У Польшчы заявілі, што беларускія верталёты парушылі паветраную прастору краіны. Мінск адказаў хамствам
Два беларускія верталёты 1 жніўня парушылі паветраную прастору Польшчы. Пра гэта вечарам 1 жніўня паведаміла Міністэрства нацыянальнай абароны гэтай краіны.

Фота @Eliza Kowalczyk
У паведамленні гаворыцца, што верталёты здзяйснялі вучэнні, пра што беларускі бок загадзя праінфармаваў Польшчу. Перасячэнне паветранай мяжы адбылося ў раёне населенага пункта Белавежа на вельмі нізкай вышыні, што абцяжарвае выяўленне радыёлакацыйнымі сістэмамі.
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак даручыў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.
Пра інцыдэнт таксама праінфармавалі НАТА, адзначаецца ў паведамленні. У МЗС Польшчы таксама выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі для тлумачэння таго, што адбылося.
Пра тое, што беларускія верталёты заляталі на тэрыторыю Польшчы, паведамлялі OSINT-аналітыкі «SluzbyiObywatel». Праект пісаў, што гаворка ідзе пра верталёты Мі-24 і Мі-8.
Глядзіце таксама

На паведамленне
польскага боку неўзабаве адрэагаваў беларускі. Рэакцыя атрымалася ў звыклай
хамскай манеры, характэрнай для дзяржаўнай прапаганды.
Лукашэнкаўскае Міністэрства абароны заявіла, што абвінавачванні Варшавы ў парушэнні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА з'яўляюцца «надуманымі і былі зроблены польскім вайскова-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўдання нарошчвання сіл і сродкаў каля беларускай мяжы».
«Яшчэ з раніцы аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы супакойвала насельніцтва заявамі аб тым, што польскія радары не фіксавалі парушэння дзяржмяжы, а да вечара (мабыць, параіўшыся са сваімі заакіянскімі гаспадарамі) ужо паведамілі, што перасячэнне мяжы адбывалася на вельмі нізкай вышыні, што перашкаджала выяўленню радыёлакацыйнымі сістэмамі», — гаворыцца ў заяве беларускага ваеннага ведамства.
Там таксама дадалі, што «паведамленне, не пацверджанае дадзенымі аб'ектыўнага кантролю з боку Польшчы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разглядае ў стылі «адна бабка сказала» і адзначае, што парушэння паветранай прасторы верталётамі Мі-24 і Мі-8 не было».
Раней у Варшаве не выключылі, што ў выпадку павелічэння ваеннай пагрозы з боку Беларусі можа быць цалкам закрыта мяжа паміж дзвюма краінамі. Аб магчымасці аналагічных захадаў заявілі таксама ў Літве і Латвіі.
1 жніўня Камянецкі раён Брэсцкай вобласці — гэта якраз недалёка ад мяжы з Польшчай — наведаў Лукашэнка. Выступаючы перад мясцовай масоўкай, ён зладзіў чарговы прапагандысці стэндап, у якім звыкла пагражаў Польшчы.