарговай часткі расьсьледаваньня пра былых беркутаўцаў, якія
працавалі ў менскім АМАПе. Ён супрацоўнічаў як валянтэр з камандай
расьсьледавальнікаў InformNapalm, якая пісала пра ўплыў Расеі на Беларусь,
Сырыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у газэце «Новы час»,
вядомы публікацыямі пра рэстарацыю «Поедем поедим», пабудаваную побач зь месцам
масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.