Рэпрэсіі ці банальная галеча? У ахове здароўя і адукацыі пачаўся летні адток кадраў
Ахова здароўя і адукацыя — гэта вельмі буйныя сферы, якія займаюць да пятай часткі беларускага рынку працы. І яны вельмі важныя, паколькі з'яўляюцца залогам фізічнага і ментальнага здароўя грамадства. І ў той жа час яны кожны сезон губляюць працаўнікоў.
Сезоннасць тут ярка выяўлена: прыток моладзі пасля размеркавання ў верасні і наступны адток на працягу года да наступнага выхаду на рынак працы маладых спецыялістаў, заўважае «Кошт урада».
Абедзве сферы, і адукацыя, і ахова здароўя, у частцы занятасці ў Беларусі з'яўляюцца адкрыта праблемнымі. Зніжэнне колькасці працоўных рук тут прадыктавана як аб'ектыўнымі прычынамі, накшталт дэмаграфічных праблем, так і цалкам рукатворнымі — вельмі нізкім узроўнем аплаты працы і ціскам на сферы з боку дзяржавы.
Сфера адукацыі цяпер характарызуецца падвойным адмоўным адборам. Па-першае, сюды часта ідуць маладыя людзі, якія з прычыны дрэннай паспяховасці не могуць паступіць на іншыя спецыяльнасці, а, па-другое, сапраўды лепшыя ў прафесіі ў ёй не затрымліваюцца, выбіраючы для асабістага развіцця і прымянення сваіх кампетэнцый замежныя краіны з больш высокім узроўнем аплаты працы і больш паважлівым стаўленнем да прафесіі педагога.
За студзень-чэрвень 2023 года сфера адукацыі прыняла на працу 33,1 тысячы чалавек, а звольніла 41,5 тысяч. У выніку перавышэнне звальненняў над найманнем у гэтай сферы склала 8,4 тысячы чалавек. Толькі за чэрвень адмоўнае сальда рынку працы тут сфармавалася на карысць звольненых у аб'ёме 2,7 тыс. чалавек.
З улікам таго, што чарговы сезонны набор выпускнікоў у сферу адукацыі адбудзецца толькі ў верасні, можна з упэўненасцю сказаць, што ў бліжэйшы час адток кадраў будзе працягвацца. Прычым калі звальненні будуць ісці бягучымі тэмпамі, то не выключана, што па выніках года сітуацыя зноў акажацца горш, чым у папярэднім годзе.
Сітуацыя з занятасцю ў сферы аховы здароўя выглядае ані не лепш, чым у сферы адукацыі. За перыяд са студзеня па чэрвень бягучага года наём у сферы склаў 15,5 тысяч чалавек, а звальненні — 20,8 тысяч. Чысты адток кадраў за шэсць месяцаў, такім чынам, склаў 5,3 тысячы чалавек. Гэта на 900+ чалавек перавышае паказчык аналагічнага перыяду мінулага года.
Відавочна, што нягледзячы на дзеянні чыноўнікаў «па вырашэнні ўсіх пытанняў з занятасцю ў ахове здароўя», праблема кадраў у медыцыне, хутчэй за ўсё, не толькі не страціць сваёй вастрыні, а, наадварот, толькі ўзмоцніцца.
Не ў апошнюю чаргу на негатыўную дынаміку рынку працы ў сферы аховы здароўя ўплывае адчувальны адток спецыялістаў за мяжу. Паколькі з'язджаюць лепшыя спецыялісты, якія маюць магчымасць хуткага працаўладкавання, замяніць іх асабліва няма кім. Гэта павышае нагрузку на ўрачоў, якія засталіся ў Беларусі.
Нягледзячы на велізарны дэфіцыт медыкаў, іх усё роўна працягваюць звальняць па палітычных матывах. З-за немагчымасці працаваць на радзіме многія вымушаныя эміграваць.
«Нягледзячы на велізарны дэфіцыт, медыкаў усё роўна пазбаўляюць працы па палітычных матывах. Ёсць “чорныя спісы” ў Міністэрстве аховы здароўя. Паколькі наша сістэма цэнтралізаваная, вельмі лёгка прасачыць за чалавекам, і ўсё роўна, лекар ці медсястра ўнесены ў спіс — чалавек фактычна пазбаўляецца права на працу. Калі ў пачатку пратэстаў мы аказвалі фінансавую дапамогу, то цяпер актуальным стаў запыт на дапамогу ў працаўладкаванні. Праз немагчымасць працаваць на радзіме многія вымушаныя эміграваць», — распавяла каардынатарка фонду ByMedSol на ўмовах ананімнасці.
«З 2022 года вельмі шмат зваротаў па пытаннях рэлакацыі і працаўладкавання. Гэта сведчыць пра настроі ў медыцынскім асяроддзі», — паведаміла яна.
Пры гэтым, мяркуючы па дынаміцы заробкаў, адчувальнага стымулу ў выглядзе адэкватнага павышэння акладаў у ахове здароўя не назіраецца.
Ва ўмовах праблем з фінансаваннем кадравы голад у ахове здароўя ўрад хоча перамагчы адміністрацыйнымі мерамі — праз узмацненне жорсткасці ўмоў абавязковай адпрацоўкі пасля атрымання адукацыі. Аднак такі падыход можа прывесці да адваротнага эфекту ў выглядзе зніжэння зацікаўленасці маладых людзей паступаць у медыцынскія ВНУ ў Беларусі. Магчыма, тут і цяпер частка праблемы вырашыць можна, але доўгатэрміновыя наступствы такога роду рашэнняў будуць пераходзіць у разрад хранічных дэпрэсіўных трэндаў, з якімі прыйдзецца змагацца ў будучыні.
Кадравыя праблемы ў сферы беларускай адукацыі і аховы здароўя з'яўляюцца, на жаль, фундаментальнымі. Для таго, каб іх вырашыць, недастаткова проста знайсці фінансавыя рэсурсы. Аднак бягучая мадэль беларускай эканомікі, відавочна, не ў стане нават банальна знайсці грошай.
Па меры пагаршэння кадравага дэфіцыту праблема будзе пераходзіць з хранічнай у вострую фазу. Ужо цяпер гэта прыкметна па недахопе ўчастковых тэрапеўтаў і вузкапрофільных спецыялістаў, якасці сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
Можна пабудаваць яшчэ паліклінік і закрыць прыватныя школы для вырашэння праблем з занятасцю ў дзяржаўных, але кадравую праблему гэта не вырашыць — без карэннага змянення падыходаў да сістэмы адукацыі і аховы здароўя.