«Пытанне часу»: Ці апусціцца ў Беларусі жалезная заслона?

Межы паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі закрыюць, лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман, пытанне толькі ў часе. Але палітаглядальнік Валерый Карбалевіч больш аптымістычны: верагоднасць гэтага менш за 50 працэнтаў

На савецка-польскай мяжы пад Стоўбцамі, 1939 год. Фота з архіву Ігара Мельнікава

На савецка-польскай мяжы пад Стоўбцамі, 1939 год. Фота з архіву Ігара Мельнікава

Днямі міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў: калі на мяжы адбудуцца сур’ёзныя інцыдэнты з удзелам ПВК “Вагнера”, Польшча, Латвія і Літва могуць закрыць межы з Беларуссю, піша «Люстэрка». 

Крыху пазней прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі паведаміў, што частка байцоў ПВК высунулася ў бок Сувалкскага калідора.

«Імавернасць, скажам так, меншая за 50 працэнтаў, але выключаць яе нельга»

Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць: цяперашняя рыторыка Польшчы — гэта папярэджанне з боку суседзяў. Калі Беларусь распачне «сілавы сцэнар на мяжы з выкарыстаннем зброі», то пагрозы могуць трансфармавацца ў рэальнае закрыццё межаў. Аднак, як лічыць эксперт, гэтых чырвоных ліній беларускі бок, хутчэй за ўсё, не пяройдзе.

— Імавернасць, скажам так, меншая за 50 працэнтаў, але выключаць яе нельга. Нездарма ж цяпер разгорнутая антыпольская кампанія як з боку кіраўніцтва Расіі, так і Беларусі. Тыя ж выказванні Пуціна і Лукашэнкі падчас іх перамоваў у Санкт-Пецярбургу, дзе яны задумалі антыпольскую атаку, — разважае Валерый Карбалевіч і кажа, што рэзкае абвастрэнне канфлікту нашай краіне нявыгаднае. — Па сутнасці, гэта было б уступленнем Беларусі ў вайну. А гэтага не хацеў бы ні сам Лукашэнка, ні беларускае грамадства, ні дзяржапарат, ні, я думаю, нават сілавікі.

Навошта ў такім выпадку Аляксандр Лукашэнка ідзе на абвастрэнне? Тут, адзначае эксперт, некалькі фактараў.

— Перш за ўсё ён падыгрывае Расіі. Магчыма, гэта плата Пуціну за няўдзел Беларусі ў паўнавартаснай вайне супраць Украіны. Маўляў, я тут буду змагацца з натаўцамі на мяжы нашай агульнай Саюзнай дзяржавы, — кажа эксперт. — Па-другое, гэта помста суседзям за тое, што яны падтрымліваюць беларускую апазіцыю. Па-трэцяе, гэта проста тактыка Лукашэнкі: ісці на абвастрэнне, дэманстраваць сілу як фактар, які можа прымусіць суседзяў пайсці на нейкія перамовы.

Ёсць у гэтым, адзначае эксперт, і агульнапалітычны сэнс: мадэль абложанай крэпасці ідэальная для ўтрымання ўлады ўсіх аўтарытарных уладароў.

— Калі крэпасць — значыць, вакол ворагі, таму патрэбная мабілізацыя дзяржапарату, сілавых структур і ўсяго грамадства. І гэта, урэшце, развязвае рукі для палітычных рэпрэсій супраць усіх нязгодных, — кажа Валерый Карбалевіч.

Польшча, Літва і Латвія таксама не зацікаўленыя ў закрыцці межаў з Беларуссю.

— Закрыццё межаў — сур’ёзны ўдар па ўсіх грузапатоках, прычым не толькі польскіх. Гэта сур’ёзная шкода, скажам так, і па еўрапейскіх краінах, а таксама дзяржавах Азіі (сярод якіх і Кітай), што ажыццяўляюць транзіт грузаў у тым ліку праз беларуска-польскую мяжу. У выніку закрыццё пунктаў пропуску ператворыцца ў сур’ёзную міжнародную праблему. А значыць, іх нельга проста так узяць і перакрыць. Адпаведна, ад рыторыкі да рэальных дзеянняў — вялікая дыстанцыя.

— Увосень у Польшчы пройдуць парламенцкія выбары. Ці ўплывае гэта на тое, што рыторыка ўладаў краіны становіцца больш жорсткай?

— Магчыма. Кіроўная партыя «Права і справядлівасць» дэманструе, што яна моцная, гатовая абараняць нацыянальныя інтарэсы. Яна дэманструе рашучасць у дачыненні да краін, якія пагражаюць Польшчы і прыгнятаюць польскую нацыянальную меншасць, як, напрыклад, гэта адбываецца на тэрыторыі Беларусі.

— У такім выпадку можна сказаць, што іх заявы — гэта больш словы, чым гатоўнасць да рэальных дзеянняў?

— Думаю, так.

«Для мяне хутчэй пытанне ў тым, што стане вырашальным фактарам»

Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман больш радыкальны ў гэтым пытанні. Ён лічыць, што межы паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі закрыюць. Гэта, кажа ён, толькі пытанне часу.

— Гэта можа адбыцца абсалютна ў любы момант. Прывяду трохі экзатычны, але паказальны прыклад. Паглядзіце на Нігер, дзе адбываецца путч. Адзін з ультыматумаў, які суседзі краіны выставілі [хунце, што захапіла там уладу], заключаецца ў закрыцці межаў. Цікава, наколькі гэта будзе эфектыўны механізм уплыву і ці асадзіць хунта назад, бо мясцовая эканоміка моцна залежыць ад межаў. У выпадку з Беларуссю сітуацыя іншая, усё ж пад бокам Расія. Але ў цэлым і тут гэта рэальны варыянт, а не пустыя словы. У пагрозаў [пра закрыццё пунктаў пропуску], якія мы цяпер чуем, мэта прыкладна такая ж, як у Нігеры, каб у гэтым выпадку беларускі бок трошкі ўтаймаваў свой запал і рыторыку.

