Арцём Шрайбман пра ініцыятыву Пазняка: «Не бачу сэнсу для Лукашэнкі праводзіць такія абмены»

У сеціве з’явіліся новыя ініцыятывы па вызваленні беларускіх палітвязняў, ці, прынамсі, хаця б спробы даведацца пра тое, што з імі адбываецца. Але ці могуць быць яны паспяховымі, калі няма ніякага водгуку «з іншага боку»?

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg

Трынаццаць сусветных дзеячаў культуры, сярод якіх вядомыя пісьменнікі, паэты і музыкі, напісалі адкрыты ліст Лукашэнку з патрабаваннем даць інфармацыю пра стан Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў. 

— Вы забяспечваеце сваю ўладу толькі гвалтам, — звяртаюцца аўтары ліста да беларускага кіраўніка. — Поўная ізаляцыя зняволеных — гэта катаванне. Аднак зняволеныя не ваша ўласнасць. Ці звязвае вас яшчэ нешта са словам «чалавечнасць»?

У лісце адзначаецца, што зніклі дзясяткі іншых палітвязняў: «Мы глядзім на Беларусь і не перастанем пытацца: дзе знаходзяцца гэтыя людзі?».

Днём раней з адкрытым зваротам да Лукашэнкі і Зяленскага выступіў апазіцыйны палітык Зянон Пазняк. У сваім лісце ён прапанаваў абмяняць палонных беларусаў Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, якія ваявалі на баку Расіі супраць Украіны, на палітвязняў — актывістку Вольгу Залатар і журналіста Дзяніса Івашына.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман сумняваецца, што ініцыятыва Пазняка можа прывесці да поспеху.

— Не бачу сэнсу для Лукашэнкі праводзіць такія абмены, — тлумачыць эксперт у інтэрв'ю Філіну. — Ён не пасылаў на вайну гэтых двух беларусаў, гэта не нейкія яго набліжаныя, і не тое, каб яны яму занадта важныя.

Ствараць прэцэдэнт гандлю палітвязнямі такім чынам на людзей у абмен — гэта значыць прызнаваць, што яны не проста злачынцы з пункту гледжання рэжыму, а што яны сапраўды тавар, палітычныя закладнікі, і іх можна мяняць на патрабаванне на прапанову іншай краіны.

А гэта будзе відавочна супярэчыць дыскурсу пра тое, што яны з'яўляюцца, па сутнасці, злачынцамі, таму я сумняваюся, што Лукашэнка на гэта пойдзе.

Глядзіце таксама

Як прыцягненне ўвагі да гэтай праблемы ў прынцыпе нічога шкоднага ў ініцыятыве Пазняка няма. І нейкі мінімальны шанец поспеху, нават калі там 2-3 адсоткі верагоднасці, усё роўна гэта варта таго, каб паспрабаваць. Таму ніякай крытыкі з майго боку на адрас Пазняка не будзе.

Нават калі ёсць маленькі шанец, ім трэба карыстацца. Горш гэта дакладна не зробіць.

Тое ж тычыцца і звароту дзеячаў культуры. Я не веру, што на чацвёртым годзе такога палітычнага крызісу, як у нас, пры такім жорсткасці рэжыму, заклікі дзясятка сусветных інтэлектуалаў могуць да нечага заахвоціць Лукашэнку. Ён ужо не ў тым стане, каб цікавіцца меркаваннем гэтых людзей.

Але як спосаб прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў, мне здаецца, нічога лішняга не бывае. Чым больш увагі прыцягваецца, тым лепш. Асабліва на такім узроўні, як Нобелеўскія лаўрэаты.

Свет не забывае пра іх, гэтае пытанне падтрымліваецца на парадку дня, і павялічваюцца шанцы на тое, што яно калі-небудзь стане пытаннем аб паўнавартасных перамовах, абменах і гандлі паміж Захадам і Лукашэнкам.


Таму такія звароты таксама важныя. Хай яны носяць хутчэй сімвалічны характар і прама цяпер наўрад ці кагосьці можна вызваліць, але калі не падтрымліваць увагу да гэтай тэмы, то шанцы на вызваленне потым памяншаюцца.