«У сённяшняй сістэме каардынат жанчына — інструмент для задавальнення патрэб»
Ва ўмовах панавання гвалту ні пра якую гендарную роўнасць (ні пра роўнасць увогуле) гаварыць не даводзіцца. Але ці ёсць шанец у беларусаў змяніць гэтую сумную сітуацыю?
— Беларусь апусцілася на пяць пазіцый у рэйтынгу «Global Gender Gap Report 2023», які штогод складае Сусветны эканамічны форум для ацэнкі гендарнага разрыву. Да парытэту пакуль не дабралася аніводная краіна, але бліжэй за ўсіх да ідэалу Ісландыя з паказчыкам роўнасці ў 91,2%.
Беларусь на 41 месцы сярод 146 краін, а замыкае спіс Афганістан.
Выглядае так, што за фармальнымі паказчыкамі, якія можна вымераць для ацэнкі гендарнага разрыву, не ўлічваюцца якасныя. Беларускі раней за мужчын выходзяць на пенсію і даўжэй жывуць, але часцей сутыкаюцца з праблемамі з-за дэкрэтаў, бальнічных, пытанняў аплаты працы.
У краіне нямала жанчын-чыноўніц рознага ўзроўню, але чамусьці менавіта ад іх нярэдка чутны сексісцкія выказванні, маўляў, галоўнае пакліканне жанчыны — нараджэнне дзяцей, дом і сям'я.
Якая сёння сітуацыя з гендарнай роўнасцю ў Беларусі, чаму рэжым імкнецца насадзіць патрыярхат і як з жаночых маршаў выраслі новыя беларускія ініцыятывы — пра гэта «Філін» пагаварыў з гендарнай эксперткай, суарганізатаркай «Фемсуполкі Каардынацыйнай рады» Юліяй Міцкевіч.
— Сітуацыя змянілася, на жаль, у горшы бок, з улікам таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта, мне здаецца, нават не палітычны і прававы дэфолт, а катастрофа, у тым ліку гуманітарная. Парушаюцца абсалютна ўсе правы і свабоды, поля для грамадзянскага актывізму ў прынцыпе не засталося. І жанчыны, як і іншыя ўразлівыя сацыяльныя групы, аказваюцца ў яшчэ больш уразлівым становішчы.
Складана нават зразумець, — дадае Юлія Міцкевіч, — маштабы пагаршэння: магчымасці для правядзення глыбокіх даследаванняў проста няма, а афіцыйная статыстыка, якая падаецца ў міжнародныя структуры (і на якой у тым ліку будуецца рэйтынг гендарнага разрыву), альбо закрытая, альбо незразумела, наколькі яна адпавядае рэальнасці.
— Гендарная роўнасць, акрамя таго, што гэта пра правы, таксама заўсёды пра ўладу і рэсурсы, — кажа экспертка. — Ці ёсць у тых, хто ўваходзіць у так званы палітычны топ-менеджмент, воля прасоўваць гэтыя пытанні, ці выдзяляюцца на гэта рэсурсы?
Згадваючы гісторыю да 2020 года, гэтая тэма не была прыярытэтнай. Хоць пэўнае адлюстраванне ўсё ж знаходзіла: напрыклад, у нас існаваў Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы, які кожныя 5 гадоў выдаваў планы па прасоўванні гендарнай роўнасці. Часцей за ўсё гэта былі дэкларатыўныя заявы, ніяк не падмацаваныя артыкуламі ў бюджэце. І ўсё ж вельмі важна было гэта дэманстраваць, гэтаксама, як і нібыта высокія месцы Беларусі ў міжнародных рэйтынгах. Быў перыяд пацяплення адносін Беларусь-ЕС, калі ўкладваліся вялікія сродкі ў розныя інфраструктурныя праекты і беларускія чыноўніцы цэлымі самалётамі лёталі ў Еўропу, каб пераймаць досвед.
Да 2020 года назіраўся нават пэўны прагрэс: буйныя арганізацыі, напрыклад, «Гендарныя перспектывы», працавалі з дзяржінстытутамі ў сферы гендарнай роўнасці.
З іншага боку, у 2018-м закон «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту», які распрацоўваўся пры садзейнічанні МУС Беларусі, Лукашэнка адным росчыркам пяра фактычна адхіліў.
— Закона не здарылася тады, цяпер пра яго нават можна не ўспамінаць, — канстатуе экспертка. — Таму што гвалт, на жаль, стаў сацыяльна ўхваленай нормай. Ён выйшаў з дамоў і кватэр і запанаваў паўсюдна. Чалавек, які ўзначальвае цяперашнюю дзяржаву, па прозвішчы Лукашэнка — і гэта мая цвёрдая пазіцыя — яго ініцыяваў, менавіта з ягоных загадаў усё пачалося, а цяпер узровень рэпрэсій дасягнуў масавага тэрору.
З аўтарытарнай дыктатура ператвараецца ў таталітарную, і зразумела, што ні пра якую гендарную роўнасць тут гаварыць не даводзіцца.
Гэтыя пытанні ўздымалі сэрвісныя і профільныя НКА, але цяпер, паколькі яны ліквідаваны, узаемадзеянне і салідарнасць выяўляюцца ў іншых формах. Да прыкладу, наладжаны анлайн-гарачыя лініі для тых, хто пакутуе ад хатняга гвалту — як у Беларусі, так і ў іншых краінах.
