Квіток у адзін канец. Чаму Лукашэнка баіцца закрыцця мяжы з ЕС

Колькі дзён таму Лукашэнка раптам загаварыў пра неабходнасць супрацоўніцтва з Еўрасаюзам – і з Польшчай у прыватнасці. Незалежныя аналітыкі дагэтуль разважаюць над тым, што прымусіла беларускага дыктатара пасля гадоў адкрытай варажнечы раптам паслаць міралюбны сігнал ненавіснаму Захаду. Дадамо да агучаных наратываў яшчэ адзін.

nch_3_logo.jpg

Але спачатку нагадаем: пра аднаўленне добрасуседства з ЕС Лукашэнка выказаўся 11 жніўня падчас бессэнсоўнага візіту ў Нацыянальны аэрапорт.

«Не трэба забываць пра высокатэхналагічны Захад. Яны побач, яны нашы суседзі — Еўрасаюз. І адносіны з імі губляць нельга. Мы да гэтага гатовыя, але з улікам нашых уласных інтарэсаў», — сказаў галоўны беларускі дыпламат.

Ён дадаў, што яшчэ ў ліпені даручыў ураду і яго кіраўніку Галоўчанку прапанаваць заходнікам мірны план і наўпрост усталяваць кантакт з Польшчай: «Калі яны хочуць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога».

Так сказаў чалавек, які раней у адборных выразах паліваў Польшчу брудам, усчаў магутны міграцыйны крызіс, пасадзіў на сталінскі тэрмін паводле сфабрыкаванай палітычнай справы журналіста Анджэя Пачобута, даў санкцыю на жудаснае і масавае руйнаванне польскіх могілак, фактычна пагражаў нападам на Жэшуў і Варшаву… І шмат чаго яшчэ нарабіў гэты немалады палітык з неасавецкім мысленнем, для якога Польшча, Літва і Латвія – даўно не суседзі, а ледзьве не галоўныя ворагі.

І тут раптам: давайце зноў сябраваць. Давайце перагорнем старонку і забудзем пра тыя кучы вядомай субстанцыі, якія я ўпотай, чыста па-суседску, накладваў вам пад дзверы. Ці мала што было раней паміж намі – мы людзі свае, трэба мірыцца.

Дык чаму насамрэч Лукашэнка гэта сказаў? Навошта вызначыўся міралюбнай рыторыкай у дачыненні да тых, з кім ужо некалькі гадоў гібрыдна ваюе ў якасці пуцінскага проксі?

Уяўляецца слушным меркаванне, што рэверанс у бок Захаду выкліканы найперш бояззю перакрыцця мяжы. Такімі наступствамі ў адказ на правакацыі з мігрантамі, «вагнераўцамі» і бразганне ядзернай зброяй.

Глядзіце таксама

Гэта будзе вельмі моцны ўдар па лукашэнкаўскім рэжыме, таму ў Мінску хацелі б пазбегнуць такога лёсу.

Не трэба быць эканамістам, каб разумець, што страты Беларусі ў такім выпадку будуць велізарнымі. Транзіт паміж Усходам і Захадам – гэта тая самая опцыя, дзякуючы якой зарабляюцца мільярды долараў.

Даўно вядомы факт: станоўчае сальда знешняга гандлю дасягаецца беларускай эканомікай за кошт экспарту паслуг (экспарт тавараў сышоў у трывалы мінус). А ў структуры тых паслуг на першым месцы з адрывам менавіта транспарт, грузаперавозкі. Калі мяжу закрыюць, гэты канал папаўнення бюджэту знікне. Знікне і крыніца, якая прыносіць цвёрдую валюту. Беларускі рубель вунь і так таннее імклівым дамкратам – перакрыццё транзітных маршрутаў можа паскорыць дэвальвацыю, што заўсёды балюча ўспрымаецца насельніцтвам Беларусі.

Але галоўнае тут, бадай, усё ж крыху ў іншым. У тым, што блакіраванне мяжы – гэта ўнікальны від санкцый. Гэта санкцыі, якія нельга будзе проста скасаваць.

«Беларуськалій», як вядома, таксама некалі прыносіў дзяржаве мільярдную валютную выручку. Пасля выбараў 2020-га прадпрыемства ў некалькі этапаў абклалі абмежаваннямі, і цяпер, напрыклад, транзіт угнаенняў праз Літву стаў немагчымы.

Балюча ад гэтага лукашэнкаўцам? Вядома, так. Трэба перанакіроўваць экспартныя маршруты, выбудоўваць лагістыку праз расійскія парты. Гэта дадатковыя выдаткі, але схема ўсё роўна працуе, «Беларуськалій» па-ранейшаму функцыянуе, продажы ідуць, хай і не ў тых аб'ёмах і не з такой рэнтабельнасцю.

Пры гэтым рознага кшталту лабісты імкнуцца змякчыць – ці нават увогуле зняць – калійныя санкцыі. Што верне сітуацыю да зыходнага стану, і Клайпеда зноў адчыніцца для беларускіх грузапатокаў з угнаеннямі.

