Пастара Вячаслава Ганчарэнку асудзілі за «непадпарадкаванне»

Сёння, 15 жніўня, адбыўся суд над пастарам Вячаславам Ганчарэнкам і яго зяцем Іллёй Будаем, якіх затрымалі ўчора, 14 жніўня.

vjaczaslau_hanczarenka.jpg

Затрыманых учора пастара пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Рэлігійнага аб’яднання хрысціян поўнага Евангелля Вячаслава Ганчарэнку і яго зяця Іллю Будая асудзілі ў судзе Мінскага раёна (вуліца Маякоўскага, 119а). Вернікі царквы «Новае жыццё» ўзмоцнена маліліся за пастара і затрыманага разам з ім яго сваяка, паведамляе «Хрысціянская візія».

Пастара царквы «Новае жыццё» судзілі па артыкуле 24.3 КаАП РБ («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»), а яго сваяка па артыкуле 19.1 КаАП РБ («Дробнае хуліганства») — верніка абвінавацілі, быццам ён «выкарыстаў нецэнзурную лексіку і размахваў рукамі».

У выніку Вячаслаў Ганчарэнка атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а Ілля Будай — 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Нагадаем, учора, 14 жніўня, у дом пастара царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнкі ўварваліся 20 аўтаматчыкаў з ГУБАЗіК. У доме сілавікі зладзілі ператрус, а пастара і яго зяця Іллю Будая затрымалі.

Вячаслава Ганчарэнку затрымлівалі і раней, у верасні 2022 года верніка аштрафавалі на 3200 рублёў (100 базавых велічынь) за правядзенне набажэнства, на якое была накладзена забарона.

Нядаўна царква «Новае жыццё» атрымала два папераджальныя лісты: адзін з іх апавяшчаў пра суд, на якім могуць прызнаць прадукцыю царквы экстрэмісцкімі матэрыяламі.