Класкоўскі: Лукашэнка зноў піярыцца на тэме адукацыі, бо больш няма на чым

На нарадзе 6 чэрвеня ён усыпаў профільным чыноўнікам за тое, што нахамуталі з сістэмай падліку балаў на цэнтралізаваным экзамене (ЦЭ). Загадаў не хавацца ад грамадства і не віляць, як ён выказаўся, хвастом.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg


«Праверка паказала, што тэхнічнага збою не было, < ... > і я не маю сумневаў у тым, як вы там лічылі. Мае прэтэнзіі ў тым, што людзі вас не разумеюць...» — заявіў Лукашэнка.

Яму відавочна падабаецца зноў аказацца ў ролі мудрага цара, заступніка простых людзей, які чыхвосціць нядбайных баяраў, піша палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў «Позірку».


Правадыру прадставілася рэдкая цяпер магчымасць асядлаць папулізм

Цяпер магчымасцяў замалявацца ў такой ролі ў кіраўніка ўсё менш, што яго, трэба думаць, засмучае. Бо ён і прыйшоў да ўлады як таленавіты папуліст (вярну светлае савецкае мінулае, разграмлю наменклатурную мафію і да таго падобнае), і потым доўгі час паспяхова эксплуатаваў гэтую нішу. Я, маўляў, прэзідэнт з народа і таму чуйна рэагую на яго спадзяванні, стаўлю на месца дурных або зарваўшыхся чынуш.

Але потым рэсурсы папулізму сталі вычэрпвацца. Перш за ўсё ў матэрыяльнай сферы. Нерэфармаваная эканоміка стала таптацца на месцы, Масква пачала дазаваць падтрымку. Цяпер вось праз канфрантацыю з Захадам эканоміка шмат губляе праз санкцыі.

Вычарпалася база для папулізму і ў палітычнай сферы. Да пары да часу Лукашэнка казыраў сапраўды немалой электаральнай падтрымкай. Сацыялагічныя апытанні паказвалі, што хоць на выбарах правадыру рэжыму прыпісвалі нейкую (з кожнай кампаніяй усё большую) долю галасоў, але і рэальна набіраў ён больш, чым апазіцыйныя супернікі. А вось у 2020-м, мяркуючы па ўскосных даных, кіраўнік прайграў Святлане Ціханоўскай.

Мірнае паўстанне 2020-га паказала, што значная частка грамадства перарасла аўтарытарнага правадыра, захацела пераменаў, новых асоб ва ўладзе. А паколькі саступаць яе для Лукашэнкі было неймаверна, то засталося адно — зрабіць больш жорсткім рэжым так, каб іншадумцы не маглі ні дыхнуць ні охнуць.

Так што рыторыка правадыра аб сваёй усенароднаабранасці падзавяла. Наадварот, Лукашэнка стаў казаць, што дарма вось не ўвялі выбары прэзідэнта праз Усебеларускі народны сход (гэта значыць міжсабойчык наменклатуры і старанна адфільтраваных лаялістаў).

Апраўдваючы гэтую ідэю, кіраўнік заўважыў, што «далёка не ўсе з мільёнаў выбаршчыкаў могуць быць сапраўды пагружаныя ва ўсе працэсы». Гэта значыць, калі без хітрыкаў, выбары — не іх розуму справа. Вось так выдыхаецца палітычны папулізм, калі губляецца рэальная апора на масу.


«Слухайце, паўкурса — чарвякі!»

А вось тэма адукацыі — адносна нейтральная (хоць дэ-факта рэжым палітызуе ўсе сферы жыцця). І тут можна адцягнуцца, уключыўшы звыклы папулізм. Тым больш што Лукашэнка, які некалі скончыў Магілёўскі педінстытут, лічыць сябе вялікім знаўцам гэтай праблематыкі. Дадайце да гэтага валюнтарысцкае мысленне, веру ў тое, што ўсе цяжкія пытанні можна вырашыць дырэктыўнымі метадамі, — вось вам і бесперапынны кашмар у беларускай адукацыі.

Правадыр раз-пораз патрабуе ад чыноўнікаў скончыць нарэшце з эксперыментамі ў гэтай галіне, завяршыць яе рэфармаванне. Аднак сам раз за разам ставіць адукацыю на вушы.

На світанку свайго прэзідэнцтва ён разгарнуў барацьбу з «нацыяналістычнымі» падручнікамі. Потым настаяў на пераходзе школы з 12-годкі на 11-годку. Пад падставай стварэння роўных умоў для дзяцей была дэ-факта зламаная сістэма гімназій і ліцэяў, гэта значыць, падарваныя магчымасці паглыбленай адукацыі для адораных, таленавітых вучняў.

Красамоўнай у плане кампетэнтнасці высокага начальства была сцэнка, калі ў 2008-м Лукашэнка і тагачасны кіраўнік Берасцейскай вобласці Канстанцін Сумар абмяркоўвалі напісанне слоў «раненый» і «раненный». Так званы губернатар відавочна не ведаў розніцы паміж прыметнікам і дзеепрыметнікам, і лічыў гэтую дыферэнцыяцыю блазнотай настаўнікаў: «Калі ён паранены, якая розніца куды: у плячо ці нешта іншае». — «А трэба як?» — прастадушна пацікавіўся кіраўнік.

