«Выканаўцы ўнутранай дзяржаўнай палітыкі не прыстасаваныя да рэзкіх паваротаў»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» піша пра спробу аднаго персанажа замірыцца з палякамі і пра тое, што, імаверна, той персанаж ужо не кантралюе «выканаўцаў» сваёй палітыкі. А страта кантролю можа адбіцца вельмі кепскімі наступствамі.

Фота з newgrodno.by

Фота з newgrodno.by

А ты ведала, што палякі «разумныя» і «нашы людзі, славяне»? Я вось да пятніцы не ведаў. Я думаў, у іх адны ўсходнія крэсы на розуме. А яно вунь як аказалася. Аказалася, што яны ўсё разумеюць. Гэта раней палякі былі шалёнымі панамі. Пакуль не сабраліся перакрыць мяжу. А як толькі сёй-той зразумеў, што яны і праўда перакрыюць мяжу, так палякі адразу пачалі дабрэць.

Вось сёй-той раней усё жартаваў пра ўдары атамнай бомбай па цэнтрах прыняцця рашэнняў. Так калі заходняя мяжа на самай справе цалкам зачыніцца (уключаючы чыгуначныя зносіны), то з беларускай эканомікай будзе прыкладна тое ж самае, што з цэнтрамі прыняцця рашэнняў пасля ўдару па іх атамнай бомбай. Я табе зараз нават прыблізна не скажу, колькі той эканомікі пасля гэтага ўдару выжыве.

Так што ў пятніцу сёй-той успомніў, што насамрэч ён голуб міру. І сказаў, што даручыў прэм'еру Галоўчанку звязацца з палякамі. Мабыць, каб патлумачыць ім соль жарту пра шпацыр «вагнераўцаў» да Варшавы. А то яны ўсё, вядома, разумеюць, але сэнсу гэтага жарту неяк не ўлавілі. І пра асаблівасці нацыянальнай палітыкі ў галіне нелегальнай міграцыі не зразумелі. А жарт на самай справе вельмі смешны. Калі правільна расказаць.

Але аказалася, што ў палякаў наогул няма пачуцця гумару. У суботу польскі МЗС паслаў прэм'ера Галоўчанку разам з яго міратворчай місіяй і тым, хто прэм'ера Галоўчанку на гэтую місію паслаў. Намеснік кіраўніка польскага МЗС сказаў, што спачатку трэба адпусціць Пачобута і ўсіх астатніх, разабрацца з мігрантамі і перастаць ужо рабіць жарты пра прагулкі наймітаў. Ужо паслалі, як той казаў, дык паслалі.

І я не ведаю, на які поспех міратворчай місіі прэм'ера Галоўчанкі сёй-той разлічваў. Таму што гэта быў не біном Ньютана, — адгадаць кірунак, у якім гэтую міратворчую місію пашлюць. Але на нешта ж ён разлічваў. І калі ты выступаеш з раптоўнымі мірнымі ініцыятывамі, то трэба надаць сваім словам хоць бы бачнасць праўдападабенства. Я цяпер нават не кажу пра адпусціць Пачобута. Не для таго яго саджалі, каб вось так проста ўзяць і адпусціць.

Але можна ж было крышачку зменшыць абароты. Літаральна на пару дзён. Каб паказаць сур'ёзнасць сваіх намераў. Але не. У пятніцу знеслі чарговыя польскія магілы. У суботу польскую мяжу штурмавала больш за сотню мігрантаў, з якіх некаторыя зноў спрабавалі паламаць польскі плот. А ў нядзелю ў Шчучынскім раёне затрымалі чарговага ксяндза. Прычым забяспечылі максімальна шырокі грамадскі рэзананс, калі спачатку спрабавалі затрымаць ксяндза прама ў касцёле.

І, вядома, затрыманне ксяндза ў касцёле — не найлепшы спосаб палепшыць стасункі з польскімі ўладамі. За тры гады нават беларускія ўлады павінны былі ўжо засвоіць, што шантаж ксяндзамі і мігрантамі не працуе.

Таму я практычна ўпэўнены, што сёй-той ніякіх даручэнняў ні пра ксяндза, ні пра магілы не даваў. Яно само так атрымалася. У сілу асаблівасцяў унутранай і знешняй палітыкі. Ну, не могуць ужо беларускія ўлады проста так узяць і спыніцца. Таму што выканаўцы ўнутранай дзяржаўнай палітыкі не прыстасаваныя да рэзкіх паваротаў. Не ўмеюць яны ўлоўліваць тонкія дыпламатычныя сігналы.

Таму я падазраю, што ў беларускіх уладаў ёсць усе шанцы зарабіць сабе на поўную блакаду. Нават калі сёй-той і далей будзе выяўляць з сябе голуба міру і пасылаць вербальныя сігналы. Таму што яго падначаленыя ўсё роўна будуць рабіць тое, да чаго прывучаны — саджаць і ламаць. І ўрэшце чарговая пасадка або верталётная прагулка апынецца той самай апошняй кропляй. Бо каб перапоўніць гэтую чару, шмат ужо не трэба.

Яна і так напоўнілася амаль да краёў з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.