Вільготныя мары Лукашэнкі і суровая рэальнасць
Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах» іранізуе наконт таго, што правадыру відавочна прышчамілі хвост заявамі пра закрыццё меж, і цяпер ён шукае, як здаць назад.
Па рагожы золатам не шыюць.
Руская прыказка
Аляксандр Лукашэнка апошнім часам часта ездзіць па краіне, наведвае прадпрыемствы і ўстановы. У такой тактыцы ручнога кіравання закладзена адразу некалькі сэнсаў. Гэта дэманстрацыя таго, што краіна вяртаецца да ранейшай стабільнасці, нават звыклай руціны, што асабліва важна на фоне таго, што адбываецца ў суседніх краінах, рэгіёне і свеце. Таксама тут Лукашэнка выступае ў ролі гаспадара, які ўсё кантралюе. І звычайна яго рыторыка адпавядае аб'екту, які ён наведвае.
11 жніўня ён праінспектаваў працу Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» і Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі №407. Авіяцыйная галіна першай трапіла пад санкцыі, кампанія «Белавія» панесла сур'ёзныя страты.
І Лукашэнку нічога іншага не застаецца, як дэманстраваць паказную бадзёрасць і аптымізм, усяляк камуфліраваць і рэтушаваць праблему. Маўляў, усё ў парадку, не страшныя ўсе гэтыя санкцыі. «Нічога ў іх не атрымаецца... Мы прарвёмся... Дзяржава знойдзе выйсце з любой сітуацыі і ў бядзе свае прадпрыемствы не кіне... Ім не патрэбны канкурэнты, таму яны нас ціснуць», — такімі словамі ён супакойваў работнікаў наведаных прадпрыемстваў.
І ў якасці прыкладу паспяховага пераадолення санкцый ён расказаў пра вытворчасць легкавых аўтамабіляў па кітайскай ліцэнзіі. Маўляў, ужо ёсць чарга на іх набыццё. Але паколькі няма магчымасці купляць якасныя заходнія аўто, то людзі будуць стаяць у чарзе і на забытыя цяперашнім пакаленнем «Жыгулі». Дарэчы, у Расіі праз санкцыі аўтапрам пераходзіць на савецкія стандарты, урадам РФ прынята спецыяльная пастанова на гэты конт.
І тут ужо Лукашэнку панесла ў яго неўтаймаванай фантазіі. Ён заявіў, што не выключае магчымасці стварэння ў Беларусі вытворчасці грамадзянскіх і ваенных самалётаў. У сувязі з гэтым варта нагадаць, што ў Расіі, якая мае даўнія традыцыі авіябудавання, гэтая галіна загінаецца праз санкцыі.
Па традыцыі Лукашэнка палаяўся на Захад, які нібыта імкнецца да сусветнага панавання, хоча нас «нахіліць», бо баіцца канкурэнтаў. Але ўсё гэта рабілася неяк дзяжурна, па інерцыі. Акцэнт быў зроблены на іншым. Лукашэнка заклікаў «не забываць пра высокатэхналагічны Захад», гаварыў, што Еўрасаюз «побач, яны нашы суседзі», «адносіны з імі губляць нельга». «І з палякамі трэба размаўляць. Я даручыў прэм'ер-міністру звязацца з імі. Калі яны хочуць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад бога», — заявіў ён. Лукашэнка дэманстраваў міралюбнасць: «Мы ні з кім не збіраемся ваяваць... Мы мірныя людзі. Мы хочам з усімі супрацоўнічаць».
Цяжка сказаць, чым абумоўлена яго міралюбная рыторыка. Ці то проста жорсткім папярэджаннем Польшчы, Літвы і Латвіі наконт магчымасці поўнага перакрыцця мяжы з Беларуссю праз нагнятанне Мінскам напружанасці ў памежным рэгіёне (мігранты, «вагнераўцы»). Ці то проста звычайным чаргаваннем агрэсіўных і міралюбных заяў, з якіх кожны робіць тыя высновы, якія хоча.
Толькі калі закраналіся балючыя тэмы, Лукашэнка мяняў свой спакойны тон на супрацьлеглы. Падчас сустрэчы было ўзнята пытанне пра ўкраінскіх дзяцей, якіх вывозяць у Беларусь. Менавіта праз гэтую праблему Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Розныя міжнародныя арганізацыі патрабуюць выдачы падобнага ордэра на арышт і Лукашэнкі. Яго гэта відавочна нервуе, таму ён не вытрымаў, сарваўся і перайшоў на тон, які выкарыстоўваюць самыя адыёзныя расійскія і беларускія прапагандысты. Лукашэнка параіў гэтым арганізацыям разабрацца з тым, што нібыта з Украіны вывозяць дзяцей на Захад у якасці донараў: «Дзетак з Украіны вывозяць. Расчляняюць і дастаюць органы. Вось з тымі хай разбяруцца».
Яшчэ адна балючая для яго тэма — спорт. Беларускіх спартсменаў выкінулі з міжнародных спаборніцтваў. Іх не дапусцяць да Алімпіяды ў Парыжы ў наступным годзе. З улікам той велізарнай ролі спорту ў дзяржаўнай палітыцы, якую вызначыў Лукашэнка, гэта жорсткі ўдар па яго асабістай рэпутацыі і па беларускіх спартсменах. Без спаборніцтваў на высокім узроўні спорт і спартсмены дэградуюць. Таму Лукашэнка надаў гэтай тэме параўнальна шмат увагі, робячы добрую міну пры дрэннай гульні.
Зараз у Беларусі праходзяць II гульні краін СНД. Гэта такі сурагат, прафанацыя, нязграбная пародыя на сур'ёзныя міжнародныя спаборніцтвы. Толькі адзін прыклад, які сведчыць пра ўзровень барацьбы: зборная Расіі па гандболе абыграла зборную Узбекістана з лікам 68:1.
Лукашэнка паспрабаваў дэманстраваць усялякі аптымізм. Прапанаваў беларускім спартсменам спаборнічаць з расійскімі: «Выйграеце ў Расіі — мы будзем у шакаладзе». І парадаваў іх тым, што арганізаваны ўдзел беларускіх атлетаў ва ўнутраных спаборніцтвах у Расіі, а расіяне, наадварот, удзельнічаюць у спаборніцтвах у Беларусі.
Затым стаў расказваць, што ёсць ініцыятыва Пуціна аб правядзенні гульняў краін БРІКС. Маўляў, да іх «многія краіны далучацца». «І алімпійскі рух, які ёсць цяпер (Бах узначальвае), разваліцца», — радасна канстатаваў Лукашэнка.
Вельмі сумнеўна, што іншыя краіны БРІКС пойдуць за Пуціным і пачнуць развальваць алімпійскі рух. Ім гэта навошта? Напрыклад, той жа Кітай цяпер дамінуе ў многіх алімпійскіх відах спорту, удзел у Алімпіядах прыносіць кітайцам вялікія дывідэнды.
Проста Лукашэнка, які давёў сваімі дзеяннямі беларускі спорт да дэградацыі, спрабуе апраўдацца з дапамогай нейкіх неўтаймаваных фантазій.