Глядзіце таксама

Прыкладна такія патэрны існуюць і з іншымі санкцыямі. З аднаго боку, беларуская эканоміка, як кажуць эксперты, адаптуецца да абмежаванняў, з другога – заўсёды застаецца спадзеў ад памяншэнне санкцыйнага ціску і вяртанне ранейшага ўладкавання.

Тут у Лукашэнкі ёсць вядомы «актыў» — палітвязні, якімі можна пагандлявацца з Захадам. Ёсць і іншыя шляхі, ад ступені ўдзелу ў вайне да атакі межаў мігрантамі, хай сабе сёння гэтыя шляхі выглядаюць безнадзейна.

Ключавы ж момант у тым, што санкцыі, па-першае, аднойчы могуць быць знятыя — і ўсё вернецца ў «сітуацыю 2019 года», па-другое, значную частку страт кампенсуе Расія. І пакуль так, то можна неяк выжываць і працягваць зацятае супрацьстаянне з Захадам.

З закрыццём мяжы ўсё інакш. Гэты чорны лебедзь больш падобны да адмовы (ці крытычнага абмежавання) ЕС купляць расійскія газ і нафту.

Ужо зараз аналітыкі кажуць, што пасля вайны ва Украіне — нават у выпадку капітуляцыі і наступнай дэмакратызацыі РФ — расійскія вуглевадароды не абавязкова адновяць свае маршруты на Захад. Проста таму, што запрацавалі іншыя механізмы дастаўкі энерганосьбітаў у ЕС. Дасягнутыя новыя дамоўленасці, падпісаныя кантракты, усталяваныя сувязі з надзейнымі контрагентамі. Калі раней гэта была дарагая, але вымушаная мера — абрэзаць расійскі нафтагазавы імпарт. То цяпер ужо Еўрасаюз адаптаваўся да статус-кво, зразумеўшы, што і выдаткі не аказаліся касмічнымі, і яны вартыя таго, каб не залежаць ад непрадказальнай, крыўдлівай, імперскай Расіі.

Усё больш-менш склалася — і расійскія вуглевадароды цяпер не маюць выразнай перспектывы на заходніх кірунках.

Тое ж самае можа здарыцца і з транзітнымі здольнасцямі беларускага «кавалачка зямлі».

Уявім, што Польшча, Літва і Латвія (па ўзгадненні з Бруселем) сапраўды закрылі мяжу з Беларуссю, бо сіл трываць лукашэнкаўскія выбрыкі больш не засталося. Што атрымаецца ў выніку? Выглядае, тое ж самае, што і ў выпадку з расійскімі газам і нафтай.

Знойдуцца новыя маршруты для гандлю паміж Усходам і Захадам. Так, Украіна зараз сваю тэрыторыю прапанаваць не можа. Але ж ёсць іншыя кірункі — на поўдзень або поўнач ад Беларусі. Па моры або па сушы. Кірункі гэтыя больш дарагія, але чаго не зробіш, каб добра функцыянавалі таварна-грашовыя адносіны паміж Еўрасаюзам і Кітаем? Тут можна ўявіць і варыянт, які прама цяпер выглядае зусім фантастычным: Пекін інвестуе ў пабудову вялікіх магістраляў праз краіны Балтыі.

Так ці інакш, але шляхі знойдуцца, і Беларусь як транзітны хаб будзе памножана на нуль. Па прычынах, якія згаданыя вышэй, сітуацыя гэта будзе незваротнай. Можна адмяніць санкцыі на калій, нафтапрадукты ці нешта яшчэ — міжнародны рынак так выбудаваны, што тавар знойдзе спажыўца. Нельга зноў запусціць транзіт праз чорную дзірку ў цэнтры Еўропы, калі лагістыка пракладзеная праз іншыя тэрыторыі. Калі ў гэта ўкладзеныя праца, грошы і час. І Расія ў гэтым выпадку не факт што нешта Лукашэнку кампенсуе.

Магчыма, менавіта гэтага моцна баяцца ў Мінску. Незваротнасці «транзітных санкцый», аб зняцці якіх не паклапоціцца ніводны лабіст і за змякчэнне якіх не пагандлюеш палітвязнямі. Новыя дарожныя карты, новыя кантракты і дамоўленасці ўсё роўна пераважаць.

Не выключана, што цяпер у Еўропе (і не толькі) якраз прапрацоўваюць абыходныя — міма геаграфічнай Беларусі — лагістычныя ланцужкі. Падлічваюць выдаткі, аб’ёмы інвестыцый, тэрміны і г. д. Разумеючы, што на трасе М1 і прапускной здольнасці чыгункі свет клінам не сышоўся, Лукашэнка моцна нервуецца. І непрыхавана «ўключае заднюю», прапануючы праклятаму Захаду зноў сябраваць.