Лукашэнка ўсё ж памілаваў Соф’ю Сапега, яе перадалі расійскаму губернатару

Грамадзянку Расіі Соф’ю Сапега перадалі 7 чэрвеня з папраўчай калоніі ў Гомелі дэлегацыі Прыморскага краю, якую ўзначальвае губернатар Алег Кажамяка. Кажамяка, які знаходзіўся з дзяржаўным візітам у Беларусі, асабіста сустрэў яе.

opera_snimok_2023_06_07_184323_nashaniva.com.png


«Па нашым звароце ўчора Аляксандр Рыгоравіч падпісаў загад аб памілаванні. Думаю, што такі крок мае і для цябе значэнне», — звярнуўся да Соф’і Алег Кажамяка, піша БелТА.

Сапега, па інфармацыі БелТА, падзякавала Лукашэнку «за тую магчымасць, якую ён ёй даў», «за магчымасць вярнуцца дадому», «за другі шанец».

«Ён [шанец] дадзены быў далёка не ўсім, а мне сапраўды вельмі пашанцавала», — сказала Соф’я.

Алег Кажамяка пажадаў дзяўчыне, «каб яе далейшае жыццё было шчаслівым». «Няма нічога лепшага, чым на волі займацца любімай справай», — сказаў губернатар.

Соф'я Сапега была асуджана ў Беларусі на 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў: «Распальванне варожасці і варажнечы» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса) і «Незаконнае збіранне інфармацыі аб прыватным жыцці» (частка 1 артыкула 179 КК).

Сапега нарадзілася ў Расіі, але вырасла ў Беларусі, куды пераехала яе маці, а затым вучылася ва ўніверсітэце ў Вільні, дзе ўжо пасля арышту атрымала дыплом юрыста.

Соф'ю Сапега затрымалі ў траўні 2021 года пасля пасадкі ў Мінску рэйса «Ryanair» (Афіны — Вільня) разам з Раманам Пратасевічам. 3 траўня Пратасевіча прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі па «справе Nexta», а потым яго памілавалі.

Соф'я Сапега адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі. Яна заплаціла праз бацьку штраф у 175 тысяч беларускіх рублёў (каля 68 тысяч долараў), які спагнаў суд на карысць больш як 70 пацярпелых сілавікоў, чыноўнікаў і суддзяў.

Нягледзячы на гэта ў памілаванні Соф'і было адмоўлена.

Па словах адваката Гашынскага, такіх маштабных прысудаў — па колькасці пацярпелых і памеры прысуджанага штрафу — да яе справы ў Беларусі не было.