Яўген Магда: «Вагнер» у Беларусі — гульня Крамля на пашырэнне вайны

«Вагнераўцы» і ядзерная зброя ў Беларусі скіраваны на стварэнне прамой пагрозы дзяржавам, якія падтрымліваюць Украіну. У першую чаргу — Польшчы і Літве.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg

Лукашэнка 22 ліпеня прызямліўся ў аэрапорце Санкт-Пецярбурга ў зялёным спартыўным касцюме, каб ужо на наступны дзень паказаць саюзніку Пуціну новыя карты нападу. Цяпер на Украіну. Але ўжо з боку Польшчы.

«Я спецыяльна прывёз вам карту аб перакідванні Узброеных сіл Польшчы да меж Саюзнай дзяржавы, пра што вы казалі. Мы бачым — рыхтуецца глеба. Дапусцім, адна з брыгад месца сваё знайшла за 40 км ад Брэста. Стаялі кіламетраў за 500, перакінулі. Карту я пакажу».

І «раскрыў» падступныя планы Захаду:

«Яны хочуць адхапіць Заходнюю Украіну і далучыць да Польшчы. Гэта плата за актыўны ўдзел палякаў у гэтай аперацыі супраць войскаў Расійскай Федэрацыі. Амерыканцамі гэта падтрымліваецца».

«Адрыў Заходняй Украіны, расчляненне Украіны і перадача зямель Польшчы непрымальныя. І, калі трэба будзе заходняму насельніцтву Украіны, мы, вядома, будзем іх падтрымліваць. Я прашу, каб вы абмеркавалі і прадумалі гэта пытанне. Натуральна, я хацеў бы, каб у гэтым плане вы нас падтрымалі. Калі такая будзе падтрымка і Заходняя Украіна папросіць гэтай дапамогі, мы, вядома, будзем аказваць заходняму насельніцтву ва Украіне дапамогу і падтрымку. Калі так будзе, мы будзем іх падтрымліваць усяляк».

Складана разабрацца ў гэтых тактычных і стратэгічных развагах, тым больш без сузірання прывезеных карт. «СН плюс» пагаварыла пра гэта з дырэктарам Цэнтра сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.

— «Першы» паказаў новыя карты, цяпер – пра перакідванне польскіх войскаў да меж «Саюзнай дзяржавы». Навошта ў Мінску з такім зайздросным пастаянствам маляваць схемы выдуманых пагроз?

— Карты — не толькі мем пра тое, адкуль рыхтаваўся напад, але і відавочны працяг нядаўняй заявы Пуціна, што Польшча фарміруе нейкія падраздзяленні для захопу Украіны. Мінск адчувае сябе малодшым палітычным партнёрам Крамля і імкнецца ўсяляк падыгрываць, гуляе разам, таксама гатовы ўнесці свой уклад у абарону «Саюзнай дзяржавы». Менавіта ў такім выглядзе, як усё адбываецца. І адпаведна зрабіць так, каб пра гэта як мага часцей згадвала расійская прапаганда.

— Кіраўнік паказаў карты, але чамусьці прасіў, «каб нашы ўрады прадумалі нейкі эканамічны план», і тады людзі «будуць бачыць святло ў канцы тунэля». На што гаспадар адрэагаваў рэплікай, што ўсе планы па развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва рэалізуюцца, прычым лепшымі тэмпамі, чым чакалі. На Расію спадзявайся, а сам не памыляйся?

— Эканоміка нягледзячы ні на што ўсё ж такі застаецца важнай з адной простай прычыны: калі ўзровень жыцця будзе імкліва падаць, то ператварэнне дзяржавы ў адстойнік пачне яшчэ вастрэй адбівацца на настроях унутры грамадства. І тады аднымі ідэалагічнымі практыкаваннямі напружанне зняць не атрымаецца. Адсюль — кроўная зацікаўленасць у тым, каб атрымліваць ад Расіі па максімуме ў эканамічным плане. І апошняя многія падобныя «хотелки» малодшага партнёра пасля 24 лютага 2022 года задаволіла.

