Навошта на мяжы сталі правяраць ІМЕІ? Тлумачыць сілавік
На мінулым тыдні паведамлялася, што прыкамандзіраваныя на пагранічныя пераходы кадэбісты сталі правяраць ІМЕІ тэлефонаў тых, каго яны лічаць палітычна падазронымі. Дзеючы супрацоўнік аднаго з сілавых органаў патлумачыў «Нашай Ніве» логіку праверак.
Вядома, што
на ўездзе ў Беларусь бываюць выпадкі, калі грамадзян нашай краіны пры
праходжанні памежнага кантролю забіраюць на гутаркі асобы ў цывільным, якія
задаюць пытанні на асабістыя і палітычныя тэмы, патрабуюць доступ да дэвайсаў,
праглядаюць іх.
У групе рызыкі ў гэтых выпадках — тыя беларусы, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці паводле «палітычных» артыкулаў у апошнія гады, а таксама ўсе, хто быў заўважаны ў грамадзянскай актыўнасці.
Звычайна ў дэвайсах правяраюць перапіскі ў сацыяльных сетках, падпіскі на забароненыя дзяржавай рэсурсы, фотаальбомы на прадмет нацыянальнай беларускай сімволікі і ўдзелу ў акцыях, тэлефонныя кнігі, кантакты.
Апошнім часам з'явіўся новы пункт у ходзе такога нефармальнага электроннага вобшуку: спецслужбісты часам правяраюць ІМЕІ мабільнага тэлефона чалавека, якога яны адвялі на допыт.
Дзеючы супрацоўнік Следчага камітэта на ўмовах ананімнасці патлумачыў яшчэ адну, магчыма, галоўную прычыну.
«Многія пры перасячэнні граніцы сталі карыстацца «чыстымі»
дэвайсамі, на якіх не было месенджараў, у памяці не захоўваюцца і ніколі не
захоўваліся фота- і відэаматэрыялы з акцый пратэсту, кантакты палітычна
актыўных грамадзян.
А асноўны тэлефон, інфармацыя на якім магла б стаць «доказам віны» для органаў, пры гэтым схаваны. І вось з гэтым спрабуюць змагацца, правяраючы ІМЕІ.
Сэнс у тым, што мабільныя аператары перадаюць у органы ўсю інфармацыю, у тым ліку аб ІМЕІ мабільнікаў іх кліентаў.
Яны бачаць гэта аўтаматычна, калі сім-карту ўстаўляюць у дэвайс і карыстаюцца ім. Па ІМЕІ можна ўбачыць, якім тэлефонам канкрэтна вы карыстаецеся, у тым ліку яго мадэль і год выпуску.
Такім чынам, маючы гэтую інфармацыю, на мяжы можна лёгка праверыць, аддалі вы апарат, якім рэальна карыстаецеся, ці падсунулі пустышку.
Калі па іх базе вы ўвесь час прысутнічаеце ў сетцы з айфона, а на граніцы даяце ім «левы» андроід, то гэта нагода для пэўных высноў: як мінімум гэта сведчыць пра жаданне нешта схаваць і падмануць», — патлумачыў следчы.
Звычайна ў меню «асабістых даных» тэлефона можна ўвайсці, увёўшы *#06#.
Код ІМЕІ ўнікальны для кожнага дэвайса, ён выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі тэлефона ў сетцы.
Мабільныя аператары ведаюць, да якога дэвайса якая сімка была прывязана. Так, у прыватнасці, шукаюць скрадзеныя мабільныя — як толькі ў сетцы з'яўляецца тэлефон з ІМЕІ, ідэнтычным скрадзенаму дэвайсу, злодзея знаходзяць.
Беларускія аператары мабільнай сувязі захоўваюць архіў не толькі таго, якія сімкі знаходзіліся ў якой зоне мабільнай сувязі, але і якія ІМЕІ. І па сімцы, і па ІМЕІ можна рэканструяваць маршрут руху любога тэлефоннага апарата — і, адпаведна, яго ўладальніка па краіне.
Па ІМЕІ можна ідэнтыфікаваць, скажам, апараты, якія засвяціліся
ў пэўнай мабільнай зоне ў пэўны момант часу 2020-га, або апараты, што засвяціліся
вакол аэрадрома Мачулішчы ў лютым 2023-га, або з якіх рабіўся званок,
напрыклад, супрацоўнікам МУС, СК або іншых сілавых структур, нават калі ў
апараце ў гэты час стаяла не беларуская, а замежная сімка.