Балазе, што да ўказа аб аднастайным напісанні слова «раненый» справа не дайшла. Але ў цэлым сістэму адукацыі — у тым ліку і вышэйшай — ператрасалі амаль перманентна.

Калі казаць пра ВНУ, то ў 2014 годзе Беларусь фармальна стала ўдзельніцай Балонскага працэсу, аднак дэ-факта так і не ўпісалася ў яго праз спецыфіку палітычнага рэжыму. У яго паняццях студэнцкае самакіраванне, выбары рэктараў — гэта недапушчальная крамола.

Калі ж у школу пайшоў Мікалай, малодшы сын кіраўніка, той стаў паўтараць, што школьная праграма занадта цяжкая, трэба яе разгрузіць. У 2019-м запатрабаваў, каб заняткі ў школе пачыналіся не раней за дзевяць раніцы. Дыктаваў, як выкладаць тыя ці іншыя прадметы: «Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым класе вывучаюць біялогію: слухайце, паўкурсу — чарвякі! < ... > Так, трэба ведаць пра гэту істоту, але навошта яго скурпулёзна вывучаць?».

У выніку заторганыя профільныя чыноўнікі не ведаюць, як дагадзіць правадыру. І раз за разам трапляюць пад раздачу.


У 2020-м людзі таксама адрэагавалі на лічбы, але атрымалі па галаве

Па вялікім жа рахунку, узровень ведаў, які даюць школа і вну, для кіраўніцтва рэжыму не на першым месцы. А ўжо развіццё творчага мыслення і зусім уяўляецца небяспечнай справай. Галоўнае — прышчапіць лаяльнасць. Лукашэнка называе гэта патрыятычным выхаваннем.

Яшчэ адзін яго ідэфікс у гэтай сферы — жалезная дысцыпліна. Рэжыму важна фармаваць паслухмяных выканаўцаў. Таксама ўлады арыентаваныя на тое, каб затыкаць кадравыя дзіркі за кошт прымусу.

Між тым кадравыя праблемы, у прыватнасці ў медыцыне, абвастрыліся ў сувязі з масавым адтокам спецыялістаў за мяжу, у тым ліку па палітычных прычынах. Але стварыць для маладых спецыялістаў-медыкаў (як, зрэшты, і для іншых) добрыя ўмовы няпроста. Тым больш нерэальна сёння змякчэнне палітычнага рэжыму. Так што ў рукі бярэцца звыклая пуга.

23 траўня на нарадзе па ахове здароўя Лукашэнка загадаў разабрацца з медыкамі, якіх прымалі на вучобу ў рамках мэтавага набору: «І ніякіх адгаворак пасля таго, як адвучыўся. Ты павінен пяць гадоў там адпрацаваць. Замуж, яшчэ кудысьці там... Гэта не прымаецца».

Ён зноў запатрабаваў дамагчыся абавязковай адпрацоўкі ад выпускнікоў-мэтавікоў, паўтарыўшы ўпадабаную формулу: «Замуж не замуж, усё роўна адпрацаваць трэба. < ... > І гэты час павінен быць салідным. Не два-тры гады, а мінімум пяць гадоў».

Так, мэтавікоў прасцей прымушаць, але стаўка на такі палегчаны (конкурс ніжэй) варыянт паступлення ў ВНУ можа ўплываць на якасць кадраў. Аднак тут таксама не да тлушчу.

Пры гэтым на нарадзе Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць справядлівае стаўленне да абітурыентаў пры паступленні, уключыўшы той жа папулізм: «Падкрэслю: памылак або, не дай бог, злоўжыванняў тут быць не павінна. Вы маю пазіцыю ведаеце: павінна быць справядліва і зразумела для людзей».

З нагоды ж скандалу вакол падліку балаў на ЦЭ прагучала: «Калі дапусцілі памылку, трэба яе прызнаць. Чаго мы хаваемся і віхляем хвастом перад грамадствам? Дапусцілі памылку? Так, дапусцілі — выправілі, своечасова паправілі, дзякуючы тым жа людзям, якія на гэта адрэагавалі. Не трэба хавацца і чагосьці баяцца».

Увогуле, той выпадак, калі можна бліснуць нібыта дэмакратызмам і зваротнай сувяззю. Але ў 2020-м, калі разабрацца, людзі таксама адрэагавалі на лічбы — гаворка ішла пра сфальсіфікаваныя вынікі выбараў. Аднак там ужо кіраўніку было не да папулізму: незадаволеныя атрымалі і працягваюць атрымліваць дубінкай па галаве. Улада — гэта святое.

Пры гэтым выбарчыя камісіі, якія малююць заўгодныя правадыру вынікі ў пратаколах, шмат у чым фармуюцца менавіта са школьных педагогаў. Нелаяльных, «занадта разумных» з іх шэрагаў пастараліся вычысціць, астатніх затуркалі, ператварылі ў пакорлівую палітычную абслугу рэжыму. І гэта — адзін з самых сумных момантаў дэградацыі, маральнага падзення адукацыйнай сферы.