Зянон Пазняк просіць Лукашэнку і Зяленскага абмяняць ваеннапалонных на палітвязняў

Ліст датаваны 12 жніўня 2023 года. Ён апублікаваны на старонцы руху «Вольная Беларусь», які ўзначальвае Зянон Пазняк, піша «Радыё Свабода».

67e7daad_b370_4266_adb7_7a4457055861_w1023_r1_s.avif

«Аляксандар Рыгоравіч і Уладзімір Аляксандравіч, звяртаюся да вас як да звычайных людзей, не ўжываючы вашых афіцыйных тытулаў, бо рашэнне аб справе, па якой я звяртаюся, мае перш за ўсё маральны характар. Справа пра абмен ваеннапалонных.

Два палонныя грамадзяне Беларусі (Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч), якія былі ў расійскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, звярнуліся да ўлады Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзняволеных Рэспублікі Беларусь. Прашу вас паспрыяць такому абмену, улічыць маю прапанову і пазіцыю шматлікіх беларусаў у Польшчы. Менавіта: абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітвязняў у Беларусі: Вольгу Віктараўну Залатар — маці пецярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўленьня волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі», — піша ў лісьце Пазьняк.

Разам з гэтым Пазьняк лічыць, што публічны ліст — не найлепшы спосаб у такой важнай справе.

«Я не валодаю ўладай і па свайму статусу не ў стане выкарыстаць метады дыпламатыі, прыдатныя ў гэтым выпадку. Звяртаюся наўпрост, абапіраючыся толькі на свой аўтарытэт сярод адданых для Беларусі людзей і не забыты ва Украіне. Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх.

Зычу шчасця людзям Беларусі і шчасця людзям Украіны, каб будучыня нашых народаў была вольнай, светлай, дружнай і прыгожай».