Ціхан Клюкач назваў фэйкам апублікаваную перапіску з маці
Лукашэнкаўскія сілавікі ў адным са сваіх тэлеграм-каналаў адсправаздачыліся аб затрыманні маці беларускага добраахвотніка і экс-палітвязня Ціхана Клюкача 45-гадовай жыхаркі Брэста Іны Калацкай.

Фота з сацсетак
Як пішуць аўтары
канала, жанчына адбывае адміністрацыйны арышт у ІЧУ. Яе абвінавацілі ў
датычнасці да «экстрэмізму». Ці заведзеная крымінальная справа, невядома.
Ціхан Клюкач у каментары «НЧ» адзначыў, што доўгі час не мае ніякіх сувязяў з маці. Таксама ён назваў фэйкам апублікаваную сілавікамі перапіску з ёй. Ціхан мяркуе, што гэта правакацыя ў дачыненні да Іны Калацкай з мэтай аказання ціску на жанчыну.
Глядзіце таксама

Нагадаем, Ціхана Клюкача затрымалі ў кастрычніку 2020 года. Яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве (арт. 368 КК) і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342). Паводле абвінавачання, 6 верасня ён і палітзняволеная Сафія Малашэвіч удзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праспекце Пераможцаў. Сафія балончыкам з фарбай малявала на шчытах сістэмы «Рубеж», а Ціхан здымаў гэта на відэа, а потым здымаў, як яна танчыць. Ціхан атрымаў 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Сафія — 2 гады.
Пасля вызвалення з лукашэнкаўскай турмы Ціхан Клюкач з'ехаў з Беларусі і цяпер ваюе на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі.