Жыхару Наваполацка Андрэю Галавырыну далі чарговыя 15 сутак. Ён правядзе ў няволі амаль усё лета

Учора пасля 60 сутак за кратамі на волю не выйшаў наваполацкі актывіст Андрэй Галавырын — на яго склалі новы пратакол. Сёння над ім адбыўся чарговы суд. Суддзя Зінаіда Балаболава пакарала яго 15-сутачным арыштам, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2022_08_16_12_31_15.jpg

Нагадаем, Андрэя затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі чатыры суды за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КаАП), і кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак. Агулам Андрэя будуць утрымліваць за кратамі мінімум 75 сутак.

Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.

Праваабаронцы прапануюць падтрымаць мужчыну лістамі салідарнасці на адрас: ЦІП, вул. Дзяржынскага, 2, г. Наваполацк, Віцебская вобласць, 211443, Андрэй Вітальевіч Галавырын.