Але на ўзроўні дзяржавы, вядома, жанчыны засталіся сам-насам са сваімі нявырашанымі праблемамі. Яны, я думаю, будуць пагаршацца, мяркуючы па рыторыцы чыноўнікаў — якой яны бачаць ролю жанчын.
— Уяўленні, прама скажам, сярэднявечныя: дзеці — дом — сям'я. Асабліва дзіка, калі падобныя ідэі агучваюць жанчыны з высокіх кабінетаў. Чым гэта можна растлумачыць: менавіта такія беларускі патрэбныя і зручныя рэжыму?
— Безумоўна. У патрыярхаце ж як: улада — у мужчын. А дыктатура — адна з праяў таго самага патрыярхату, з усёй яго гегемоннай маскуліннасцю, вельмі таксічнай, мачызмам, сексізмам, гамафобіяй і наогул непрыняццем аніякай іншасці.
У гэтай сістэме каардынат жанчына — інструмент для задавальнення патрэб. У прыватнасці, для вырашэння дэмаграфічнай праблемы, якая, мяркуючы нават па афіцыйнай статыстыцы, пагаршаецца. Таму жанчыны — інкубатары, якія павінны нараджаць, прычым не проста людзей, а беларусаў, як заявіла Качанава.
Але цікавы момант у тым, што і Качанава для Лукашэнкі тут — інструмент, дзякуючы якому ён прасоўвае прапагандысцкія патрыярхальныя наратывы. Ён і сам кажа пра гэта, але выкарыстоўваць жанчыну, якая будзе звяртацца да іншых жанчын, з яго пункту гледжання больш эфектыўна.
А Качанава, як мне здаецца, знаходзіцца ў такой пазіцыі, як жонка ў сузалежных адносінах. Калі ўзровень вернасці і адданасці настолькі высокі, што можна не заўважаць ўласных інтарэсаў, забываць пра іх, ідучы за «каханым». Адданасць яе Лукашэнку відавочная.
Бо ні Качанава, ні старшыня Саюза жанчын Шпілеўская, ніхто іншы не гаворыць пра правы жанчын або гендарную роўнасць — уся рыторыка зводзіцца да ўмоўна традыцыяналісцкіх роляў, нават не мінулага стагоддзя, а нейкага дамастрою. І гэта адкат назад на шмат гадоў, такіх палымяных прамоў у кантэксце патрыярхату я ўжо даўно не памятаю.
— Колькі часу спатрэбіцца, каб Беларусь, нават пасля змены палітычнай сітуацыі, змагла выбрацца з гендарнай «ямы»?
— Мы не ведаем, калі і як зменіцца палітычная сітуацыя, але я гляджу на рэчы хутчэй аптымістычна.
Я бачу, як жаночая рэвалюцыя, якая (гэта маё асабістае глыбокае перакананне) задала тон і каштоўнасную рамку ўсяму пратэсту: клапатлівая салідарнасць і падтрымка адно аднаго, сестрынства, гарызантальнае ўзаемадзеянне, размеркаванне лідарства, уменне ўзяць на сябе адказнасць працягваюцца ў камунікацыі актывістак, ініцыятыў і арганізацый.
Большасць з іх па-за межамі Беларусі, але тое, як яны фарміруюць структуру, поле свайго ўзаемадзеяння, — гэта ўсё зачын на будучыню, тое, што можна будзе трансфармаваць у новую Беларусь.
Ёсць «Фемсуполка КР», наш асноўны фокус — палітычнае ўзмацненне ролі жанчын. І мы бачым, як за тры гады, пасля запалу і перыяду расчаравання, выжывання ў новых умовах, зноў з'яўляецца запыт ад жанчын у супольнасцях, у тым ліку ўнутры Беларусі: яны хочуць больш ведаць і разумець пра фемінізм, гендарную роўнасць, палітычны ўдзел.
І таму, лічыць Юлія Міцкевіч, ёсць небеспадстаўная надзея, што пры змене палітычнай сітуацыі ўсе гэтыя напрацоўкі будуць прымяняцца, атрымаецца і прасунуць закон «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту», і ратыфікаваць «Стамбульскую канвенцыю» (аб прадухіленні і барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын. — Заўв. рэд.), прыняць закон аб гендарнай роўнасці і да т. п.
— У мяне няма залішне вясёлкавага ўспрымання нашых дэмсіл, — падкрэслівае экспертка. — Тут таксама не ўсё так гладка, і гендарная павестка выклікае супраціў у мужчын, якія выйшлі з сістэмы Лукашэнкі альбо са старой апазіцыі. Але мы гатовыя распрацаваць фемстандарты для нашых дэмакратычных сіл, якіх яны не змогуць не прытрымлівацца, таму што калі ты заявіў аб прыхільнасці дэмакратычным каштоўнасцям, то не зможаш сказаць публічна, што супраць фемінізму. Вядома, гэта вялікі пласт працы, часта нябачнай у медыйным полі, але рана ці позна мы апублікуем яе вынікі.
Самы галоўны вынік гэтых трох гадоў для мяне — тое, што нічога не скончылася. І беларускі па-ранейшаму, нягледзячы на выгаранне, стомленасць і гэтак далей, матываваныя гэтым займацца і вераць у тое, што новая Беларусь — не толькі фемінісцкая, а «квіровая», у шырокім сэнсе слова заснаваная на роўнасці.