Пачаў з 1600 і вырас да 7000 злотых у месяц. Як беларус у Польшчы зарабляе зваршчыкам
Беларус Аляксандр пераехаў у Польшчу ў 2018 годзе і за пяць гадоў прайшоў шлях ад жыцця на 1600 злотых да штомесячнага даходу ў 5-7 тысяч злотых. Ён распавёў выданню «MOST», як удавалася жыць тады і што ён можа дазволіць сабе цяпер.
— Я пераехаў у Польшчу пяць гадоў таму па гадавой візе, якую
зрабіў на падставе моўных курсаў. Тады яшчэ была такая магчымасць. У першую
чаргу пачаў шукаць працу. Тры гады працаваў у гастраноміі: спачатку на кухні ў
адной з уроцлаўскіх забягалавак,
а пасля перайшоў у сетку рэстаранаў хуткага харчавання. Месяц ад месяца даход складаў 1600-2000 злотых.
На той момант гэтых грошай мне было дастаткова. Я плаціў за пакой каля 700 злотых і 90 злотых за праязны. У цёплы час года карыстаўся роварам замест гарадскога транспарту. Рэшту траціў на прадукты і мінімальныя забавы.
У 2021 годзе вырашыў змяніць працу, паколькі зарплаты хапаць перастала. Часам былі вельмі складаныя фінансавыя сітуацыі. Цалкам выпадкова на вочы трапілася рэклама аднаго з кадравых агенцтваў, якое шукала слесараў і рознарабочых. Прымалі кандыдатаў нават без досведу працы. Акрамя таго, у агенцтве дапамагалі з атрыманнем карты побыту. Я вырашыў звярнуцца да іх.
Мяне адправілі на прадпрыемства, на якім я адпрацаваў рознарабочым і шліфоўшчыкам каля паўтара года. Там асвоіў прафесію зваршчыка: вучыўся пасля працоўнага дня. Замацаваў свае веды здачай экзамену ў школе зваршчыкаў, атрымаў кваліфікацыю і змяніў працу на тую, дзе працую па гэты дзень. Мой заробак складае ад 5000 да 7000 злотых. Памер зарплаты залежыць ад колькасці перапрацаваных гадзін і выхадных дзён.
Штомесячныя выдаткі
— Цяпер разам з жонкай мы жывём у самым цэнтры Уроцлава ў двухпакаёвай кватэры з балконам і паркінгам. За яе мы плацім 2850 злотых, уключаючы ўсе камунальныя плацяжы.
На прадукты для гатавання дома трацім 800 злотых на аднаго, а на харчаванне па-за домам — прыкладна 200 злотых.
Ад працы я маю страхоўку NFZ і PZU за 25 злотых у месяц. Адзенне і абутак купляю раз на два-тры месяцы. На гэта сыходзіць 300-350 злотых.
Акрамя таго, штомесяц выдаткоўваю на паліва (гэта ў сярэднім 150-200 злотых), на інтэрнэт, Spotify і падпіску на Disney+ (130 злотых).
Перамены ў жыцці
— Жыццё змянілася цалкам. Раней я нават не мог падумаць, што здам на правы, куплю аўтамабіль, буду ездзіць у адпачынак і купляць у крамах не тое, што на зніжках, а тое, што хочацца.
Усім, хто збіраецца або хто ўжо пераехаў у Польшчу і шукае працу, раю, у першую чаргу, вучыць польскую мову: запамінаць асноўныя словы і фразы і хапацца за любую магчымасць павышаць узровень валодання мовай.
Па-другое, паклапаціцеся аб легальнасці свайго пражывання на тэрыторыі краіны: своечасова зрабіце ўсё, што для гэтага неабходна.
І па-трэцяе, сачыце за
тым, што вам прапануе працадаўца — ці ёсць у вас дагавор і наколькі ён
празрысты. І ніколі не згаджайцеся працаваць без дамовы, інакш пасля можа быць
вельмі балюча.