Чарговы ксёндз затрыманы рэжымам у Беларусі
Сёння адбылося затрыманне пробашча Касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці.
Пра затрыманне святара паведаміла «Хрысціянская візія».
Ксёндз Антоні Адамовіч з Гарадзеншчыны, выпускнік мясцовай духоўнай семінарыі. Ён прыняў святарскі сан у лістападзе 2009 года.
Баевікі рэжыму спрабавалі затрымаць ксяндза ў самім касцёле, але людзі не дазволілі. У плябані касцёла правялі ператрус.
Як стала вядома, яшчэ ў пачатку тыдня ксяндза выклікалі ў сельсавет, там яго дапыталі і забралі на праверку тэлефон. Сённяшняе затрыманне, імаверна, і стала наступствам гэтай праверкі.
З пачатку масштабных рэпрэсій у 2020 годзе гэта ўжо 22-гі каталіцкі святар, на якога кідаецца рэжым.
Каталіцкі касцёл у Беларусі падчас і пасля выбараў прэзідэнта, з моманту пачатку рэпрэсій беларусаў выказваў ясную пазіцыю, што вылілася ў пераслед ксяндзоў і біскупаў.