Генпракурор Швед пакрыўдзіўся: за каментарыі жыхару Ваўкавыска прысудзілі чатыры гады «хатняй хіміі»

Суд Ваўкавыскага раёна 5 жніўня вынес прысуд 40-гадоваму мясцоваму жыхару Сяргею Бакачу, абвінавачанаму ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка, паведамляюць праваабаронцы.

valkavysk_sud_2.jpg

Як устаноўлена падчас судовага следства, абвінавачаны з лістапада 2021 года пад публікацыямі ў «дэструктыўных» telegram-каналах размяшчаў абразлівыя каментарыі аб кіраўніку дзяржавы, генеральным пракуроры і прэс-сакратары Лукашэнкі.

У судовым пасяджэнні мужчына сваю віну прызнаў.

Па іску генпракурора Андрэя Шведа на разліковы рахунак ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Першамайскага раёна Мінска» да судовага разбору абвінавачаны пералічыў 10 тысяч рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Ён таксама ажыццявіў іншыя дзеянні, накіраваныя на загладжванне шкоды, — добраахвотна пералічыў той жа ўстанове адукацыі дадаткова 10 тысяч рублёў.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Ваўкавыскага раёна вынес абвінаваўчы прыгавор — чатыры гады «хатняй хіміі» і штраф 32 тысячы рублёў.