Хворыя і неадукаваныя. Якімі будуць нашы дзеці?
Эксперты праекта «Кошт Урада» вывучылі свежыя даныя Белстата аб стане рынку працы ў цэлым па краіне. Але асобна яны разглядаюць такія галіны, як «адукацыя» і «ахова здароўя». Доўгатэрміновы трэнд адмыслоўцаў не проста насцярожвае — палохае.
У апошні год, распавядаючы аб рынку працы ў Беларусі, «Кошт Урада» прысвяціў вельмі шмат часу тром тэмам: занятасці ў IT-сферы, адукацыі і ахове здароўя. Чаму менавіта яны? Падтрыманне на плаву і далейшае развіццё гэтых напрамкаў эканомікі наўпрост уплываюць на нашу будучыню.
Тое, што адбываецца з ІТ, ярка і ў сціслым выглядзе дэманструе, што ў рэжыме рэальнага часу можа адбыцца з усёй краінай. Мы назіраем імклівы адток кваліфікаваных кадраў, услед за якім няўмольна і вельмі балюча падаюць даходы ў галіне, бачна яе дэградацыя. Яшчэ нядаўна адзін з асноўных драйвераў эканомікі ператвараецца ў пасрэднае, малаперспектыўнае балота. І ўжо цяпер давялося б патраціць гады, каб адкруціць усё назад.
Важна адзначыць, што назіраць за рынкам працы ў адукацыі і ахове здароўя важна з рэтраспектывай у некалькі гадоў. Сістэма склалася так, што штогод у гэтыя сферы ўліваюць адначасова велізарную колькасць маладых спецыялістаў па размеркаванні, якія пасля, як пясок скрозь пальцы, выцякаюць, скарачаючы колькасць дзеючых лекараў і педагогаў з кожным годам.
У сітуацыі з аховай здароўя ўсё можа падацца крыху лепшым, верагодна, толькі таму, што тэма гэтая блізкая любому пажылому чыноўніку. Штогод у жніўні-кастрычніку ў сферу прыходзіць некалькі тысяч маладых спецыялістаў (у 2022 годзе за гэты перыяд прырост занятасці ў галіне склаў прыкладна 6 тысяч чалавек), а пасля, на працягу года, людзі сыходзяць, стабільна апускаючы планку ўсё ніжэй і ніжэй за плінтус.
У ліпені 2020-га суадносіны прынятых/звольненых спыніліся на паказчыку мінус 10 тысяч чалавек да пачатку года, а да ліпеня 2022-га сфера страціла яшчэ 12 тысяч да той жа кропкі адліку. Зніжаецца і планка «піку» пасля набору: у кастрычніку 2020-га чысты адток склаў усяго мінус 2200 чалавек да пачатку 2020 года, а ў кастрычніку 2022-га ўжо каля 6 тысяч да таго ж пункта адліку.
Улічвайце, што лекараў у краіне становіцца ўсё менш, а пенсіянераў — усё больш. І гэта на фоне падзення нараджальнасці і імкнення немалой часткі моладзі як мага хутчэй з'ехаць з Беларусі.
У адукацыі ўсё яшчэ горш. Сярэдні заробак у гэтай сферы ніжэйшы, чым у сельскай гаспадарцы. Памятаеце, раней невукаў палохалі: «Паедзеш у калгас бульбу збіраць»? Цалкам верагодна, што ў хуткім часе парадаксальным чынам гэта пужалка зменіцца на «Будзеш дрэнна вучыцца, станеш настаўнікам у школе». Патрабаванні пры паступленні ў ВНУ на педагога і іх зарплаты ўжо цалкам гэтаму адпавядаюць.
З лютага 2020 года па люты 2022-га са школ, дзіцячых садкоў і ВНУ сышло прыкладна 25 тысяч чалавек. Улічваючы, што ўсяго ў Беларусі ў сферы адукацыі занята каля 445 тысяч чалавек, атрымліваецца, што страты ўжо склалі больш за 5% за два гады.