Паводле словаў эксперта, калі правакацыі з боку Беларусі працягнуцца, жалезная заслона апусціцца: эскалацыя зайшла занадта далёка.

— Польшча і краіны Балтыі разумеюць: калі межы закрыюць, іх чакаюць эканамічныя страты, але яны да гэтага гатовыя. Акрамя таго, улады гэтых краін успрымаюць пагрозы, якія ідуць ад Лукашэнкі і Расіі, як пагрозы існаванню іх дзяржаваў. А калі на тваю дзяржаўнасць замахваюцца, прымаюцца рэзкія рашэнні, — разважае суразмоўца. — Падчас крызісу з мігрантамі ўлады Польшчы і Літвы ўжо паказалі: яны гатовыя да сур’ёзных крокаў.

Да таго ж, працягвае эксперт, калі вайна ва Украіне не скончыцца перамогай Кіева, а «будзе замарожаная» ці «набудзе млявы характар», то падзел паміж Захадам і Расіяй і Беларуссю ўмацуецца.

— Ёсць паказальны прыклад Паўночнай і Паўднёвай Карэі, дзе мяжа закрытая з 1953 года. І з таго часу там нічога не адбываецца, — адзначае палітычны аглядальнік. — [ Да закрыцця межаў] мы ідзём хуткім тэмпам. І для мяне хутчэй пытанне ў тым, што стане вырашальным фактарам. Напрыклад, нейкія дзеянні вагнераўцаў. Гэта можа быць нешта зусім дробнае для такіх радыкальных рашэнняў, проста з 2020 года ўжо шмат назапасілася ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю, Польшчай, Латвіяй і Літвой.

Аляксандр Лукашэнка можа справакаваць канфлікт нават гэтага не падазраючы, лічыць эксперт. Чаму? Таму што ён кепска ведае, чым жывуць суседзі.

— З 2020 года ягоны досвед узаемадзеяння з Захадам — суцэльная катастрофа, — кажа эксперт, нагадваючы пра інцыдэнт з самалётам, на борце якога быў Раман Пратасевіч. — Ён кіруецца сваімі поглядамі, а яны шмат у чым савецкія і прасякнутыя расійскай прапагандай. Ён не ўспрымае Літву ці Польшчу як самастойных актараў. Для яго гэта ўсё амерыканскія марыянеткі — і тут ён вельмі памыляецца. Так, краіны Балтыі і Польшча звязаныя партнёрствам са Злучанымі Штатамі, але гэта самастойныя гульцы. Рашэнне закрыць межы [з Беларуссю] не будуць прымаць у Вашынгтоне. Магчыма, гэта будзе абмяркоўвацца на еўрапейскім узроўні. Але калі Польшча, Літва і Латвія палічаць патрэбным закрыць межы, яны гэта зробяць.

Паводле Аляксандра Фрыдмана, яшчэ адзін фактар, праз які пункты пропуску могуць аказацца на замку, — набліжаюцца парламенцкія выбары ў Польшчы.

— Асаблівасць польскага ўрада на чале з партыяй «Права і справядлівасць» у тым, што ў гэты перыяд краіна заўсёды знаходзілася ў авангардзе антырасійскага руху. Польшча маштабна падтрымлівае Украіну і выступае за самыя жорсткія санкцыі. Акрамя таго, Польшча заўсёды была за радыкальныя меры ў дачыненні да Лукашэнкі. І гэта не толькі рыторыка, — адзначае суразмоўца. — Калі паглядзім на дзеянні, то яны адпаведныя. Гэта і знішчэнне савецкіх помнікаў на тэрыторыі Польшчы, і сітуацыя з міграцыйным крызісам. Польшчу тады жорстка крытыкавалі, што краіна не адкрыла межы, выкарыстала вадамёты, але яны сваю пазіцыю адстаялі і працягваюць адстойваць. У краіне гэта ўспрымаецца як поспех. У сённяшніх умовах, калі Польшча сутыкаецца з эканамічнымі складанасцямі, падкрэсліваючы жорсткую пазіцыю што да Беларусі і Расіі, як мне здаецца, можна трапіць [у выбаршчыка] і кансалідаваць вакол сябе электарат.

У той жа час, адзначае эксперт, закрыццё межаў цалкам пазбаўляе краіны Балтыі і Польшчу пунктаў судакранання і магчымасцяў для перамоваў з Беларуссю.

— Ці гатовыя яны пайсці на такія крокі? Гэта, вядома, пытанне. Мне здаецца, не гатовыя, — дзеліцца меркаваннем суразмоўца.

Паводле Аляксандра Фрыдмана, Аляксандр Лукашэнка таксама не хацеў бы, каб межы закрылі.

— Апошнія даследаванні Chatham House паказваюць: дэпалітызацыя ў беларускім грамадстве даволі высокая. Пры гэтым калі ў людзей адбяруць нават гіпатэтычную магчымасць з’ехаць за мяжу, то атмасферы ў грамадстве гэта не палепшыць. І наогул, жыць у ізаляванай краіне за жалезнай заслонай, мякка кажучы, некамфортна, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Але на гэты момант я не бачу нічога, што сведчыла б пра тое, што межы не закрыюцца. Няма ніякіх крокаў да дээскалацыі.