Латвія, Літва, Польшча прынялі супольны механізм закрыцця мяжы з Беларуссю
У выпадку патрэбы тры дзяржавы Еўрасаюза закрыюць межы з Беларуссю, расказала інфармацыйнаму агенцтву BNS прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце. Пры гэтым яна не абяцае, што план закрыцця меж і рашэнне аб закрыцці будуць шырока распаўсюджваць, але калі закрыццё адбудзецца, раскажуць падрабязнасці.
«Трэба зразумець вельмі простую рэч, што ўжо вельмі даўно ўрад не раіць ехаць у Беларусь. Нягледзячы на гэта ёсць пэўная колькасць людзей, якія не пільнуюцца гэтай рэкамендацыі або маюць для гэтага асаблівыя прычыны, і гэтая інфраструктура цяпер, на наш погляд, проста залішняя паводле геапалітычнай вагі. Пасля закрыцця пунктаў праца будзе наўпрост засяроджана ў тых пунктах, праз якія ідзе і частка камерцыйнага транспарту», — сказала Шыманіце.
Раней у Вільні заяўлялі, што плануюць закрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Гэта пункты пропуску «Шумск» («Лоша» з беларускага боку) і «Цверач» (з беларускага боку — «Відзы»).
Шыманіце не каментавала шырока асцярогі літоўскіх улад ад знаходжання на беларускай тэрыторыі наймітаў расійскай ПВК «Вагнер». Але адзначыла, што сам гэты факт не дае расслабляцца ўладам Літвы.
Раней Польшча перакінула дадатковыя сілы вайскоўцаў менавіта праз прыбыццё «вагнераўцаў» у Беларусь.
Як адзначае генеральны дырэктар Асацыяцыі інтэрмадальных перавозак і лагістыкі «АІПЛ» Дзмітрый Курачкін, у выпадку поўнага закрыцця еўрапейскіх меж застанецца толькі азіяцкі кірунак. Пра еўрапейскую лагістыку можна будзе забыцца.
Поўнае закрыццё еўрапейскіх меж з Беларуссю нанясе моцны ўдар па лагістыцы. Як быць у гэтым выпадку з еўрапейскімі грузамі? Мабыць, ніяк, у лепшым выпадку прыйдзецца здавольвацца грузамі з Кітая, Турцыі і Індыі. Складанасці ўзнікнуць і ў транзітнага еўрапейскага трафіку, які ідзе на азіяцкія краіны аўтамабільным транспартам праз Беларусь. Застаецца толькі варыянт чыгуначнага транзіту праз Беларусь.