Але апетыт прыходзіць падчас ежы. А, з іншага боку, у Крамля няма такіх шырокіх магчымасцей, каб закрываць усе патрэбы хаўрусніка. Інакш кажучы — узяць Беларусь на поўнае ўтрыманне.


fa46b15508bcdd01ebe440ac74e7caaf_xl_logo.jpg

— Лукашэнка заявіў, што расчляненне Украіны і перадача зямель Польшчы непрымальныя:

«Калі такая будзе падтрымка і Заходняя Украіна папросіць гэтай дапамогі, мы, вядома, будзем аказваць заходняму насельніцтву ва Украіне дапамогу і падтрымку».

Наколькі верагодны сцэнар падрыхтоўкі да магчымага ўварвання ў Заходнюю Украіну — з мэтай адрэзаць пастаўкі заходніх узбраенняў?

— Тэма раздзялення Украіны польскімі войскамі — гэта, ведаеце, сублімацыя на падзеі пачатку 17 стагоддзя, калі польскія войскі захапілі Маскву. Сёння казаць аб падобным развіцці сітуацыі не даводзіцца.

Справа ў тым, што Мінск і Масква дзейнічаюць па загадзя ўзгодненым лібрэта, робяць заявы, якія вартыя адна адной, і, вядома ж, не збіраюцца адступаць ад загадзя вызначанага плана. Слухаць усё гэта не вельмі цікава: заявы чалавека, які спакойна глядзеў на тое, як з Беларусі заходзяць расійскія войскі і забіваюць украінскіх грамадзян, не вартыя выдаткаванага на іх часу.

— «Нас пачалі «напружваць» «вагнераўцы» — хочуць на захад: "Сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў!"» — нібыта пажартаваў Лукашэнка. Але ў кожным жарце ёсць доля жарту: падобна, «вагнераўцы» сапраўды напружваюць беларускі рэжым. І па-ранейшаму прыбываюць у Беларусь. Ці праясніў палёт з Мінска ў Санкт-Пецярбург планы адносна «вагнераўцаў»?

— На мой погляд, «вагнераўцы» з'яўляюцца праблемай, таму што дзяржава, якая прыняла іх, пабудавана па прынцыпе строгага адзінаўладдзя. А «вагнераўцы» імкнуцца паказаць, што яны самі па сабе і ў іх вялікая прастора для манеўру: яны і ад дзядулі Пуціна сышлі, і ад дзядулі Лукашэнкі, у крайнім выпадку, таксама сыдуць. З гэтай прычыны апошні сапраўды агучвае фантастычныя сцэнары пра рэйды на Жэшуў і Варшаву, немагчымыя нават у выпадку правядзення масавай мабілізацыі ў Беларусі. А з іншага боку, усяляк спрабуе нейкім чынам падпарадкаваць «вагнераўцаў» сабе. Але, шчыра кажучы, я вельмі скептычна стаўлюся да такой перспектывы, таму што калі «вагнераўцы» сышлі з Расіі, прынамсі, часткова, то наўрад ці яны будуць жыць і працаваць у сістэме ўлады, створанай кіраўніком Беларусі.

Я думаю, нас чакае сітуацыя, пры якой атрады «Вагнера» будуць напрацоўваць негатыўнае да сябе стаўленне ў рэспубліцы. Калі да гэтага рэальна далучыцца размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі, то можна смела казаць пра гульню Крамля, накіраваную на пашырэнне ваеннага канфлікту і на стварэнне прамой пагрозы дзяржавам, якія падтрымліваюць Украіну. У першую чаргу – Польшчы і Літве.

Гэтая гульня не кароткатэрміновая, а даўжынёй у некалькі месяцаў, і я думаю, яна будзе працягвацца. Але гэта гульня Крамля, а Мінск у лепшым выпадку будзе падносіць патроны і паперу для ўлётак.

www.sn-plus.com, пераклад «НЧ»