Хутка беларусаў няма каму будзе вучыць і лячыць

Калісьці, у пачатку сваёй кар’еры, беларускі кіраўнік заяўляў: «Згубім настаўніка — капец, будзем хадзіць п’яныя і дурныя». Цяпер Беларусь губляе не толькі настаўнікаў, але і медыкаў. Са сфер адукацыі і аховы здароўя масава звальняюцца спецыялісты.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo.jpg

Як ідуць справы ў дзвюх такіх важных для Беларусі сферах, як «адукацыя» і «ахова здароўя»?

Адукацыя і ахова здароўя — сацыяльна значныя галіны, сітуацыя ў якіх наўпрост і пастаянна ўплывае на наша паўсядзённае жыццё, адзначае тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Да таго ж варта памятаць, што ў сістэме аховы здароўя цяпер занята каля 290 тысяч чалавек, у адукацыі — больш за 420 тысяч, а значыць, яны займаюць вельмі значную долю рынку працы.

Яшчэ адной адметнай рысай, якая вылучае гэтыя сферы, з'яўляецца сезоннасць.

На жаль, у нашай краіне склалася дзіўная сітуацыя, пры якой людзі, што атрымалі вышэйшую адукацыю па вельмі складаных і важных прафесіях (лекара і педагога), успрымаюць працу ў дзяржструктурах як неабходнае зло і, адпрацаваўшы размеркаванне, часта ўцякаюць. Мы бачым гэта па графіку набору / адтоку кадраў: штогадовыя пікі набору ў момант выпуску новых спецыялістаў змяняюцца не менш рэзкімі падзеннямі, калі, адпрацаваўшы свой неабходны мінімум, маладыя настаўнікі і лекары бягуць з сістэмы.

Прычым баланс складваецца так, што з кожным годам і тых, і другіх становіцца, у выніку, усё менш.

Цяпер мы знаходзімся ў кропцы, калі пачынаецца адток кадраў, і можам з упэўненасцю сказаць, што ў бліжэйшыя месяцы ён імкліва павялічыцца. Каб зразумець, як гэта адбываецца, уважліва паглядзіце на графікі.

adukacyja_zvalnenne.jpg


Такім чынам, у сферы аховы здароўя мы ўжо бачым прыкметны спад. За прамежак часу са студзеня па красавік у сферу прыйшло 9,8 тысячы чалавек, а сышло — 13,4 тысячы.

Цяпер мы знаходзімся прыкладна ў сярэдзіне сезона падзення, ён працягнецца да ліпеня. Варта адзначыць, што адток кадраў у параўнанні з мінулым годам паскорыўся.

У гэтым годзе за студзень-красавік з галіны сышло 3,6 тысячы чалавек «чыстымі», а за аналагічны перыяд мінулага года гэтая лічба была ў два разы меншай — мінус 1,7 тысячы. Такім жа дрэнным годам для галіны быў 2020-ы, але тады многае можна было растлумачыць пандэміяй. Якія прычыны цяпер? Адна з версій — немалая частка медыкаў пакідае краіну і становіцца лекарамі ў дзяржавах, дзе іх прафесію цэняць больш.

Відавочна, што гэта праблема. Што робіць урад, каб яе вырашыць? Павышае заробкі? Клапоціцца аб паляпшэнні ўмоў працы? Вядома, не, цяпер у «вярхах» лунаюць толькі дзве «геніяльныя» думкі: прызнаць сістэматычныя перапрацоўкі ў медыцынскім асяроддзі нормай і значна павялічыць перыяд адпрацоўкі па размеркаванні. Па-сутнасці, гэта легалізацыя сістэмы, якая ўжо відавочна паходзіць на рабаўладальніцкую.


Што мы бачым у сферы адукацыі? Са студзеня па красавік гэтага года ў сферу прыйшло 17,8 тысячы чалавек, а сышло — 19,2 тысячы. Такім чынам, чысты адток склаў 1,4 тысячы чалавек. Здавалася б, не так шмат. Але, прыгледзеўшыся да графіка, мы ўбачым, што красавік — адзін з апошніх месяцаў, на працягу якога ўдаецца больш-менш утрымліваць працоўныя кадры, а потым, да канца лета, абавязкова будзе адбывацца абвал.

Два словы пра тое, як размеркаваліся страты па рэгіёнах. У ахове здароўя мы ў асноўным страцілі ўрачоў у Мінску і Мінскай вобласці. У адукацыі ж настаўнікаў больш за ўсё страцілі ў сталіцы, але пры гэтым вельмі маленькае падзенне адзначана па Мінскай вобласці.

Мы бачым, як зноў і зноў малюецца вельмі сумная перспектыва: калі не пачаць прадпрымаць тэрміновыя меры, ужо ў хуткай будучыні беларусаў няма каму будзе вучыць і лячыць. Прычым мы гаворым не метафарамі, адбудзецца гэта ў самым прамым сэнсе слова. 

Якія меры прымае ўрад ужо прама цяпер? Пакуль толькі «закручванне гаек», пагрозы, шантаж і дробнае паскудства (успомніце, як медыкам, якія выязджаюць за мяжу, не даюць дакументаў, неабходных для пацвярджэння дыплома). Наколькі эфектыўныя гэтыя меры, мы хутка даведаемся.