Хронікі рэпрэсій за 15 жніўня: «Гомельская вясна» і Imaguru — новыя «экстрэмісцкія фарміраванні»
Новыя «экстрэмісцкія фарміраванні» — праваабаронцы «Гомельскай вясны» і стартап-хаб Imaguru. Партыя АГП ліквідаваная Вярхоўным судом, затрыманні на мяжы, суды за пратэсты 2020 года.
Зноў затрыманы былы палітвязень, байкер Андрэй Іванюшын
У Мінску сілавікамі затрыманы былы палітвязень Андрэй Іванюшын, які нядаўна выйшаў на волю.
Байкер Андрэй Іванюшын быў асуджаны ў 2021 годзе за бойку з міліцыянтамі каля гандлёвага цэнтра «Еўропа» ў Мінску. Цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна.
У лютым 2021 года суд у Мінску асудзіў Іванюшына да 2,5 гадоў калоніі, а двух ягоных прыяцеляў — да трох гадоў калоніі паводле артыкулу аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК). 2 чэрвеня 2023 года Андрэй выйшаў на волю са шклоўскай калоніі № 17, цалкам адбыўшы тэрмін.
Сілавікі затрымалі сямейную пару па вяртанні ў Беларусь
На «палонным відэа» муж з жонкай кажуць, што нібыта з'ехалі ў Польшчу з-за ўдзелу ў пратэстах, але праз тры гады вырашылі вярнуцца.
«Наша Ніва» высветліла, што затрымана сям'я Міхалевічаў. Мужчыну завуць Аляксандр, яму 60 гадоў. З 1999-га па 2013-ты працаваў у транспартнай інспекцыі, а з 2014-га — інжынерам у краме сантэхнікі. На відэа сілавікоў дэманструюцца фота мужчыны з Google Photos. Гэтыя фота маглі адшукаць падчас надгляду на мяжы.
КДБ затрымаў на мяжы беларуса, які вяртаўся з ЗША
Меркавана, 9 жніўня на польска-беларускай мяжы супрацоўнікі КДБ затрымалі Георгія Чараваку. Мужчына вяртаўся з ЗША. Перад паездкай сілавікі ўжо дапытвалі яго на мяжы, але тады не затрымлівалі.
Цяпер Георгій знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У чым яго абвінавачваюць, пакуль невядома.
Палітзняволенага Андрэя Сачэўку, які мае псіхічную хваробу, накіравалі ў ПКТ на два месяцы
Гэта адбылося ў пачатку жніўня, паведамляюць праваабаронцы. Да гэтага Андрэя пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за «няправільныя погляды».
Андрэя Сачэўку асудзілі 19 верасня 2022 года да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя палічыў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
За каментары з заклікам удзельнічаць у пратэстах гродзенцу прысудзілі пяць гадоў калоніі
30-гадовага Вячаслава Янюка 23 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Гродна асудзіў на пяць гадоў калоніі з ва ўмовах узмоцненага рэжыму за тое, што ў 2020 годзе неаднаразова размяшчаў у тэлеграм-каналах «агульнадаступныя паведамленні, якія змяшчалі выказванні пабуджальнага характару і заклікалі да гвалтоўных дзеянняў».
Яшчэ да абвяшчэння прысуду, напачатку чэрвеня Вячаслава Янюка ўнеслі ў спіс «Асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
У Вячаслава на ўтрыманні – непаўнагадовае дзіця.
Два з паловай гады за абразы Лукашэнкі і чыноўнікаў
У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 14 жніўня вынесены прысуд мясцоваму жыхару Сяргею Адаську, якога абвінавацілі па шэрагу пратэсных артыкулаў.
Вёў працэс, які доўжыўся некалькі дзён, суддзя Арцём Падалянец.
Вядома, што Адаську затрымалі 12 траўня 2023 года, склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП ("Выраб, распаўсюд альбо захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў") і прысудзілі адміністрацыйны арышт. На волю ён пасля арышту не выйшаў.
Сяргей Адаська быў абвінавачаны ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і па сукупнасці пакаранняў яму канчаткова прызначана два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паўтара года «хатняй хіміі» — за ўдзел у пратэстах
У судзе Дзяржынскага раёна 2 жніўня асудзілі Вольгу Колас паводле ч. 1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх") Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Вользе адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
На пратэсную акцыю жанчына ўзяла ружу белага колеру і белую стужку. На судзе Вольга паведаміла, што нагодай выйсці на мітынг стаў гвалт з боку сілавікоў пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў.
У Беларусі ліквідавалі Аб'яднаную грамадзянскую партыю
АГП была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі 28 лістапада 1995 года, перарэгістраваная 30 ліпеня 1999 года.
Лідар АГП Мікалай Казлоў знаходзіцца цяпер у зняволенні. Ён асуджаны на 2,5 года.
Гэта ўжо як мінімум шосты пазоў Мінюста Беларусі аб ліквідацыі палітычнай партыі, які гэтым разам разгледжаны Вярхоўным судом.
«Гомельскую вясну» і стартап-хаб Imaguru прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
«Гомельская вясна» пазначыла, што ў апісальнай частцы табліцы з «фарміраваннямі» насупраць наймення рэсурсу значыцца прозвішча былой журналісткі, палітзняволенай Ларысы Шчыраковай, над якой цяпер ідзе суд. Ларыса Шчыракова адмовілася ад журналістыкі і стала зарабляць этнічнымі фотасесіямі, а таксама вучылася на псіхолага.
«Экстрэмісцкім фарміраваннем» таксама прызналі стартап-хаб Imaguru. У табліцы з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» пазначанае імя кіраўніцы мінскага хаба Таццяны Марыніч.